Сёлета праграма тэлеканала АНТ «Наша раніца» стала найлепшай у намінацыі «Ранішняя інфармацыйна-забаўляльная тэлепраграма» Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня». Думаю, радасны настрой кожнага, хто стварае праект, стаў у той вечар добрым стымулам і надалей рабіць сваю працу з любоўю, гумарам і думкай пра гледача... У чым я змагла пераканацца і асабіста, завітаўшы на здымкі аднаго з выпускаў тэлепраграмы.
Быць найлепшымі ў сегменце тых, хто кожны дзень з узыходам сонца збірае аўдыторыю каля экранаў — задача адказная. Тым больш у наш імклівы час, калі як даць «права голасу», так і пазбавіць яго глядач можа проста адным націсканнем кнопкі. Таму тут трэба трымаць руку на пульсе, як кажуць, каб і дагадзіць гледачу, і данесці тыя думкі і тэмы, якія хочацца агучыць.
— Атрымаць прызнанне прыемна. І вельмі грэе душу яшчэ і таму, што за гады існавання нашай праграмы мы ніколі не падавалі заяўку на конкурс, хаця і была намінацыя. Калі азірнуцца, то я разумею, што, напэўна, тады праграма яшчэ не была настолькі моцнай. А за апошнія пяць гадоў мы зрабілі вялікі рывок з камандай. І што датычыцца самой канцэпцыі ранішняга вяшчання ў медыяпрасторы Беларусі, то тут таксама змянілі фармат: калі раней наш праект быў тэлевізійным часопісам, то мы зрабілі яго інфармацыйна-забаўляльным каналам з ухілам на інфармацыю і дынамічнасць. Назіраючы пасля, як па нашых слядах ідуць і калегі з іншых тэлеканалаў, разумееш, што ты ўсё зрабіў правільна, — падзеліцца дырэктар дырэкцыі ранішняга вяшчання АНТ, тэлевядучая Таццяна Рудакоўская пасля эфіру.
А пакуль жа ўся здымачная каманда на старце. Пяціхвілінная гатоўнасць. Жыццё тут віруе, нібы ў вулеі ці ў мурашніку: аператары і рэжысёр правяраюць ракурсы, гук, а вядучыя робяць апошнія штрыхі ў грыме і праглядаюць сцэнарый, каб яшчэ раз узгадніць паслядоўнасць тэм і дзеянняў. «Дзіма, сядзь роўненька!» — голас аператара (звяртаецца да вядучага Дзмітрыя Церахава) за кадрам падказвае, што хутка ўсё пачнецца. Нават тэлефоны ва ўсіх на здымачнай пляцоўцы пераводзяцца ў «авіярэжым», а значыць, цяпер Дзмітрый, Таццяна і іх шматлікая каманда будуць некалькі гадзін на сувязі толькі са сваімі гледачамі.
— Усім добрай раніцы! Гэта «Наша раніца», і сёння мы пагаворым пра здароўе, надвор'е, моду і шэраг іншых актуальных тэм. Усім жадаем удалага дня! — звяртаюцца вядучыя да кожнага, хто ў гэтае імгненне націснуў запаветную кнопку і пачаў новы дзень у іх кампаніі.
І так вось ужо 18 гадоў — праграма прыходзіць у дамы беларусаў, каб распавесці ім пра важнае і карыснае, узбадзёрыць і падарыць пазітыўны настрой. Гэтым разам у эфіры таксама гаварылі пра культуру, пра спорт і нават пра залежнасць сучасных людзей ад увагі да іх у сацыяльных сетках. А вось Дзмітрый Рабаў па традыцыі распавядаў усім пра надвор'е. Мне ж захацелася спытаць у яго не толькі аб прагнозах і тэмпературы. І метэаролаг распавёў, як распачаць дзень удала і чаму нават дождж можа быць у радасць.
