Якімі б моцнымі не былі пачуцці мужчыны і жанчыны адзін да аднаго, у матэрыяльным свеце ёсць сіла, якая здольная на іх сур’ёзна паўплываць. Гэта грошы. Яны — «той трэці», які ніколі не бывае лішнім і якога нельга ігнараваць. Фінансавыя рознагалоссі, вельмі балючыя, часта зацяжныя і цяжкавырашальныя, могуць прывесці да поўнага краху шлюбу, ператвараюць калісьці кахаючых адзін аднаго партнёраў у злейшых ворагаў. Ці можа шлюб паміж марнатраўнай жанчынай і скнарлівым мужчынам стаць гарманічным? Як перажыць перыяды, калі даход сям’і змяншаецца, ці, наадварот, рэзка ўзрастае? Ці здольны агульны кашалёк умацаваць адносіны? Абмяркоўваем гэта і многае іншае з псіхолагам Таццянай Шаранда.
— Таццяна Міхайлаўна, ці ёсць нейкія даследаванні, якія б пераконвалі: самыя гарманічныя шлюбы заключаюцца паміж людзьмі аднаго і таго ж фінансавага статуту?
— Ёсць даследаванні, якія паказваюць на пэўныя заканамернасці ў адносінах мужчыны і жанчыны ў залежнасці ад іх фінансавага статуту. У партнёраў з параўнальна аднолькавым узроўнем даходаў шанец на пабудову гарманічнага звязу вышэйшы, чым у тых, хто мае вялікую розніцу. Але, зразумела, удалыя адносіны залежаць ад шматлікіх асобасных якасцяў спадарожнікаў жыцця, а таксама вонкавых сацыяльных фактараў. Напрыклад, партнёры могуць браць шлюб з аднолькавымі капіталамі, але ў аднаго гэта — вынік уласных сур’ёзных намаганняў, у другога — спадчына, нажытая бацькамі. Стаўленне да грошаў у іх, напэўна, будзе розным, а, такім чынам, ёсць глеба для наспявання канфлікту. Або іншая сітуацыя. Малады чалавек сярэдняга дастатку ажаніўся на заможнай дзяўчыне. Досыць хутка ён удала «раскручваецца», робіць сваю спадарожніцу фінансава незалежнай ад бацькоў і яшчэ пачынае дапамагаць і ім, і сваім родным. З такім мужчынам жанчына адчувае сябе абароненай, іх шлюб можа быць вельмі ўдалым.
— Калі мужчыну і жанчыне трэба пачынаць абмяркоўваць стаўленне да грошай, да іх размеркавання ў сям’і?
— Яшчэ да таго, як яны прымуць рашэнне аб сумесным пражыванні. Хоць, і ў гэтым выпадку, рызыка развалу адносін застаецца — бо на «букетна-цукерачным» этапе хочацца выглядаць у лепшым святле, а сутыкненне з рэальнасцю, калі даводзіцца і эканоміць, і часам адмаўляць сабе ў сваіх капрызах, можа ўнесці карэктывы ў падыход кожнага партнёра да грошай.
— Ці можа атрымацца моцная сям’я, калі ў шлюб уступае, напрыклад, марнатраўная жанчына, якая шпурляе грошы на вецер і скнарлівы мужчына, які звыкся эканоміць?
— Каб стварыць гарманічны звяз, трэба быць сталым і матываваным на яго стварэнне чалавекам. Калі ў загс ідуць проста ад нуды, або з-за таго, што няма з кім падарожнічаць, або «час прыйшоў», то, баюся, у такога шлюбу няма будучыні. І наадварот, калі марнатраўная жанчына будзе вельмі зацікаўлена захаваць адносіны, то яна зможа перагледзець свае ўяўленні, адмовіцца ад празмернага патурання сваім капрызам і стаць выдатным партнёрам. Тое ж самае можна сказаць і пра скнарлівага мужчыну.
— Сёння, каб абараніць свае фінансавыя інтарэсы, можна заключыць шлюбны кантракт. Чаму да яго па-ранейшаму звяртаюцца нямногія?
— Шлюбны кантракт, як і любое прававое пагадненне, мае плюсы і мінусы. Ён дае свабоду, забяспечвае бяспеку і разам з тым устанаўлівае абмежаванні, патрабуе адказнасці. Звычайна да кантракту звяртаюцца партнёры, якія ўжо пазбавіліся ілюзій, ведаюць, што такое здрада, маюць добрую матэрыяльную базу і ім ёсць што губляць. Да стварэння сям’і яны падыходзяць рацыянальна.Калі кожны з сужэнцаў разумее, што пастаўлена на кон у выніку разводу, гэта ў нейкай ступені падвышае шанцы гарманічных адносін. Чым можна растлумачыць непапулярнасць шлюбнага кантракту? Толькі тым, што ў шматлікіх маладых высокі ўзровень інфантыльнасці, сацыяльнай і асобаснай няспеласці, іх адносіны часта будуюцца толькі на біяхімічнай рэакцыі арганізма. Мужчыны менш меркантыльныя і больш наіўныя, чым жанчыны. Яны схільныя верыць у бескарыслівыя адносіны, ім ніякавата прапаноўваць выбранніцам падпісаць шлюбны кантракт.
— У сучасных сем’ях часта існуе правіла двух кашалькоў, калі кожны сужэнец распараджаецца сваімі грашыма па сваім меркаванні. З аднаго боку — гэта прыкмета гендэрнай роўнасці. Але ці не падзяляе гэта мужа і жонку, ці не аслабляе сям’ю?
— Заходнія даследнікі вылучаюць грошы як галоўны фактар, які правакуе сямейныя канфлікты. Асноўнымі трыгерамі фінансавых рознагалоссяў яны называюць сукупнасць незарэгістраваных адносін і незалежнага кіравання фінансамі, а таксама, адсутнасць звычкі разумна марнаваць даходы. Калі мужчына і жанчына лічаць свае адносіны выключна партнёрскімі, то вядзенне раздзельнага бюджэту не парушае іх межаў, тым самым ствараючы ілюзію бяспекі. Бяспека ёсць, а вось даверу і цяпла няма. Калі для пары важна яднанне, то ім трэба навучыцца разам планаваць і размяркоўваць свае даходы і расходы, выпрацаваць агульныя падыходы да сумесна нажытага. У гэтым выпадку сям’я толькі выйграе — муж і жонка вучацца фінансавай грамаце і навучаюць гэтаму дзяцей. Ведаю пару, якая ўзяла ў звычку ў прысутнасці дзяцей размяркоўваць сямейны бюджэт, дэманструючы тым самым разумнае кіраванне фінансамі і клопат адзін пра аднаго. Нашчадкі вучыліся гэтаму не ў тэорыі, а на практыцы, і самі выраслі адказнымі партнёрамі і бацькамі.
— Як можна ацаніць пазіцыю жонкі — «Мае грошы — толькі мае, а грошы мужа — нашы агульныя?»
— З аднаго боку, гэта можа казаць пра эгаізм жанчыны, якая выйшла з сям’і, дзе ўсе толькі на яе і працавалі, улагоджваючы яе капрызы і «хацелкі». Яна прывыкла быць цэнтрам сусвету. Натуральна, такую мадэль узаемаадносін з бацькоўскай сям’і яна пераносіць і на адносіны з партнёрам. Верагоднасць таго, што дзяўчына пасталее і зменіцца, невялікая. Няўжо што сутыкнецца з рэальнымі праблемамі, калі разлічваць прыйдзецца толькі на сябе. Саюзы, дзе ёсць жанчыны з такім зорным псіхатыпам, часта бяздзетныя — наўрад ці перакананая эгаістка захоча нараджаць дзіця, якое запатрабуе пераключыць увагу. Але такая пазіцыя можа тлумачыцца і дыяметральна супрацьлеглым досведам, вынесеным з сям’і, дзе часцей за ўсё не было бацькі, і ўсе фінансавыя праблемы ляжалі на плячах маці. Дзяўчынкі, якія выраслі ў такіх умовах, прывыкаюць да рэжыму жорсткай эканоміі і вучацца разлічваць толькі на свае сілы. Адсюль жаданне «застрахавацца» ў шлюбе на выпадак патрэбы, стварыць падушку бяспекі на чорны дзень. Жанчыны выдатна разумеюць, што ў дэкрэтным водпуску яны становяцца цалкам залежныя ад фінансавага стану мужа і не хочуць апынуцца з дзіцем на руках без сродкаў, якімі могуць свабодна распараджацца, выпрошваючы кожны рубель у мужа. Для гарантый фінансавай бяспекі жанчыны, дзяцей і варта заключаць шлюбны кантракт.
— Ці дакладна, што стратэгія большасці жанчын у адносінах да грошай — эканоміць, а мужчын — укладваць у тое, што будзе прыносіць дывідэнды?
