Лета сёлета пачалося неяк нясмела, у першы тыдзень было нават халаднавата. Але цяпер яно бярэ сваё. Слупкі тэрмометраў з кожным днём усё вышэйшыя, а на змену плашчам і чаравікам прыйшлі басаножкі, лёгкія сукенкі і капелюшы. Чэрвеньскае сонца ўсяляк спрабуе кампенсаваць недахоп цяпла. Тэмпература вады ў рэках і вадаёмах працягвае павышацца, а гэта значыць, што купальны сезон не за гарамі.
Тыдзень працягне радаваць жыхароў нашай краіны цяплом. Тэмпературны фон большасці дзён тыдня будзе вышэйшы за кліматычную норму, толькі да выхадных, пры зрушэнні франтальнага падзелу праз нашу тэрыторыю, тэмпература паветра ўвойдзе ў свае кліматычныя рамкі, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Паказчык таго, што да нас прыйшло сапраўднае лета, — цёплыя ночы. Яны будуць дастаткова цёплыя ўжо ў сераду. У гэтыя суткі ўначы будзе без істотных ападкаў, раніцай і ўдзень месцамі па паўночна-заходняй палове краіны кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Уначы паветра прагрэецца да плюс 10 — плюс 17 градусаў, днём слупок тэрмометра дасягне 23—30 цяпла.
У чацвер будзе душна ўначы і горача днём. У гэты дзень месцамі па паўночна-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 12—18 градусаў, удзень — плюс 23—30 градусаў. Па поўдні краіны паветра прагрэецца да плюс 32 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу месцамі, пераважна па паўночна-заходняй палове краіны, чакаюцца кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Уначы тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 13 да плюс 18 градусаў. Удзень слупок тэрмометра дасягне 24—30 цяпла, па паўднёвым усходзе — плюс 32 градусаў, а па крайнім захадзе будзе халаднавата — плюс 20—23 градусы. Да суботы тэмпература ўвойдзе ў нармальнае рэчышча ўначы, ды і днём будзе больш камфортна. Але ўначы месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 11—17 градусаў. Максімальная тэмпература ўдзень — плюс 19—26 градусаў, а па паўднёвым усходзе — да 28 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-palyuhovich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[5] https://zviazda.by/be/tags/leta
[6] https://zviazda.by/be/tags/temperatura-pavetra
[7] https://zviazda.by/be/tags/navalnicy