Найбольш рэдкія экзэмпляры, пачынаючы ад гліняных таблічак, пальмавых лістоў і пергаменту, з сусветнай і айчыннай кніжнай спадчыны прадстаўлены на выстаўцы «100 рарытэтаў: ад гістарычных кнігазбораў да сучасных арт-кніг», што нядаўна адкрылася ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да знакавай юбілейнай даты. Ідэя часовай экспазіцыі ў тым, каб да стагоддзя ўстановы прадэманстраваць сто найкаштоўнейшых унікальных помнікаў, што прадстаўляюць і гісторыю фарміравання бібліятэчнага фонду — найлепшае з назапашанага за 100 гадоў. Фонд рукапіснай рэдкай старадрукаванай кнігі на сёння налічвае больш ад 100 тысяч адзінак — стваральнікі імкнуліся прадставіць максімальна поўна тое, што ўдалося набыць і навукова ідэнтыфікаваць за апошнія гады. Шэраг экспанатаў дэманструецца ўпершыню.
Пачынаецца выстаўка з найбольш ранніх форм кніг, выкананых на папірусе. Сярод іх — факсімільнае ўзнаўленне манускрыпта «Папірус Бадмера 8». Адзін з найстаражытнейшых біблейскіх тэкстаў, арыгінал якога датуецца ІІІ—ІV стагоддзямі і захоўваецца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы, узноўлены па сучасных тэхналогіях. Побач — скруткі ў розных варыянтах, формы кнігі кодэкса — сярод найбольш каштоўных з бібліятэчных фондаў.
Галоўная кніжніца краіны валодае адной з найбуйнейшых у Беларусі калекцый рукапіснай кірылічнай кнігі. Так, найбольш раннія з бібліятэчных фондаў датуюцца канцом ХV стагоддзя. На вітрыне прадстаўлены рарытэты з апошніх набыткаў, сярод іх — «Пролаг. Вераснёўская палова» 90-х гадоў XV стагоддзя, напісаны ўстаўным почыркам з характэрным для рукапіснай кнігі афармленнем: ініцыяламі, дзе буквіцы ўпісаны чырвоным; прысутнічаюць назвы раздзелаў і тэкст пададзены на два слупкі. Асобнік унікальны тым, што мае ўладальніцкі запіс, добра відаць кніжны аклад: дошкі і скура, а таксама дзве зашпількі.
Арабаграфічныя рукапісы беларускіх татараў на старажытна-беларускай і польскай мовах, створаныя ў ХІХ стагоддзі, даюць уяўленне пра ўнікальную культурную з’яву, характэрную для айчыннай гісторыі. На вітрыне — святая кніга Кітаб, створаная ў Докшыцах у 1888 годзе.
Адметнай для Беларусі з’явай была і стараверская, ці стараабрадніцкая, кніга. У фондзе кніжніцы — выдатная калекцыя богаслужбовых музычных зборнікаў (а сёння яна выступае яскравым аздабленнем выстаўкі). Яны даюць мажлівасць пабачыць своеасаблівы старажытны спосаб фіксавання мелодыі, калі адсутнічаюць лінейкі нотнага стана, а мелодыя зашыфраваная: запісаны ў выглядзе кручковых нот невялікі фрагмент павінен нагадаць добра знаёмую мелодыю. Чырвонымі кручкамі, так званымі шайдураўскімі пазнакамі, адлюстроўвалі вышыню гучання.
— Але для сучаснага даследчыка праблема ў тым, што, калі мелодыю не ведаеш, узнавіць яе практычна немагчыма, — распавядала падчас экскурсіі Марыя Шопіна, загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Адметнасць афармлення стараабрадніцкай кнігі ў тым, што ілюстрацыі рабіліся надзвычай яркімі фарбамі з частым выкарыстаннем пазалоты. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя стараабрадцы не мелі магчымасці друкаваць кнігу — стваралі рукапісную. Затое, акрамя музычнай традыцыі, яны захавалі і найбольш старажытныя тэксты.
Частка экспанатаў — з рукапіснай спадчыны на ўсходніх мовах: арабскай, турэцкай і персідскай. Бібліятэчная калекцыя налічвае каля сарака асобнікаў. Шэраг рукапісаў — з уласнай бібліятэкі князя Паскевіча, з яго пазнакамі. Адметнасць усходняга атраманта: у адрозненне ад айчыннага, які мае карычневае адценне, ён вугальначорны, яскравы, быццам напісана было не больш ад стагоддзя таму, а ўчора. Не зусім звыклая для нашай традыцыі і папера: яна створана з лапікаў — паўтканіны-паўцэлюлозы, выдатна захавалася. Усходняя традыцыя назіраецца ў акладах і пераплётах. Так, пераплёт не быў цвёрды, адсутнічалі і зашпількі. Спецыяльны клапан зачыняў рукапіс, чым рабіў яго падобным на сумачку. А на шырокіх палях часам рабілася столькі пазнак, што яны маглі ўтвараць асобны тэкст. Гэта прадэманстравана за шклом вітрыны.
Асаблівую цікавасць на выстаўцы ўяўляюць выданні 1440-х гадоў, з першых работ Гутэнберга. Так, бібліятэка валодае адной з найбуйнейшых і найбольш якасных калекцый першых заходнееўрапейскіх першадрукаў. Прадстаўлены Германія, Швейцарыя, Францыя. Сярод экспанатаў — і асобнік, надрукаваны Антонам Кобергерам, найбольш паспяховым выдаўцом Германіі. Кніга падобна на рукапісную, ад рукі ўпісаны ініцыялы, аформлена залатой фольгай 24 караты. Няма звыклага для нас зместу, але, каб добра ў кнізе арыентавацца, у пачатку главы ўклейваліся скураныя закладачкі. Не прадугледжваўся і тытульны аркуш, і толькі ў канцы на адваротным лістку выдаўцы часам пазначалі месца і год выдання. Прадстаўлены асобнік з Базэльскай друкарні — з тых, што экспануюцца рэдка. У тэксце — гравюра з выявай Амвросія Медыяланскага. Аўтарам яе, лічыцца, мог быць Дзюрэр альбо вучні яго школы. Упрыгожвае вітрыну і ўнікальны асобнік «Боскай камедыі» Дантэ Аліг’еры, надрукаваны ў 1481 годзе ў Фларэнцыі, родным горадзе аўтара. У асобніку — некалькі гравіраваных выяў — работы Сандра Бацічэлі, гэта адно з першых прымяненняў адбіткаў медных пласцін. Медыярыты ўвойдуць у друкарскую практыку толькі ў ХVI стагоддзі.
Адмысловыя выданні, побач з якімі можна доўга стаяць, уяўляючы постаць нашага першадрукара, — скарынаўскія палеатыпы. Нацыянальная бібліятэка Беларусі — адзіная ў краіне захавальніца 10 асобнікаў, выдадзеных у Празе. Арыгінал з добра чытэльным тэкстам на паперы выдатнай якасці, у тэксце — прабелы паміж словамі, максімальна прыбраны надрадковыя пазнакі, што ўскладняюць чытанне. У выданнях Скарыны ўжо ў наяўнасці друкаваныя ініцыялы, — ён адзін з першых у Еўропе пачаў рабіць адрознымі вялікую і малую літары — для іх створаны адметныя шрыфты. Гравюры ў прадстаўленым выданні, верагодна, былі зроблены па скарынаўскіх эскізах. Каштоўны экспанат набыты ў 1925 годзе ў санктпецябургскага калекцыянера.
— Падчас вайны, дарэчы, была спроба вывезці выданні Скарыны з Беларусі, але пашанцавала адшукаць вагоны, дзе былі змешчаны каштоўныя кнігі, — распавядала Марыя Шопіна.
З адметнасцей, прадстаўленых на выстаўцы — адна з самых вялікіх кніг — факсімільнае ўзнаўленне 1972 года выдання Джэймса Адзюбона «Птушкі Амерыкі» памеру амаль метр на метр. Арыгінал канца ХІХ стагоддзя, па словах экскурсавода, з’яўляецца самай запатрабаванай і самай дарагой кнігай свету. Птушкі тут адлюстраваны ў натуральную велічыню. Аўтар быў арнітолагам, які першы пачаў замалёўваць пярнатых. Доўга шукаў, хто выгравіруе замаляваныя ад рукі выявы. Цяпер некаторых птушак толькі і можна пабачыць пад вокладкай гэтай кнігі...
Побач з самай вялікай кнігай выстаўлены і мініяцюрныя. Адзін з экспанатаў — мікракніга 1985 года маскоўскай вытворчасці. Памер яе — дзевяць на чатыры міліметры, і на гэтай мікраскапічнай плошчы змешчаны перакладзеныя на пяць еўрапейскіх моў выказванні Пушкіна і Горкага аб кнізе, ёсць і графічныя выявы аўтараў. З апошніх дасягненняў у гэтай галіне прадстаўлена і нанакніга: пласціначка менш чым пяць міліметраў (0,46 на 0,46), зробленая па ізраільскім праекце 2014 года. На пласціначку нанесены тэкст 26 кніг Новага запавету на грэчаскай мове.
Адны з найцікавейшых выданняў — першыя з тых, што змяшчаюць гербарыі. Так, збор 150 выяў размаляваных ад рукі лекавых раслін 1484 года належаў князям Радзівілам. Крыху пазнейшы гербарый, што змяшчае 765 раслін, — з найбольш поўных і дакладных свайго часу, належаў пяру аднаго з польскіх медыкаў-даследчыкаў, прафесара медыцыны Кракаўскага ўніверсітэта Сімона Сірэніуса. Па гэтых прыкладах можна скласці ўяўленне пра медычныя веды нашых папярэднікаў і тагачасны стан медыцыны.
Можна пабачыць на выстаўцы і таямнічыя выданні, такія як «Брусаў каляндар», па якім, лічылася, можна прадказваць і надвор’е, і будучыя падзеі. Яшчэ з рарытэтаў — «Рука багаслоўя», альбо, іншымі словамі, «год у руцэ» — спосаб па дзвюх руках падлічыць пасхаліі. На пальцах і паміж імі багата пазнак дзён тыдня, выведзены колы сонца і месяца. Пад вокладкай кнігі — і варажбова-прадказальныя артыкулы.
Налічвае бібліятэчны фонд рэдкай кнігі і 13 асобнікаў так званага грамадзянскага друку часоў Пятра І, з прымяненнем распрацаванага Ільёй Капіевічам алфавіта. Сярод іх — «Правіла аб пяці чынах архітэктуры»; адзін з першых жаночых часопісаў таго часу — санкт-пецярбургскае выданне, дзе прадстаўлена мода, некалькі асветніцкіх артыкулаў, прысвечаных літаратуры і мастацтву, парады для жанчын. Выдавец пазначыў, што выданне мае на мэце спрыяць прыемнаму баўленню часу.
Ёсць сярод калекцыйных выданняў паступленні з Мінскай духоўнай семінарыі, набыткі прыватных калекцыянераў. Сярод іх — кніга Казіміра Семяновіча «Мастацтва артылерыі». Аўтар лічыцца заснавальнікам артылерыі і балістыкі, які дакладна пралічыў магчымасці крылатых ракет. У 1650 годзе выданне пабачыла свет на лацінскай мове, мове тагачаснай навукі, і ў хуткім часе было перастворана на еўрапейскія мовы. Поўную калекцыю перакладаў, багата ілюстраваную, са шматлікімі схемамі набылі для бібліятэкі мецэнаты. З крыніц на гранты па падтрымцы мастацтва і культуры была набыта Грамата Сігізмунда, напісаная ад рукі, з пячаткамі ВКЛ. Выстаўляецца гэтая спадчына надзвычай рэдка.
З сучасных шэдэўраў выстаўкі — кніга мастака Юрася Малыша, даследчыка прымітыўнага мастацтва, маляваных дываноў; сучасны варыянт Бібліі Францыска Скарыны з паперы ручной адліўкі, зробленая на дакладнай імітацыі друкарскага станка XVI стагоддзя з гравіраваных пласцін; факсімільнае ўзнаўленне буквара з Еўя 1618 года…
…Цяпер, калі мноства кніг суправаджаюць чалавека ад самага нараджэння ў выглядзе выданняў з яркімі прыгожымі малюнкамі, падручнікаў і энцыклапедый на паліцах ва ўласным доме, навучальных установах, офісах і бібліятэках, цяжка ўявіць, якой каштоўнасцю, даступнай далёка не кожнаму, было чытанне ў даўнія часы. Выстаўка, падрыхтаваная навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, стварае ўяўленне пра тое, як моцна, няўхільна імкнуліся да ведаў нашы папярэднікі…
Яна БУДОВІЧ,
фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-budovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/knigi
[3] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vystauka