Зверыць гадзіннікі, абмяняцца вопытам і паставіць задачы на будучыню — з такімі мэтамі ў Мінску адбудзецца ІV з'езд Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». У час, калі ўвесь свет знаходзіцца ў нестабільным стане, працаваць разам з аднадумцамі і разам вырашаць праблемы надзвычай важна. Дзейнасць «Белай Русі» — таму пацвярджэнне. На 1 чэрвеня 2022 года ў аб'яднанне ўваходзіць 193 747 чалавек, сабраных у 8404 пярвічныя арганізацыі. «Звязда» пацікавілася ў некаторых дэлегатаў з'езда, з якім думкамі яны ідуць на форум.
Рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, сенатар Алег Раманаў расказаў «Звяздзе» пра планы і задачы «Белай Русі
— Алег Аляксандравіч, на вашу думку, у Год гістарычнай памяці, наколькі важная для краіны дзейнасць такіх грамадскіх аб'яднанняў, як «Белая Русь»?
— «Белая Русь» адной са сваіх задач мае асветніцкую работу ў сферы палітыкі, грамадскага жыцця, і ў гэтым сэнсе наша аб'яднанне цалкам можа быць тым суб'ектам грамадскага жыцця, які даносіць да людзей, да грамадства праўду пра гераічны подзвіг беларускага народа. Але не менш важна даводзіць інфармацыю аб тых працэсах, якія адбываюцца цяпер у свеце, бо гэтыя працэсы ў значнай меры спалучаны з адраджэннем фашызму, іншых дэструктыўных сіл і ідэалогій. Таму ў год гістарычнай памяці неабходна актывізаваць работу па асвеце грамадзян, па данясенні аб'ектыўнай ісціны аб працэсах, якія адбываюцца ў свеце, гэта адна з галоўных задач нашага грамадскага аб'яднання.
— З тых палажэнняў, якія вынесены на парадак дня з'езда, якія асабіста для вас маюць прынцыповае значэнне?
— Калі казаць пра ідэйны складнік дзейнасці аб'яднання, ніякай рэвалюцыі не адбываецца. «Белая Русь» развіваецца пераемна, паступальна. І ў той жа час новыя сэнсы і новыя аспекты ў яе праграме закладзены. Яны звязаны з тым, што адбыўся рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Вядома, мы павінны адлюстраваць у праграме тыя ідэі, якія былі адобраны народам. Гэта ідэі аб абароне гістарычнай памяці і праўды, захаванне беларускіх каштоўнасцяў беларускага народа, дапаўненні, якія датычацца захавання і развіцця моцнай дзяржаўнай улады. Усё гэта будзе закладзена ў новую праграму аб'яднання. Акрамя таго, трэба разумець, што працэсы, якія адбываюцца сёння ў свеце, з'яўляюцца моцным выклікам для Рэспублікі Беларусь, і на яго неабходна даваць адказ. Гэтым адказам становіцца дакладнае вызначэнне таго, што грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» размяжоўвае сваю дзейнасць у дружалюбныя краіны і краіны, якія займаюць варожую і агрэсіўную палітыку. Да дружалюбных краін і стратэгічнага партнёра мы адносім Расійскую Федэрацыю, супрацоўніцтва з якой прыярытэт у дзейнасці «Белай Русі».
— У Полацкім дзяржаўным універсітэце, які вы ўзначальваеце, якое месца займаюць грамадскія аб'яднанні?
— Намаганні кіраўніцтва ўніверсітэта накіраваны на развіццё нашай ВНУ, і любыя сілы, якія гэтаму садзейнічаюць, намі ўспрымаюцца як надзейныя саюзнікі і партнёры. І таму мы падтрымліваем усе канструктыўныя аб'яднанні — БРСМ, БСЖ, першаснае аб'яднанне «Белай Русі», прафсаюзы. З кожным з іх выбудавана сістэмная работа. Так, сумесна з «Белай Руссю» мы праводзім акцыі, накіраваныя на вырашэнне задач, якія стаяць як перад універсітэтам, так і перад грамадскім аб'яднаннем: асветніцкая і інфармацыйная работа, гуманітарная дзейнасць. Тым самым паміж кіраўніцтвам універсітэта і кіраўніцтвам грамадскіх аб'яднанняў наладжана цеснае канструктыўнае супрацоўніцтва.
— Алег Аляксандравіч, у маі падчас Рэспубліканскага савета «Белай Русі» вы казалі, што грамадскае аб'яднанне павінна праводзіць больш агрэсіўную інфармацыйную палітыку і прывабліваць на свой бок моладзь яркім, цікавым кантэнтам. Якія ідэі ўжо ёсць для ажыццяўлення гэтых планаў?
— У першую чаргу мы, канешне, будзем актыўней развіваць сацыяльныя сеткі. Іх змест, формы падачы інфамарцыі павінны быць удасканалены. Пакуль рана казаць, як гэта будзе ажыццяўляцца. Гэту работу плануем праводзіць разам з прафесіяналамі па сацыяльных камунікацыях. Будзе далей развівацца праектная дзейнасць, узмацняцца асветніцкая работа. «Белая Русь» пачне больш актыўна праводзіць інфармацыйныя пляцоўкі, асветніцкую работу ў працоўных калектывах. Будзе ўмацоўвацца дзейнасць з іншымі канструктыўнымі грамадскімі аб'яднаннямі, праводзіцца сумесныя праекты з БРСМ, БСЖ і іншымі.
— На мінулым тыдні з удзелам кіраўніка дзяржавы прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада па рабоце з насельніцтвам на мясцовым узроўні. Як «Белая Русь» будзе працаваць у дадзеным кірунку?
— Гэтую работу мы абавязкова перагледзім. Прэзідэнт заўважыў, што крыху заціхла работа дыялогавых пляцовак. Гэта тое, што мы называем інфармацыйна-асветніцкай работай. І вось гэтую работу мы будзем зараз актывізаваць. Трэба актывізаваць дзейнасць грамадскіх прыёмных як месцаў, куды грамадзяне могуць прыходзіць і прасіць дапамогі ў вырашэнні сваіх праблем альбо ўносіць прапановы. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, для вырашэння сваіх праблем павінны звяртацца да нас, канструктыўных грамадскіх аб'яднанняў. Ён казаў гэта ў тым кантэксце, што раней у нашай краіне было шмат некамерцыйных аб'яднанняў, якія фінансаваліся з-за мяжы, праводзячы разбуральную палітыку, а супрацьдзеяння ад грамадскіх аб'яднанняў яны не атрымалі. І мы павінны разумець гэта і дакладна выбудоўваць сваю работу такім чынам, каб беларускі народ давяраў канструктыўным сілам, а не прайдзісветам з-за мяжы.
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», дырэктар Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна Цярэшчанка:
«Грамадства павінна арыентавацца на адназначную прыхільнасць спрадвечным каштоўнасцям і традыцыям беларускага народа, інтарэсам дзяржавы. Так вызначае вектар развіцця беларускай грамадзянскай супольнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», лічу, як ні адно іншае адпавядае зададзеным кіраўніком дзяржавы арыенцірам і адыгрывае важную ролю. Не меншая і адказнасць перад грамадствам і перад дзяржавай. Мы арганізоўваем і праводзім мерапрыемствы, якія кансалідуюць грамадства, удзельнічаем у жыцці працоўных калектываў, ствараем пазітыўныя інфармацыйныя нагоды. Чарговы з'езд рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» дасць магчымасць удасканальваць формы дзейнасці, вызначыць прыярытэтныя напрамкі развіцця. Пераканана, што «Белая Русь» гатова стаць цэнтрам грамадзянскай актыўнасці, пляцоўкай грамадскага дыялогу, эпіцэнтрам эканамічных і сацыяльных інавацый для актыўных грамадзян краіны. «Белая Русь» сёння па праве можа стаць і «школай» для лідараў грамадскай думкі, сфарміраваць грамадска-палітычны рэзерв нашай краіны.
Член Савета Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь», намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзімір Навіцкі:
— У грамадскім аб'яднанні «Белая Русь» я з моманту яго заснавання. Вельмі пачэсна тое, што мяне выбралі дэлегатам з'езда. Пастараюся апраўдаць давер сваіх калег. Упэўнены, што форум пройдзе канструктыўна. На з'ездзе будзе прынята новая рэдакцыя праграмы «Белай Русі», выбраны кіруючыя органы, таксама адбудуцца выбары новага старшыні.
Лічу, што з'езд дазволіць умацаваць аб'яднанне арганізацыйна, павысіць яго ролю ў грамадскім жыцці краіны, вызначыць прыярытэтныя напрамкі развіцця, умацаваць свае пазіцыі.
Прыемна і тое, што ў нашы шэрагі ўступае моладзь. Бярэзінская арганізацыя, можна сказаць, маладая, у ёй удзельнічаюць людзі ўзростам да 40 гадоў, а ўсяго налічваецца больш як 400 членаў. Мы праводзім шмат асабістых мерапрыемстваў, удзельнічаем ва усіх раённых. Будзем прымаць актыўны ўдзел У імпрэзе, прысвечанай трагічнай для нашай краіны падзеі, — пачатку Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня 1941 года.
Перад намі кіраўніцтвам краіны, аб'яднання пастаўлены дакладныя задачы, будзем рухацца вызначаным шляхам.
Старшыня Гомельскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», старшыня Чонкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Гомельскага раёна Аляксей Кобзараў:
— Упершыню буду прымаць удзел у агульнарэспубліканскім з'ездзе «Белай Русі». І гэта для мяне як пачынаючага ўдзельніка грамадскага руху падзея, сапраўды, знакавая. Так сталася, што мой прыход на дзяржаўную службу супаў з часам выпрабаванняў для нашай краіны. Але ў сваёй рабоце з людзьмі пераканаўся, які важны рэсурс змагла прапанаваць грамадству «Белая Русь». Арганізаваныя напярэдадні электаральных кампаній і грамадска значных падзей грамадскія прыёмныя, шматлікія дыялогавыя пляцоўкі дапамаглі ў вырашэнні хвалюючых пытанняў як асобных грамадзян, прадстаўнікоў населеных пунктаў, так і калектываў. У час падрыхтоўкі да рэспубліканскага рэферэндуму на арганізаваных дыялогавых пляцоўках жыхары Гомельшчыны змаглі выказваць свае прапановы і меркаванні па змяненнях і дапаўненнях у Асноўны Закон краіны, прынялі ўдзел у сустрэчах з кампетэнтнымі экспертамі, парламентарыямі. Для мяне як маладога кіраўніка раённай арганізацыі асабліва важнымі з'яўляюцца ідэі «Белай Русі» аб падтрымцы дзяржаўнасці нашай краіны, аб самым актыўным удзеле ў грамадска-палітычным жыцці грамадства і грамадзянска-патрыятычнай дзейнасці. На агульнарэспубліканскім з'ездзе будзе асабліва цікава пазнаёміцца з усімі актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага руху «Белай Русі» і актывістамі пярвічных арганізацый з самых розных куткоў краіны, даведацца аб іх рабоце, аб мерапрыемствах, якія праводзяцца пры ўзаемадзеянні з органамі ўлады і іншымі грамадскімі аб'яднаннямі».
Валерыя СЦЯЦКО
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[3] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaya-rus-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/zezd
[7] https://zviazda.by/be/tags/forum