Напярэдадні прафесійнага свята 100 найлепшых медыкаў краіны наведалі Палац Незалежнасці. Экскурсія стала падарункам для ўладальнікаў дзяржаўных узнагарод, пераможцаў і намінантаў конкурса «Урач года», уладальнікаў нагруднага знака «Выдатнік аховы здароўя». Некаторыя з іх былі на перадавой у барацьбе з каранавірусам, выратавалі не адно жыццё. Госці ўбачылі ўсе залы, дзе праходзяць найважнейшыя палітычныя мерапрыемтсвы, даведаліся пра тонкасці міжнароднага пратаколу, пазнаёміліся з дасягненнямі беларускіх майстроў.
«Для нас прафесійнае свята вельмі важнае. Гэта ацэнка працы ўсіх, пачынаючы ад урачоў і заканчваючы малодшым медыцынскім персаналам. Бо медыцына — гэта камандная работа. Вельмі важнае стаўленне ў краіне да гэтага свята, стаўленне да медыкаў з боку Прэзідэнта, міністра. І тое, што мы сёння сабраліся ў Палацы Незалежнасці, яшчэ раз паказвае ўрачыстасць гэтага моманту, яго важнасць, асабліва для нас, медыцынскіх работнікаў, падкрэслівае важнасць нашай прафесіі», — падзялілася начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Гомельскага аблвыканкама Наталля Масцярская.
У Палацы Незалежнасці ёсць музей падарункаў кіраўніку дзяржавы. Сярод іх і падарунак ад работнікаў аховы здароўя — хрустальнае «Сэрца на далонях», якое Прэзідэнту падарылі на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага карпусоў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы ў лістападзе 2021 года. Калекцыя музея папоўнілася яшчэ адным экспанатам: ад медыцынскіх работнікаў перададзена мастацкая паштовая марка «103-годдзе сістэмы аховы здароўя Беларусі» з серыі «Дасягненні беларускай медыцыны».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/palac-nezalezhnasci
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekskursiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/medyki