У адным з паштовых прадпрыемстваў Ашмянскага раёна жанчына працавала касірам. Пры гэтым яна мела доступ да сейфа з грашовымі сродкамі. У перыяд часу з мая па чэрвень гэтага года яна некалькі разоў прысвоіла частку грошай.
Як паведамляе падрабязнасці аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама, матывам паслужыла тое, што яна хацела «ўкласціся» ў крыптавалюту і шчыра верыла, што атрымаецца разбагацець, а грошы з заробку потым пакласці назад.
Супрацоўнікам Ашмянскага РАУС паступіла інфармацыя аб гэтым факце і падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў грамадзянка была затрымана. Як аказалася, у выніку жанчына здзейсніла крадзеж грашовай выручкі на суму больш за 33000 рублёў.
У дачыненні да 39-гадовай несудзімай жанчыны была заведзена крымінальная справа па ч. 4 арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Прысваенне або растрата»). Ёй пагражае пазбаўленне волі да дванаццаці гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[2] https://zviazda.by/be/tags/seyf
[3] https://zviazda.by/be/tags/kryptavalyuta
[4] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh