5 чэрвеня ў слыннага літаратуразнаўцы, крытыка, перакладчыка, паэта, доктара філалагічных навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслава Рагойшы пачэсны юбілей — 80 гадоў. Пра гэтага чалавека можна напісаць цэлую кнігу, але на гэты раз Вячаслаў Пятровіч згадаў для чытачоў «Звязды» ўсяго дзесяць цікавостак са сваёй біяграфіі, дзесяць незвычайных сустрэч і запамінальных падзей.
— Памятаю, аднойчы ў Доме творчасці «Іслач» мы сядзелі ў так званай «Белавежскай гасцёўні»... І чамусьці пачаліся ўспаміны ваеннай пары. І я згадаў, як маці мяне, малога, у сваіх бацькоў перахоўвала, у Юрацішкаўскім раёне (цяпер Іўеўскі), у вёсцы Круплі, бо на Ракаўшчыне, дзе стаяў вялікі нямецкі гарнізон, жыць сям'і былога старшыні калгаса было небяспечна. А Круплі — гэта заходняя ўскраіна Налібоцкай пушчы. Хата стаяла на скрыжаванні, і якраз добра было сачыць, ці немцы ідуць... Ды і сям'я была, як кажуць, настроеная на ўсход. Асабліва мой дзед Антон цікавы, ён быў кравец, абшываў усю акругу. Іграў на скрыпцы, быў паляўнічым. І прыдумваў такія... прынагодныя вершы. Без вершаў за стол не садзіўся. І вось тую хату партызаны ўпадабалі. З таго часу — хоць было мне пару гадоў — я запомніў смак цукру. Часам партызаны пасля нейкай удалай аперацыі ці проста так прыносілі некалькі кавалачкаў і частавалі мяне. Вось я расказваю гэта ў Іслачы, і тут падключаецца пісьменнік Валянцін Тарас — а ён жа ў пятнаццаць гадоў пайшоў у партызаны. І аказалася, што ён у тым самым атрадзе быў. Я не паспеў пра дзеда расказаць, як Валянцін яго ўспомніў: і як той абшываў партызан, і як вершаваныя показкі прамаўляў, і як на скрыпцы іграў. Аказалася, ён запомніў і таго белагаловага хлопчыка, гэта значыць, мяне, які тупаў каля ног партызан, і яго частавалі цукрам... Такое супадзенне!
— Пасля вайны маці са мной пераехала на Ракаўшчыну, спачатку ў вёску Пярэжары. Бацька вярнуўся з фронту, і яго прызначылі старшынёй Выганіцкага сельсавета.
1949-ы — год вялікага пералому. І бацьку пасля пасады старшыні сельсавета ставяць старшынёй калгаса. Бацька згадзіўся, хоць гэта быў перыяд, калі шасталі навакол «лясныя браты». У Круплях, калі пачалі арганізоўваць калгас, селяніна-бедняка, які згадзіўся быць старшынёй, ноччу прыйшлі і застрэлілі. І яго, і жонку, і траіх дзяцей. Маці ведала пра гэта, кажа бацьку: «Ні блізка, не станавіся...» А начальства яго ставіць сілай. Тады маці што? Аб'явіла галадоўку. Так, яна такая, у яе кроў трохі шляхецкая была. І два тыдні ляжала, не ела, не піла... Ну, магчыма, ноччу недзе яна ўставала, і ваду піла, і трохі ела... Але ляжала цэлымі днямі. Прыязджалі начальнікі з Радашковічаў, палохалі... Маці: «Тады разводзьце нас, бо ўсё адно бацьку заб'юць, сіратой сына пакінуць». Адным словам, важдаліся, важдаліся, урэшце знайшлі нейкага напаўпісьменнага былога партызана, яго і паставілі старшынёй. А бацьку прызначылі бухгалтарам. Маці на гэта згадзілася. Але тут ніхто не хоча пускаць у хату бухгалтэрыю калгасную... Баяцца, што хату спаляць «лясныя браты». І ў нас, у недабудаванай хаце, размясцілася тая бухгалтэрыя. У пакойчыку, дзе яна была, ноччу я спаў, раніцой пасцель прыбіралі, і ўжо бухгалтэрыя працуе, людзі ходзяць. Можаце ўявіць — перыяд арганізацыі калгаса. І плач, і смех, і кепікі, як у дзеда Шчукара... Як ва «Узнятай цаліне» Шолахава...
