Якасць і бяспеку спартыўных аб’ектаў у Гомельскай вобласці праверылі падчас семінара-нарады Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі. Семінар прайшоў у рамках рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» ў сферы фізічнай культуры і спорта. У семінары прынялі ўдзел міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук і намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. Галоўнымі лакацыямі сталі спартыўныя дзіцяча-юнацкія школы Хойнік, Мазыра і Калінкавічаў.
Удзельнікі семінара пазнаёміліся са спартыўнай інфраструктурай Гомельскага рэгіёна. Таксама адпрацавалі на практыцы дзеянні пры атрыманні спартсменам траўмы падчас вучэбна-трэніровачных заняткаў па футболе, вывучылі алгарытм аказання неадкладнай дапамогі пры патапленні падчас правядзення вучэбна-трэніровачных заняткаў па плаванні ў басейне, разгледзелі магчымасці эвакуацыі пры надзвычайнай сітуацыі.
«Пытанні, якія ўзнімаюцца на семінары, вельмі важныя для грамадства, важныя для жыцця. Я не першы раз знаходжуся на гэтых спартыўных аб’ектах. Ёсць станоўчая розніца, ёсць дынаміка, на гэтых аб’ектах ёсць парадак. Не ўсюды ёсць тое, што павінна быць. Але ёсць самае галоўнае — наведзены ўсюды парадак, ёсць дысцыпліна. Наша задача — навесці такі парадак на ўсіх нашых спартыўных аб’ектах. У нас велізарная колькасць спартыўных збудаванняў, спартыўных аб’ектаў. За апошнія гады зроблена так шмат. Мы на мінулым тыдні наведалі Столін — там выдатныя спартыўныя аб’екты. Кожнай вобласці ёсць чым пахваліцца. Ёсць яшчэ дзіцячыя спартыўныя-юнацкія школы, якія знаходзяцца ў больш горшым стане. Але я спадзяюся, што і на гэтых спартыўных аб’ектах, мы хутка агульнымі намаганнямі навядзём парадак. Галоўнае не ленавацца, самім прыкладаць намаганні», — адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, адкрываючы пленарнае пасяджэнне семінара.
Кажучы пра бяспеку спартыўных аб’ектаў, міністр падкрэсліў, што за гэтыя пытанні кожны кіраўнік на сваім месцы нясе персанальную адказнасць. Начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Павел Старасвецкі дадаў, што бяспека і дысцыпліна былі і застаюцца асноватворнымі задачамі кожнай спецыялізаванай установы пры падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву і перадачы яго ў вышэйшае звяно.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота міністэрства спорту і турызму
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-sportu-i-turyzmu
[4] https://zviazda.by/be/tags/seminar-narada
[5] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kavalchuk