З 26 чэрвеня тэмпература паветра ў Беларусі будзе на 4-6 градусаў перасягаць норму, паведамляе [1] БелТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«На спадарожнікавым здымку відаць, што мнагаярусная воблачнасць атмасферных франтоў, якія пагаршалі надвор’е ў Беларусі ў першай палавіне бягучага тыдня, перамясцілася на тэрыторыю Украіны. Цяпер жа ў вобласці павышанага атмасфернага ціску над нашай краінай назіраецца малавоблачнае надвор’е, што забяспечвае добрае праграванне паветра ў дзённы час. У чацвер, 23 чэрвеня, тэмпература паветра будзе блізкая да кліматычнай нормы, а ўжо з нядзелі, 26 чэрвеня, у нашу краіну накіруецца вельмі цёплае паветра з Міжземнамор’я. З гэтага дня сярэдні фон тэмпературы паветра будзе на 4-6 градусаў вышэйшы за належныя для трэцяй дэкады чэрвеня значэнні, а ў разгар дня паветра будзе прагравацца да плюс 30 градусаў і вышэй», — расказалі ў Белгідрамеце.
Паводле інфармацыі цэнтра, антыцыкланальны характар надвор’я захаваецца як мінімум да пачатку наступнага тыдня, а гэта значыць, што істотных ападкаў па рэспубліцы не чакаецца.
У Белгідрамеце папярэдзілі, што ва ўмовах сухога і вельмі цёплага надвор’я ў Беларусі клас пажарнай небяспекі паступова ўзрасце да трэцяга (сярэдняе гарэнне).
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/belgidramet-z-26-chervenja-temperatura-pavetra-u-belarusi-na-4-6-gradusau-budze-perasjagats-normu-116770-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/belgidramet
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore