У суботу ў эфіры сацыякультурнага канала зможам убачыць фільм рэжысёра Аляксея Коранева, які знялі ў 1972 годзе. Бліскучая меладрама пра вучняў вячэрняй школы зрабіла зоркамі многіх маладых акцёраў.
Тут зняліся Ралан Быкаў, Яўгеній Леонаў, Аляксандр Збруеў, Святлана Кручкова, Людміла Касаткіна і іншыя артысты, чые імёны сталі гісторыяй многіх вядомых і любімых кінастужак. Што датычыцца «Вялікай перамены», то фільм стварылі па матывах аповесці Георгія Садоўнікава «Іду да людзей». Паводле сюжэта, малады аспірант-гісторык Нестар Севераў у запале ад сваркі з каханай дзяўчынай вырашае пакінуць навуку і ідзе працаваць у вячэрнюю школу. Там яго ставяць класным кіраўніком 9 «А». І, спачатку далёкі ад усяго, што адбываецца навокал, паступова Нестар Пятровіч пачынае захапляцца працай і ўнікаць у клопаты сваіх дарослых вучняў. Герой кінастужкі ўвесь час трапляе ў розныя камічныя сітуацыі з-за таго, што вучні яго альбо равеснікі, альбо старэйшыя за яго. Аднак прыстойнасць, дабрыня і любоў да прафесіі дапамагаюць настаўніку заваяваць аўтарытэт сярод тых, за каго ён у адказе. А ўзаемаадносіны з вучнямі вучаць яго жыццю, што ў выніку дапамагае яму вярнуцца да сваёй нявесты...
Дарэчы, спачатку фільм хацелі назваць «Прыгоды школьнага настаўніка», але калі ў Міністэрстве адукацыі такая назва выклікала незадавальненне, то аператар Анатоль Мукасей прапанаваў варыянт «Вялікая перамена». Што да прэтэндэнтаў на галоўную ролю (якая ў выніку дасталася Міхаілу Конанаву) у кінастужцы, то тут сябе спрабавалі таксама Канстанцін Райкін і Андрэй Мягкоў. Аднак апошні адмовіўся, паколькі рэжысёр не пагадзіўся здымаць яго жонку Анастасію Вазнясенскую. Што да здымак, то многія эпізоды былі адзняты на «Масфільме», а школьныя сцэны з'явіліся ў сценах Маскоўскага педагагічнага ўніверсітэта. Таму, калі ёсць жаданне згадаць любімыя эпізоды фільма і дыялогі яго герояў, а таксама ўспомніць, якім было жыццё паўстагоддзя таму, не прапусціце кінасеанс на «Беларусь 3» 11 чэрвеня.
Алена ДРАПКО
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/kino
[6] https://zviazda.by/be/tags/kultura