Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і канцэрн «Беллегпрам» запрашаюць таленавітых маладых людзей, якія займаюцца дызайнам, мадэляваннем і канструяваннем адзення, прыняць удзел у новым рэспубліканскім конкурсе эскізаў дызайну вырабаў і сувеніраў з выкарыстаннем элементаў дзяржаўнай сімволікі, беларускага арнаменту і культурных сімвалаў «За любімую Беларусь!».
У конкурсе могуць прымаць удзел дызайнеры-аматары, навучэнцы і студэнты, якія атрымліваюць прафесію ў галіне лёгкай прамысловасці, а таксама дызайнеры-прафесіяналы.
У якасці конкурсных работ прымаюцца эскізы мадэляў адзення, аксесуараў і сувеніраў для выкарыстання ў паўсядзённым жыцці, выкананыя па апошніх тэндэнцыях моды з выкарыстаннем элементаў і кветак дзяржаўнай сімволікі Беларусі, якія адлюстроўваюць сучасны погляд і крэатыўнае рашэнне. Эскізы могуць быць выкананы ў любой тэхніцы, з апісаннем мадэлі, у фармаце А4 ці A3. Вітаецца творчы пошук і наватарства.
Заяўкі на ўдзел у конкурсе разам з эскізамі можна даслаць да 20 жніўня на электронны адрас: brsm@іnbox.ru (электронны варыянт) альбо на адрас: 220030, г. Мінск, вул. К. Маркса, 40, Рэспубліканскі дом моладзі, аддзел праектнай дзейнасці ЦК БРСМ з пазнакай «У ОПД — Конкурс вырабаў» (арыгінальны варыянт). Кантактны тэлефон для растлумачэння ўзніклых пытанняў — 8 (017) 222 31 46.
У заяўцы неабходна ўказаць: прозвішча, імя, імя па бацьку дызайнера работы, намінацыю, у якой ён жадае ўдзельнічаць, навучальную ўстанову (цалкам) / месца працы (пасада), нумар кантактнага тэлефона, электронны адрас, невялікую інфармацыю аб тым, што натхніла на стварэнне эскіза, а таксама аб асаблівасці мадэлі (дызайн, сімвалічнасць, аздабленне, колеравае рашэнне).
Вынікі праекта плануецца падвесці ў другой палове верасня па наступных намінацыях:
«Найлепшая дызайнерская прапанова камплекта адзення для моладзі (мужчынская і/або жаночая) з айчыннай сыравіны з выкарыстаннем элементаў дзяржаўнай сімволікі Беларусі»; «Найлепшы дызайн касцюма (стыль «экалагічны»); «Найлепшы дызайн (любы выраб), прымеркаваны да Года гістарычнай памяці»; «Найлепшы дызайн сувенірнай прадукцыі»; «Найлепшы арыгінальны дызайн».
Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі і запрошаны на прэзентацыю сваіх распрацовак на 46-ю Міжнародную выставу па аптовым продажы тавараў лёгкай прамысловасці BelTEXІndustry-2022. Акрамя таго, на выставе маладыя таленты змогуць атрымаць магчымасць рэалізацыі сваіх конкурсных работ на прадпрыемствах «Беллегпрама», а таксама сумесна з БРСМ у рамках тэматычных праектаў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Фота з сайта БРСМ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[6] https://zviazda.by/be/tags/bellegpram-2