Штучны інтэлект, электронная працоўная кніжка, 3D-тэхналогіі, лічбавая адукацыя, электронныя паслугі, вынаходніцтвы для бяспекі дома і зручнасці штодзённых спраў... За пяць дзён работы Міжнароднага форуму ТІБА наведвальнікі ўбачылі навінкі і даведаліся пра напрамкі развіцця і будаўніцтва лічбавай будучыні ў самых розных галінах. Што існуе і плануецца для лічбавай трансфармацыі ў жыцці беларусаў, паглядзела карэспандэнт «Звязды».
Генеральны партнёр ТІБА сёлета — «Белтэлекам», які зладзіў на форуме маштабную выставу пад дэвізам «Белтэлекам — якасць жыцця». Аснова экспазіцыі — праекты разумнага горада, стварэнне і развіццё якіх — адзін з ключавых напрамкаў лічбавай эканомікі. Каб пашыраць спектр сваіх сэрвісаў, кампанія плануе працаваць па мадэлі «віртуальнага аператара», расказаў генеральны дырэктар «Белтэлекам» Юрый Петручэня:
— Сёння арганізацыя эксплуатуе 150 тысяч кіламетраў валаконна-аптычных ліній сувязі. На створанай тэхналагічнай базе кампанія рэалізоўвае комплексныя інавацыйныя рашэнні, у тым ліку для «разумнага горада». Ужо рэалізаваны паслугі «разумны дом» і «відэакантроль».
Сувязісты гатовыя прапаноўваць не асобныя элементы «разумнага горада», а паўнавартаснае комплекснае лічбавае рашэнне па чатырох кірунках: «разумны дом», «бяспека», «тэлеметрыя» і «гарадская інфраструктура».
«Разумны дом» дазваляе стварыць індывідуальны сцэнарый камфортнага пражывання і зберажэння рэсурсаў, больш за 52 тысячы гаспадарак ужо карыстаюцца гэтай паслугай. «Відэакантроль» — таксама ўжо досыць шырока распаўсюджаная паслуга, якой карыстаюцца амаль 160 тысяч спажыўцоў. На базе гэтай паслугі рэалізаваны контур бяспекі, а модуль відэааналітыкі дазволіць укараніць такія функцыі, як распазнаванне твараў і нумароў, падлік наведвальнікаў з дапамогай прылад «разумны шлагбаум», «разумная прахадная», «разумны дамафон», удакладніў Юрый Петручэня.
Пілотны праект па тэлеметрыі для ўліку спажывання камунальных рэсурсаў рэалізаваны ў Оршы. Дзякуючы контуру «гарадская інфраструктура» можна рэалізаваць праекты па кантролі напаўняльнасці смеццевых бакаў, адкрыцця і закрыцця люкаў, аўтаматызацыі асвятлення, датчыкаў паркоўкі і іншае.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва працуе над стварэннем галіновай лічбавай платформы сацыяльна-працоўнай сферы, якая будзе выступаць агрэгатарам камунікацыйных сістэм і фактычна мець аналітычны блок, каб рэалізоўваць комплексны прынцып аказання падтрымкі чалавеку, расказаў Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны:
— У сучасным свеце немагчыма абысціся без інфармацыйных тэхналогій, таму пад кожную з гэтых задач Мінпрацы створаны свае спецыфічныя сістэмы. Усё ўзаемадзеянне паміж сістэмамі адбываецца праз ААІС, да якой падключана каля 1000 спажыўцоў і штогод аказваецца каля 2 мільёнаў паслуг па 26 працэдурах, а сёлета іх з'явіцца яшчэ шэсць. Застануцца комплексныя працэдуры, выкананне якіх залежыць ад удзелу іншых органаў.
Індывідуальны персаніфікаваны ўлік застрахаваных асоб — інфармацыйны рэсурс, які ўлічвае ўсе перыяды працоўнай дзейнасці, калі ўзносы за работніка плаціў наймальнік ці сама асоба, а таксама сумы заробку, з якога выплачваліся страхавыя ўзносы.
— Пачынаючы з 2003 года пацвярджэнне працоўнага стажу і заробку для прызначэння пенсіі адбываецца толькі па гэтай праграме. Пакрысе гэтая інфармацыя пашыраецца — дадаюцца звесткі не толькі пра тое, калі працаваў чалавек, але і кім, які від працоўнага дагавора заключаны, прычыны звальнення. Такім чынам мы плануем стварэнне своеасаблівай электроннай працоўнай кніжкі, хаця заканадаўча яе статус не замацаваны. А адна з мэт — перайсці на электронны ўлік працоўнага стажу, у тым ліку нестрахавых перыядаў: навучанне, служба ў арміі і іншае. Калі гэта пройдзе на заканадаўчым узроўні, працоўная дзейнасць грамадзян будзе алічбавана да 1990 года, каб з часам пацвярджэнне працоўнага стажу для прызначэння працоўнай пенсіі было аўтаматызавана, — удакладніў намеснік міністра.
Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя распрацоўваецца электронны ліст непрацаздольнасці. Сёння дапамогу па часовай непрацаздольнасці выплачваюць наймальнікі, аднак за кошт сродкаў сацыяльнага страхавання. Каб выключыць удзел работніка ў гэтым працэсе, а наймальніка вызваліць ад выплат, плануецца, што ліст непрацаздольнасці будзе запаўняцца ў электронным выглядзе, а паведамленне пра гэта — накіроўвацца наймальніку, а з часам — і ў фонд сацыяльнай абароны, дзе на падставе звестак аб даходзе чалавека будзе разлічаны сярэдні дзённы заробак, нават калі асоба працуе ў некалькіх наймальнікаў. І чалавеку не трэба будзе збіраць выплаты па ўсіх месцах работы, а ён будзе атрымліваць толькі адну дапамогу ў той жа суме.
— Распрацоўваецца і пытанне аказання дзяржпадтрымкі ў праактыўным фармаце, калі мы зможам аналізаваць асобныя жыццёвыя сітуацыі. Пакуль гэта датычыцца пенсій па інваліднасці і сацыяльных пенсій дзецям-інвалідам, якія будуць пералічвацца на пошту ці ў банк, і чалавеку не трэба будзе звяртацца ў Мінпрацы, — дадаў Валерый Кавалькоў.
Летась была прынятая і стратэгія лічбавай трансфармацыі транспартнай дзейнасці да 2025 года, з улікам якой вызначаны тры асноўныя кірункі. Гэта стварэнне адзінай інфармацыйнай платформы транспартнай дзейнасці, якая будзе выступаць давераным інфармацыйным асяроддзем для абмену інфармацыяй паміж усімі ўдзельнікамі гэтай сферы і дзяржорганамі. Планамі па далейшай лічбавізацыі аб'ектаў транспартнай інфраструктуры, развіцці навуковых даследаванняў, скіраваных на лічбавыя тэхналогіі, і падрыхтоўцы кадраў падзяліўся Сяргей Дубіна, намеснік міністра транспарту і камунікацый:
— У межах галіны плануецца стварэнне адзінага інфармацыйна-аналітычнага сэрвісна-арыентаванага асяроддзя транспартнага комплексу, які будзе ўяўляць сабой сукупнасць узаемазвязаных лічбавых платформ, аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм, рэсурсаў і адпаведнай інфраструктуры. Асноўная крыніца фарміравання лічбавай інфраструктуры — даныя аэраздымак, выкананыя беспілотнікамі.
Прапрацоўваецца стварэнне рачной інфармацыйнай сістэмы, эфект ад якой дасягаецца за кошт збору ўсёй неабходнай інфармацыі аб судах і водных шляхах у рэжыме рэальнага часу. У межах гэтай сістэмы запланаваны пілотны праект акваторыі і калькулятар кошту рачных перавозак, які дапаможа патэнцыйным заказчыкам загадзя пралічыць кошт транспарціроўкі грузаў у межах краіны і за мяжой.
Прынята рашэнне аб распрацоўцы інтэграцыйнага модуля для рэалізацыі саюзнай праграмы на базе Аўтаматызаванай сістэмы ўліку і выдачы дазволаў на праезд перавозчыкаў Беларусі па тэрыторыі іншаземных дзяржаў — АІС «Дазвол». Гэта асноўны праграмны прадукт, які выкарыстоўвае транспартная інспекцыя. У перспектыве на базе АІС «Дазвол» мяркуецца стварэнне адзінай лічбавай платформы транспартнай інспекцыі.
Мінспорту сумесна з Мінадукацыі, Белдзяржуніверсітэтам фізкультуры і БНТУ стварылі навукова-адукацыйны кластар па інтэлектуальных тэхналогіях у спорце для ўкаранення ў практыку спорту навуковых распрацовак, заснаваных на найноўшых тэхналогіях, расказаў Руслан Варанкоў, начальнік галоўнага ўпраўлення планавання і арганізацыйнай работы Мінспорту і турызму:
— За 2020—2021 гады ў кластары прайшло больш як 200 тэсціраванняў спартсменаў па 18 відах спорту. Наступны кірунак дзейнасці па інфарматызацыі галіны — работа рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту, які сёлета ўкараніў аўтаматызаваную інфармацыйна-аналітычную сістэму «Электронная картка спартсмена», што дазваляе весці дасье на асобу: запаўняць пашпартна-дэмаграфічныя даныя і анамнез.
Сістэма дазваляе ствараць індывідуальны профіль спартсмена: ацэньваць яго якасці па сіле, вынослівасці, бачыць узровень падрыхтаванасці, выпрацоўваць рэкамендацыі трэнеру па карэкціроўцы мадэлі падрыхтоўкі і харчавання спартсмена па днях тыдня і з улікам яго ўзросту і індывідуальных асаблівасцяў.
Прадугледжана і стварэнне саюзнай праграмы — лічбавай платформы дыягностыкі спартыўна адораных дзяцей па інтэграваных паказчыках узаемадзеяння, што дазволіць атрымаць рэкардсмена, спадзяюцца ў Мінспорту.
Сумесна з нацыянальным кадастравым агенцтвам рэалізавана праграма ўкаранення тэматычнага слою «Беларусь спартыўная» на публічную кадастравую карту Беларусі. Зараз на карту нанесена інфармацыя пра 500 аб'ектаў.
Картаграфічныя сэрвісы створаны і ў Мінгарвыканкаме. Гэта, прынамсі, экалагічная карта горада, якая вядзе інвентарызацыю па адходах, складае маршруты, паказвае інтэрактыўныя кропкі на карце. Каб разумець, за кім замацаваны пэўныя тэрыторыі і аб'екты, быў створаны картаграфічны сэрвіс інтэрактыўнага замацавання тэрыторый. Гэты прадукт ёсць ужо ў Мінску, Гродне, а ў планах — маштабаванне на ўсю краіну.
Расказаць пра ўсе лічбавыя дасягненні ў межах аднаго артыкула проста немагчыма — застаецца сачыць за навінамі і спрабаваць лічбу на ўласным вопыце.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/tiba
[4] https://zviazda.by/be/tags/tehnalogii