— Так. Гэта адпавядае гендэрным адрозненням. Жанчына — захавальніца ачага, эвалюцыйна ў ёй сфарміравана запатрабаванне ствараць утульны ўнутраны мір сям’і, эканоміць, фармаваць запасы на чорны дзень. Мужчына — гэта творца новага, разбуральнік старога, гэта актыўнасць у вонкавым свеце з мэтай захавання дабрабыту і спакою сям’і. Жанчыны лепш распараджаюцца фінансамі ўнутры сям’і, мужчыны больш паспяхова ўзаемадзейнічаюць з імі ў дзелавым свеце.
— Наколькі справядлівы падыход: хто больш зарабляе, той і дыктуе правілы жыцця ў сям’і?
— Прыказка «Золата не кажа, ды шмат творыць» па-ранейшаму актуальная. Маючы грошы, чалавек адчувае сваю моц, ўладу. Наколькі ён гатовы паважаць партнёра, лічыцца з яго пачуццямі, запытамі, не дэманстраваць сваёй перавагі — усё гэта залежыць толькі ад асобасных якасцяў і культуры.
— Чым тлумачыцца, што альфонсаў і жанчын-палюбоўніц і сёння дастаткова? Гэта невынішчальны ў грамадстве тыпаж, які заўсёды застанецца запатрабаваным?
— Так. Жыгала і палюбоўнікі былі заўсёды. Не маючы звычкі працаваць, кахаючы сябе і ведаючы слабасці партнераў, яны з задавальненнем ператвараюцца ў вечных спажыўцоў. Такія людзі не адчуваюць дыскамфорту, не лічаць сябе паразітамі — бо яны прадаюць сваё дагледжанае цела, прывабны выгляд, а гэта патрабуе працы над сабой! Пакуль будзе попыт на гэтую катэгорыю, будуць і прапановы, і жадаючыя заняць наяўныя «вакансіі».
— Як вытрымаць стрэс з-за таго, што грошай у сям’і па нейкіх прычынах становіцца прыкметна менш?
— Дам непапулярную параду. Варта перастаць параўноўваць сябе з навакольнымі, перагледзець свае рэальныя запатрабаванні і жаданні. Чалавек па натуры сваёй вельмі эгаістычны, ён лічыць — усё лепшае ў свеце павінна быць менавіта ў яго і ў яго дзяцей. Адсюль пачуццё зайздрасці, якое як смяротны яд раз’ядае многіх. Супраць гэтага цяжка бывае знайсці проціяддзе. Часта ўяўленне аб недахопе грошай не адлюстроўвае рэальнасць. Як правіла, насамрэч праблема — у недахопе энергіі ў чальцоў сям’і. Часам дастаткова спыніцца, выдыхнуць і ... выявіцца: грошай хапае, а гонку з неіснуючымі канкурэнтамі мы распачалі выключна па ўласным жаданні. Калі чалавек здольны пераасэнсаваць свае погляды, есць вялікая верагоднасць, што пытанне аб недахопе фінансаў стане неактуальным.
— Ёсць выраз: «Перажылі беднасць, перажывем і багацце». Насамрэч іншы раз лягчэй перажыць выпрабаванне нястачай, чым дабрабытам.
— Згодна. Выпрабаванне фінансавым поспехам не для слабых. Калі з’яўляюцца вялікія грошы, імкліва вырастаюць жаданні і запатрабаванні. Самаацэнка, адчуванне ўласнай значнасці павялічваюцца з касмічнай хуткасцю, ствараючы ілюзію ўсемагутнасці. І калі чалавек не валодае здольнасцю (ці губляе яе) бачыць на некалькі крокаў наперад, усё можа абярнуцца драмай, а часам і трагедыяй. Сумных гісторый разбагацелых сем’яў — цемра. Калі накрывае «залатой хваляй», трэба быць вельмі ўмелым рулявым, каб зберагчы свой карабель і чальцоў экіпажу ад патаплення.
— Якое стаўленне да грошай, на ваш погляд, самае правільнае і здаровае?
— Грошы — гэта энергія вялізнай магутнасці. У яе няма станоўчага ці адмоўнага зарада, яна можа выкарыстоўвацца і для разбурэння, і для стварэння. «Залатое цяля» здольнае цалкам падпарадкаваць, заняволіць чалавека, зрабіць яго апантаным ідэяй ўзбагачэння і прывесці да страты ўсіх іншых інтарэсаў. Пагарджаючы грашовай энергіяй, ігнаруючы яе, чалавек апускаецца на дно матэрыяльнага свету, перастае тварыць і развівацца. Трэба здолець выбудаваць з гэтай нябачнай энергіяй гарманічнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Калі вы будзеце паважаць грошы, яны таксама пачнуць лічыцца з вамі, вашымі запытамі і жаданнямі.
Гутарыла Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-paklonskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/psihalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/finansy
[5] https://zviazda.by/be/tags/adnosiny