— Незалежна ад таго, якое надвор'е чакаецца, важна выспацца, каб прачнуцца са светлай галавой. Немалаважна пачынаць дзень з усмешкай, на пазітыве, — дзеліцца Дзмітрый Рабаў. — У мяне такая пазіцыя заўсёды спрацоўвае. І нават калі я тэлеаўдыторыі паведамляю пра неспрыяльнае надвор'е, то таксама раблю гэта спакойна і з жаданнем нягледзячы ні на якія прагнозы настроіць кожнага на пазітыў. Хаця я сам чалавек абсалютна незалежны ад надвор'я, але вельмі люблю вясну, калі ўсё ў прыродзе абуджаецца і пачынае квітнець, можна слухаць спеў птушак. Падабаецца і цёплая восень з яе багатай палітрай колераў. А калі ідзе дождж за акном, то вельмі добра марыць і адшукваць у сабе новыя ідэі...
Час зноў вяртацца на здымачную пляцоўку. Там, здаецца, паспелі ўжо абмеркаваць надвор'е і будучы купальны сезон і пераключыліся на моду. І тэма што трэба — як зрабіць сябе з дапамогай адзення больш высокай і стройнай. Таццяна Рудакоўская на прыкладзе вядомых жанчын распавядае, як дасягнуць жаданай мэты.
— Быць высокімі хочацца многім. І сёння я раскажу пра некалькі такіх сакрэтаў. Перш за ўсё, дапамагаюць у такой сітуацыі абцасы, асабліва калі абутак яшчэ і блізкі па колеры да адцення скуры. Гэты прыём выкарыстоўвае часта Сара-Джэсіка Паркер. Гледзячы на яе і не скажаш, што рост яе толькі 157 сантыметраў, — тлумачыць вядучая. — Яшчэ V-падобны выраз дапамагае выцягнуць сілуэт і зрабіць шыю даўжэйшай. Альбо можна, як робіць Кім Кардаш'ян, выкарыстоўваць прыём падбору тотал-лукаў (адзенне, падабранае ў адной колеравай гаме). Таму бярыце на заметку.
— Вось яны — вядомыя актрысы, а ты, Таццяна, узяла і засланіла іх сёння ў сваёй прыгожай сукенцы, — узнагароджвае Дзмітрый калегу кампліментам. І адразу адчуванне, быццам настрой у прысутных стаў яшчэ лепшым. Аднак час рухацца далей. Змяняюцца тэмы, рубрыкі, за кадрам раз-пораз гучаць парады, каб на экране ўсё было беззаганна...Калі ж размова заходзіць пра здароўе і, у прыватнасці, пра тэму анкалогіі, то і тут тлумачаць галоўнае: пры любым жыццёвым раскладзе заўсёды ёсць надзея на лепшае. Толькі для гэтага трэба і самім быць адказнымі і ўважлівымі як да сябе, так і да блізкіх. І ўвогуле, у любой сітуацыі заўсёды ўсё можна змяніць, калі ёсць жаданне дзейнічаць. Напрыклад, калі вас заспела навальніца, то рабіць трэба наступнае. Дома закрыць вокны і дзверы і паадключаць электрапрыборы. Калі гэта здарылася на прыродзе, то лепш трымацца падалей ад рэк і азёр, а ўсе прадметы, якія ўтрымліваюць нешта металічнае, увогуле варта адкласці на адлегласць некалькіх метраў.
І вось так з кожнай тэмай глядач разумее, што пра яго клапоцяцца і гавораць пра актуальнае. Не абыходзіцца і без любімых многімі «Гараскопу» і «Месяцавага календара».
— І я асабіста, і многія ў нашай камандзе зразумелі, што патлумачыць любую няўдачу, чыйсьці дрэнны настрой альбо яшчэ штосьці можна... рэтраградным Меркурыем, — жартуе Дзмітрый Церахаў.
— Гэта любімыя рубрыкі нашых гледачоў, а мы працуем для іх, таму і прапаноўваем ім тое, што будзе цікава, — дадае Таццяна Рудакоўская. — Калі рубрыкі «Гараскоп» ці «Месяцавы каляндар» не выйдуць, то незаўважаным нашай аўдыторыяй такі эпізод не застанецца. Плюс так склалася, што гэта сфера і маіх асабістых інтарэсаў. Я захапляюся астралогіяй і нумералогіяй і ў калег цікавасць да іх абудзіла. А паколькі мне кажуць, што «нешта ў гэтым ёсць», то, відаць, і праўда спрацоўваюць прагнозы і разлікі.
Шанц для тэлеаўдыторыі паспытаць сваю ўдачу ёсць у кожнага, хто павіншуе АНТ, якому 25 чэрвеня споўніцца 20 гадоў. Вядома, не абыдзецца ў гэты дзень і напярэдадні свята без падарункаў. Пры жаданні павіншаваць любімы тэлеканал і паспаборнічаць за добрую ўзнагароду (ровар і электрасамакат) можна да 21 чэрвеня (вынікі будуць падведзены 23-га). Форму выяўлення для сваіх пачуццяў і пажаданняў можна выбіраць любую: верш, проза, паштоўка, прыгатаваная страва з лагатыпам АНТ ці песня, танец, відэазварот — дасылайце іх на электронную пошту «Нашай раніцы» альбо публікуйце ў сацыяльных сетках з хэштэгам #20гадоўАНТ. Не стрымлівайце сваю фантазію, калі ёсць чым падзяліцца. Каманда «Нашай раніцы» таксама рыхтуе для вас святочны эфір. Ён пройдзе ў фармаце «ялінкі з падарункамі».
Пасля эфіру пацікавілася ў вядучых і тым, ці магчыма пралічыць поспех у кадры — як свой асабісты, так і людзей, з якімі працуеш у адной камандзе.
— У мяне быў невялікі вопыт працы на тэлебачанні да прыходу на АНТ. Але калі выходзіш у эфір з такім кампаньёнам, як Таццяна (якая мае харызму, вопыт), то ўжо нічога не страшна. Плюс з першага дня я адчуваю падтрымку ўсёй каманды, людзей, якія знаходзяцца ў апаратнай, у студыі. Нават калі чуеш крытыку ці парады, то ўспрымаеш іх з удзячнасцю, бо разумееш, што ёсць куды расці і самаўдасканальвацца, — дзеліцца Дзмітрый Церахаў.
— «Нашу раніцу» робіць вялікая каманда. У кадры працуюць, акрамя нас з Дзімам, яшчэ Вера Палякова, Аляксандр Сярэбранікаў, Герман Цітоў, Кацярына Алісіевіч, а па выхадных да нас далучаюцца Вольга Няфёдава і Любоў Чаркашына. Аднак, акрамя нас, у чатырохгадзінным эфіры працуе яшчэ, можа, з паўсотні чалавек штодня. Гэта рэжысёры, аператары, гукааператары, карэспандэнты, відэаінжынеры... Кожны эфір — ювелірная работа, дзе патрэбны індывідуальны падыход, — тлумачыць Таццяна Рудакоўская. — Пасля 2020 года ў нас абнавіўся калектыў, што вельмі радуе. Таму што прыйшлі працаваць людзі, у якіх гараць вочы. А калі была невялікая паўза ў выхадзе нашай праграмы, а потым мы зноў вярнуліся на экраны, то атрымалі ад сваіх гледачоў такую падтрымку, на якую нават не разлічвалі. Нам пісалі «Дзякуем, што вярнуліся!» Людзі распавядалі, што некаторыя раслі з намі і для іх «Наша раніца» — нібы ўзыход сонца. Сваім вяртаннем мы супакоілі іх і далі надзею, што ўсё будзе добра...
Няхай так і будзе яшчэ доўгія гады: каб сонца ўзыходзіла, работа мела водгук і прызнанне і кожная раніца давала жаданне сустрэцца зноў усім разам!
Алена ДРАПКО
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/pragrama
[4] https://zviazda.by/be/tags/telekanal
[5] https://zviazda.by/be/tags/ant
[6] https://zviazda.by/be/tags/nasha-ranica
[7] https://zviazda.by/be/tags/naminacyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/ranishnyaya-infarmacyyna-zabaulyalnaya-telepragrama
[9] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[10] https://zviazda.by/be/tags/televyarshynya-1