Тысячы брастчан і гасцей горада сталі гледачамі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць», прысвечанай 81-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, перадае [2] БелТА.
Пачалося прадстаўленне з паказу мірнага жыцця гарнізона. Вайскоўцы займаліся звычайнымі для сябе рэчамі, войскі НКУС адлоўлівалі дыверсантаў. Дзеці гулялі і гарэзавалі. Дарослыя днём былі пагружаныя ў свае клопаты, а ўвечары адпачывалі. Да позняй ночы гулялі закаханыя пары і выпускнікі школ. У гэты самы час вораг ужо ўшчыльную падышоў да мяжы, а на досвітку пачалася вайна.
Рэканструктары адлюстравалі драматычныя эпізоды абароны цытадэлі: наступ нямецкай пяхоты і цяжкай тэхнікі, бой памежнай заставы, палон мірных жыхароў, расстрэл савецкіх афіцэраў. Былі паказаны контратака байцоў Усходняга форта і подзвіг маёра Пятра Гаўрылава. Найбольш пранізлівым момантам стаў эпізод зачысткі фронту і аплакванне жанчынамі забітых.
Для рэканструкцыі задзейнічалі піратэхніку, матацыклы, грузавікі, танк. У трох эпізодах у ролі нямецкага самалёта з’яўляўся Ан-2. Упершыню гледачы ўбачылі яго ў небе ў якасці паветранага разведчыка напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Затым з борта скідалі ўлёткі, якія агітуюць чырвонаармейцаў спыніць супраціў. У заключным эпізодзе ён з’явіўся для імітацыі падтрымкі атакі пяхоты з паветра.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Брэсцкія абласны і гарадскі выканкамы, абласны Цэнтр маладзёжнай творчасці, грамадскае аб’яднанне «Ваенна-гістарычны клуб «Гарнізон» пры падтрымцы вайсковых частак Брэсцкага гарнізона і мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».
Фота Віктара ДРАЧОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/regions/view/belorusskie-i-zarubezhnye-rekonstruktory-vossozdali-kljuchevye-epizody-oborony-brestskoj-kreposti-509370-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/brest
[4] https://zviazda.by/be/tags/rekanstrukcyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/22-chervenya-bresckaya-krepasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/abarona
[7] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-krepasc