Хопіць Рагойшам і аднаго матэматыка
— Скончыў я школу ў 1958-м. З медалём. Куды далей? Быў у мяне настаўнік матэматыкі, Мікалай Андрэевіч Мяцельскі, ён з мяне рабіў матэматыка. Вазіў на алімпіяды. Але я пачаў пісаць вершы і друкавацца ў радашковіцкім «Сцягу Ільіча». Якраз у «Сцяг Ільіча» прыехаў на працу Адам Мальдзіс пасля заканчэння аддзялення журналістыкі нашага філфака. Ён мяне пачаў выклікаць на пасяджэнні літаратурнага аб'яднання, якім кіраваў, а прыязджаючы ў Ракаў, заходзіў у школу. Мяне выклікаюць да дырэктара, я іду, баючыся, што ж я там нарабіў, а там Мальдзіс. І паўтарае: «Усё, давай на філфак, на беларускае аддзяленне». Невядома, як усё склалася б... Але быў у мяне дзядзька Антось. Ён скончыў Гродзенскі педінстытут, матэматычны факультэт, працаваў нават дэканам факультэта адукацыі малодшых класаў. Ён вучыўся разам з мовазнаўцам і пісьменнікам Фёдарам Янкоўскім, сябравалі. Вось прыехаў да нас дзядзька Антось, я кажу: «Не ведаю, што рабіць: Мальдзіс раіць на філфак, Мяцельскі — на матфак...» Дзядзька кажа: «А ну, паехалі да Янкоўскага...» Мы паехалі ў Мінск... Янкоўскі жыў на вуліцы Чырвоная, на чацвёртым паверсе. Я ні жывы, ні мёртвы, мой жа лёс вырашаецца... Дзядзька пачаў раіцца: у пляменніка матэматыка добра атрымліваецца... А Янкоўскі: «У мяне таксама добра атрымлівалася». Дзядзька кажа: «Я хацеў бы, каб ён на матэматычны факультэт пайшоў, і настаўнік раіць...» А Янкоўскі: «Для Рагойшаў хопіць і аднаго матэматыка», — і на дзядзьку паказаў. На гэтым размова скончылася. Так і быў вырашаны мой лёс.
— Выкладчыкі ва ўніверсітэце былі ў нас выдатныя: Ларчанка, Навуменка, Лойка, Александровіч, Яфімава... А ў 1961-м, помню, лекцыя па палітэканоміі, нудная такая. Раптам расчыняюцца дзверы, і Жэня Радкевіч, — які тады ўжо падрабляў у газеце — крычыць: «Нашы ў космасе!». Ніхто яшчэ гэту навіну не ведаў, толькі яе па тэлетайпе ў газеты перадалі. Тут мы ўсе сарваліся з месцаў, выкладчык дарэмна нас супакойваў. Выскачылі на праспект, а там пачалася ўжо працэсія, людзі аднекуль дазналіся пра палёт Гагарына, пачалі выбягаць, музыка...
А ў 1962-м паехаў я ў Адэскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Мечнікава на студэнцкую навуковую канферэнцыю з дакладам пра Коласа-перакладчыка. А са Львова прыехала на тую ж канферэнцыю Таццяна Вячаславаўна Кабржыцкая. І ў той жа секцыі яна чытала даклад пра пераклад «Лясной песні» Лесі Украінкі на рускую мову. Там, у Адэсе, мы і пазнаёміліся, упадабалі адзін другога, каб праз пяць гадоў стаць мужам і жонкай.
— У БДУ заўсёды была ваенная кафедра. З нас рыхтавалі артылерыстаў. Але калі мы вучыліся на чацвёртым курсе і заставалася прайсці толькі летнюю вайсковую стажыроўку, пачаліся хрушчоўскія перамены: скарачэнне арміі, ліквідацыя ваенных кафедр у ВНУ. Так мы і не скончылі поўны курс «ваенкі». Аднак прыйшоў час службы ў арміі «дзяцей вайны», якіх засталося вельмі мала. Вось і «забралі» мяне з другога курса аспірантуры. Пайшоў я служыць на два гады... У Гродна мяне паслалі, у мотапехоту. І паколькі я ў роце быў адзін з вышэйшай адукацыяй, уручылі мне гранатамёт. А тады іх толькі ўводзілі ў армію. Як цяпер помню — РПГ-7, адзін на роту... Праўда, у той год выйшла пастанова аб скарачэнні салдацкай службы на год. Нам, аспірантам, уручылі юбілейныя медалі «Двадцать лет Победы советского народа в Великой Отечественной войне 1941—1945 гг.» і дэмабілізавалі.
— Быў 1974-ты. Адслужыўшы год у арміі, я застаўся радавым... А тут было вырашана: членаў творчых саюзаў з вышэйшай адукацыяй, якія не маюць афіцэрскага звання, прызваць на зборы, каб прысвоіць ім званне лейтэнанта. Я ў той час ужо быў дацэнтам БДУ, членам Саюза пісьменнікаў СССР. Мяне выклікалі ў Саюз пісьменнікаў і прапанавалі выбраць час стажыроўкі і вайсковую акругу. Па часе я выбраў верасень і кастрычнік, калі студэнты на бульбе. А па месцы — я ведаў, што ў час вайны Якуб Колас жыў у Ташкенце, друкаваўся ў газеце «Фрунзенец». Я спадзяваўся, што там засталіся невядомыя матэрыялы. Прыкінуў, што Ташкент — Сярэднеазіяцкая акруга, так і запісаў у заяўцы, а ў дужках — «Ташкент». І вось за тыдзень да першага верасня ў Ракаве збіраюся ў грыбы, узяў кошык — пад'язджае ваенная машына, выходзіць палкоўнік... Аказваецца, мяне шукалі ў Мінску, не маглі знайсці... І палкоўнік дае прадпісанне: да першага верасня быць у Алма-Аце. Я кажу: «А чаму не ў Ташкенце?» — «Дык вы ж самі напісалі: «Сярэднеазіяцкая акруга...»— «А што, гэта не ў Ташкенце?» — «Не, у Алма-Аце!» І адправілі Рагойшу ў Алма-Ату, у рэдакцыю акружной газеты «Боевое знамя». Але ў Ташкент я таксама заехаў, пазнаёміўся са Сцяпанам Ліхадзіеўскім, беларускім паэтам, доктарам навук, спецыялістам па французскай літаратуры. Яго ў 1920-я саслалі ў Сібір, а пасля не дазволілі вярнуцца на радзіму, і ён аказаўся ў Ташкенце, у час вайны сустракаўся там з Коласам. Так што Ташкент я ўсё роўна пабачыў.
Максім Танк завочны і відавочны
— Я напісаў кандыдацкую дысертацыю па паэтыцы Максіма Танка. Пісаў некалькі гадоў, але з Танкам не сустрэўся ні разу. Здалёку бачыў, недзе на сходах... Саромеўся падысці. У 1968-м на аснове дысертацыі выйшла мая кніжка «Паэтыка Максіма Танка». Я адважыўся паслаць яму гэтую кнігу. І перад Новым годам атрымаў адказ: «Шчыра Вам дзякую за Навагоднія пажаданні, а таксама — за «Паэтыку...», якую прачытаў з вялікай цікавасцю, у якой Вы ўпершыню так глыбока заглянулі ў маю паэтычную лабараторыю і па-новаму прачыталі шмат якія творы. Ключом тонкага аналітыка Вы раскрылі некаторыя зашыфраваныя замкі маіх вершаў, міма якіх праходзілі шматлікія крытыкі і даследчыкі». У мяне ад сэрца адлягло... А ў 1969 годзе мяне ўжо прымалі ў Саюз пісьменнікаў, і Танк уручаў мне білет, ціснуў руку. Кажа: «Дык вось вы які, Вячаслаў Пятровіч!». Ну а пасля мы з ім часта бачыліся, гутарылі... Калі я вёў перадачу «Тэлебібліятэка», ездзіў да яго на Нарач. Урэшце і праводзіў яго ў апошні шлях. Мяне яшчэ і зрабілі старшынёй камісіі па яго творчай спадчыне.
— Згадаю пра адшуканне трох родных сясцёр пісьменніка Сяргея Палуяна, чалавека, пра якога невядома было нават, дзе ён нарадзіўся і калі... Удалося мне зачапіцца ў музеі Янкі Купалы за адзін ліст, дасланы з Ленінабада (гэта цяпер узбекскі Хаджэнт), і выйсці на сястру Сяргея Людмілу, якая жыла ў Кіеве. Другая сястра, Ангеліна, жыла ў Рызе, трэцяя, Надзея, у Ленінградзе. Ім усім было далёка за восемдзясят. Мы тады з Таццянай Вячаславаўнай, хоць у нас ужо было трое дзяцей, пакінулі іх на нашых знаёмых і паехалі ў Кіеў, з Кіева зноў вярнуліся ў Мінск, каб убачыцца з дзецьмі, а потым — у Рыгу, з Рыгі — у Ленінград. І дзякуй богу, бо дзве сястры праз некалькі месяцаў адышлі. Мы тады падрыхтавалі зборнік Палуяна «Лісты ў будучыню» і кнігу пра яго «Слядамі знічкі». Што датычыць Надзеі Епіфанаўны Палуян, да гэтага часу ў Пецярбургу жыве яе дачка, Зінаіда Уладзіміраўна, 1926 года нараджэння. Мы былі ў іх разы два ці тры, нас хораша прымалі... Спяклі нам пірог са словам «Сябры». Да гэтага часу перазвоньваемся.
— Не магу не згадаць і тое, пра што ўжо распавядаў... У 1966 годзе, пасля вяртання з арміі, я пазнаёміўся з Уладзімірам Караткевічам. Нас звёў Адам Мальдзіс, яны ўдвух прыйшлі да мяне ў аспіранцкі інтэрнат. У чэрвені 1967-га я запрасіў Караткевіча на абарону сваёй дысертацыі, дзе ён замаляваў увесь працэс абароны. У тым жа 1967-м, у лістападзе, ён быў на нашым з Таццянай Кабржыцкай вяселлі ў Ракаве. Там упершыню ўсіх пазнаёміў са сваёй будучай жонкай, Валянцінай Браніславаўнай.
Да канца яго жыцця мы сябравалі, жылі доўгі час у адным доме. Зрэшты, наша знаёмства я апісаў у кнізе «Дзесяць саг пра Караткевіча», якую яшчэ можна набыць у крамах.
— Дзякуй Богу, што дажыў да такіх гадоў! Ніколі я не думаў, што дажыву. І бацькі мае не думалі. Паколькі нарадзіўся я ў ваенны час, гадаваўся ў партызанскай зоне, дзе і дактароў не было, і лекаў не было... Выратавала карова. І я заўсёды, калі іду на Камароўскі рынак, пагладжу бронзавую кароўку, якая там стаіць. Колькі яна выратавала людзей, гэтая жывёлінка!... Партызаны часам частавалі тым-сім, лекі прыносілі... Але я цяжка хварэў з першых месяцаў жыцця. Здаралася пару разоў, думалі, нічога не будзе. У народзе ёсць звычай: калі нічога ўжо дзіцяці не дапамагае, тады адкупляюць яго. Даюць маці некалькі капеек, і лічыцца, што ў яго новае жыццё. Маміна родная сястра, цёця Шура, яна ж мая хросная, двойчы мяне «адкупляла». І неяк на выздараўленне пайшло...
Запісала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyachaslau-ragoysha
[4] https://zviazda.by/be/tags/yubiley
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura