Ці часта вы заўважаеце бадзяжных жывёл? Стомленыя, галодныя, яны ходзяць па вуліцах і з асцярогай назіраюць за мінакамі. Некаторыя праводзяць так усё сваё жыццё і там жа, на вуліцы, паміраюць. Але бывае і так, што кагосьці забіраюць арганізацыі, якія займаюцца бяздомнымі жывёламі, а кагосьці — неабыякавыя людзі. Аднак лёс кожнага безнагляднага чатырохногага знаходзіцца ў нашых руках.
З праблемай бадзяжных жывёл мне давялося пэўны час таму сутыкнуцца і самой. Неяк у выхадны дзень бацька вяртаўся ў Мінск. Спыніўшыся ў лесе, ён пачуў слабае мяўканне, якое даносілася з травы. Падышоўшы бліжэй, заўважыў на зямлі двух маленькіх белых кацянят з неверагоднымі блакітнымі вачыма. Яны былі худыя і вельмі напалоханыя. Магчыма, гаспадар вырашыў пазбавіцца ад жывёл, пакінуўшы іх на гібель у лесе. Бацька пашкадаваў кацянят і забраў іх з сабой. У машыне яны пачалі гуляць, бегалі па сядзеннях.
Прыехаўшы дадому, бацька пасадзіў жывёл на падлогу. На гэты раз тыя баяліся паварушыцца і пастаянна мяўкалі. Мама адразу ж прынесла малако, пасля чаго кацянят памылі. Ужо праз гадзіну яны гулялі і не баяліся сядзець на руках.
На наступны дзень я паехала з жывёламі да ветэрынара. Лекар агледзела кацянят і сказала, што «дзяўчынкам» патрэбна добрае ўтрыманне: іх маса цела была недастатковай для нормы, вочы слязіліся, даймалі кляшчы і іншыя паразіты. Таксама абедзве кошачкі не чулі. У канцы прыёму ветэрынар пацікавілася: «Будзеце шукаць ім новы дом?» Але думак аб тым, каб аддаць іх, у мяне не было. У той жа дзень я набыла ўсе патрэбныя лекі і пачала догляд новых членаў нашай сям'і.
Кацяняты падрасталі, іх здароўе паляпшалася. Але раптам адна жывёла занядужала, мала рухалася і амаль не гуляла. Візіт да ветэрынара вырашылі не адкладаць. На прыёме лекар сказаў, што ў кацяняці сур'ёзны вірус, і, калі не вырашыць праблему адразу, жывёла загіне... Працэс лячэння праходзіў цяжка. Кожны ўкол і кожны прыём лекаў выклікаў гучнае мяўканне. Нягледзячы на ўсё гэта, кацяня змагло паправіцца. З часам у адной з гадаванак нават з'явіўся слых.
Зараз жывёлы вельмі актыўныя, любяць спаць на сонцы і ласкава паводзяць сябе з гаспадарамі.
Каб лепш разабрацца ў пытанні беспрытульных гадаванцаў, мы пагутарылі з Тамарай Уладзіміраўнай Царыкоўскай, дырэктарам месца часовага ўтрымання жывёл «Фаўна горада», і Вольгай Аляксандраўнай Карпавай, старшынёй праўлення Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб'яднання дапамогі жывёлам «ЗААшанц».
— Большасць бяздомных жывёл не нараджаецца на вуліцы, у тым ці іншым пакаленні гэта выкінутыя жывёлы, вынік адсутнасці кантролю за нараджальнасцю, — мяркуе Вольга Аляксандраўна.
Знаходзячыся без нагляду на вуліцы, каты ці сабакі могуць быць небяспечныя для саміх сябе і для навакольных. Як жа паступіць у такім выпадку? Правільным рашэннем будзе звярнуцца ў жыллёвую службу або самастойна звязацца з арганізацыяй, якая дапамагае бадзяжным жывёлам.
Тамара Уладзіміраўна апісала, як утрымліваюцца гадаванцы ў іх:
— Каты жывуць у некалькіх дзясяткаў клетак, у кожнай з іх можа знаходзіцца як трычатыры, так і больш жывёл. Мы размяркоўваем іх такім чынам, каб сумеснае пражыванне праходзіла мірна. З-за таго, што катоў цяпер вельмі шмат, ім выдзелены дадатковы пакой. Для сабак, акрамя вальераў, ёсць два пакоі: адзін — для шчанюкоў, іншы — для тых, хто перанёс аперацыю.
Жывёлы паступаюць у падобныя арганізацыі ў розных станах: без лапак, з ранамі, крывацёкамі. Пасля прыбыцця кожны чацвераногі трапляе на прыём да ветэрынара. Вольга Аляксандраўна расказвае:
— Прыкладна 90 працэнтаў нашых выдаткаў складаюць паслугі ветэрынарных клінік. Мы супрацоўнічаем з імі па ўсёй Беларусі. Асноўныя працэдуры — кастрацыя, стэрылізацыя і вакцынацыя жывёл. Калі параўноўваць лячэнне з утрыманнем, то апошняе абыходзіцца нядорага.
На жаль, не ўсе праблемы са здароўем можна вырашыць. Гэта адна з прычын, па якіх жывёл з «недахопамі» бяруць радзей за астатніх, і калі адны знаходзяцца ў арганізацыях некалькі дзён, то іншыя — некалькі гадоў. Некаторыя паміраюць ад старасці, так і не знайшоўшы сабе гаспадароў. З кожным годам шукаць новых уладальнікаў для жывёл становіцца ўсё складаней. Акрамя тых, хто так і не знайшоў сабе дом, маюцца гадаванцы, якія нядоўга знаходзіліся ў новай сям'і.
— Прычыны, па якіх людзі вяртаюць жывёл, розныя. Часцей за ўсё адмова тлумачыцца алергіяй. Але некаторыя вяртаюць таму, што жывёла не паводзіць сябе як цацка, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна.
Пошук гаспадароў няпросты, але некаторыя жывёлы ўсё ж знаходзяць сям'ю.
Вольга Аляксандраўна распавядае: на працягу дня ў іх арганізацыю паступае каля 150 просьбаў аб дапамозе, і за ўвесь час даводзілася працаваць з многімі жывёламі.
Сустракаліся трусы, чарапахі, коні, быў нават казёл. Але частыя госці ўсё ж каты і сабакі. Апошнім нярэдка патрабуецца дрэсіроўка і работа з кінолагамі.
...Кожны з нас у стане дапамагчы беспрытульным чацвераногім. Для гэтага можна самастойна паспрабаваць знайсці ім дом ці ахвяраваць корм і лекі арганізацыям, якія займаюцца бяздомнымі жывёламі. А можна проста зрабіць іх жыццё часцінкай свайго.
Лізавета МАЛЬЧУК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyvotnyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/dapamoga