Сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістраваліся 61 785 абітурыентаў. У мінулым годзе ўдзельнікаў ЦТ было крыху больш — 62 618 чалавек.
Самымі масавымі выпрабаваннямі традыцыйна будуць ЦТ па рускай мове і матэматыцы. Пад іх правядзенне «забраніравана» па два дні. На рускую мову зарэгістраваліся больш за 50,3 тысячы чалавек, на матэматыку — 33,8 тысячы. А стартуе ЦТ 14 чэрвеня з беларускай мовы.
Абітурыенты павінны прыбыць у пункт правядзення ЦТ не пазней, чым за 30 хвілін да пачатку цэнтралізаванага тэсціравання. Пасля ўскрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі абітурыенты, якія спазніліся, у аўдыторыю не дапускаюцца.
З сабой трэба мець пропуск і дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства, даведку аб страце пашпарта). Ніякія іншыя дакументы і копіі не падыходзяць. Таксама трэба прыхапіць з сабой дзве чорныя гелевыя або капілярныя ручкі (лепш пераканацца загадзя, што яны добра пішуць).
Рассадка ў аўдыторыях прадугледжваецца камфортная і бяспечная. Папера для рабочых запісаў выдаецца абітурыентам на ўсіх экзаменах у неабходнай колькасці. Пытанні абітурыентаў па змесце педагагічных тэстаў у экзаменацыйнай аўдыторыі не разглядаюцца. Заўвагі ўносяцца ў пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання з указаннем нумара варыянта педагагічнага тэста, нумара задання і зместу заўвагі.
Калькулятарам на ЦТ дазваляецца карыстацца толькі на ЦТ па фізіцы і хіміі. Пад калькулятарам арганізатары разумеюць электронную вылічальную прыладу для выканання аперацый над лічбамі, якая не з’яўляецца сродкам захоўвання, прыёму і перадачы інфармацыі. Калькулятар не павінен мець літар любога алфавіту на клавішах, раз’ёмаў, слотаў і правадоў.
Датэрміновая здача экзаменацыйных матэрыялаў спыняецца за 15 хвілін да завяршэння часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста. Адказны арганізатар інфармуе абітурыентаў за 15 і 5 хвілін аб заканчэнні часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста. У кожнай экзаменацыйнай аўдыторыі на сцяне вісіць вялікі гадзіннік. Гэта агульнае патрабаванне для ўсіх аўдыторый, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. Таму ва ўсіх ёсць магчымасць сачыць за часам.
У тым выпадку, калі самаадчуванне рэзка пагоршыцца, гэты факт абавязкова павінен засведчыць медыцынскі работнік. З медыцынскай даведкай абітурыенту будзе дадзена магчымасць пераздаць гэту дысцыпліну ў рэзервовы дзень. Але падоўжыць тэрмін выканання тэставай работы арганізатары, якія прысутнічаюць у аўдыторыі, не маюць права.
Ці можна ў экстранным выпадку выйсці з экзаменацыйнай аўдыторыі ў прыбіральню? Ніхто гэтаму перашкаджаць не будзе. Абітурыент здае сваю экзаменацыйную работу арганізатарам, затым у суправаджэнні супрацоўніка ён можа пакінуць аўдыторыю, вярнуцца і прадоўжыць выпрабаванне. Аднак абітурыент пры гэтым губляе час, які даецца для выканання тэста.
Трэба мець на ўвазе, што сёлета ў інтарэсах абітурыентаў было прынятае рашэнне павялічыць на 30 хвілін час выпрабаванняў па фізіцы і матэматыцы. Калі казаць аб матэрыялах ЦТ, то на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў размешчана спецыфікацыя тэстаў. Абітурыенты маглі з ёй азнаёміцца, прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне афлайн і анлайн і пераканацца, што істотных змяненняў у плане складанасці і структуры тэстаў не адбылося. «Абітурыенты могуць спакойна рыхтавацца да здачы ЦТ, прыйсці, паказаць свае школьныя веды, і гэтага будзе дастаткова», — сцвярджаюць арганізатары ЦТ.
Дарэчы, летась абсалютны вынік — 100 балаў — атрымалі на цэнтралізаваным тэсціраванні 379 чалавек па 13 вучэбных прадметах. З іх двойчы па сто балаў здолелі набраць 24 абітурыенты. Да трох стабальных сертыфікатаў ніхто не дацягнуў, хоць былі абітурыенты, якія набралі ў суме 298 балаў. І 355 абітурыентаў атрымалі 100 балаў па адным вучэбным прадмеце. Такім чынам, усяго было выдадзены 403 стабальныя сертыфікаты.
Завершыцца асноўны этап ЦТ 6 ліпеня. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні — з 2 да 7 ліпеня. Але для таго каб быць дапушчанымі да здачы ЦТ у рэзервовыя дні, патрабуюцца ўважлівыя прычыны.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/adukacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/centralizavanae-tesciravanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyprabavannya