Другі год запар пасля непрацяглага перапынку на базе вайсковай часці 3214 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў функцыянуе кругласутачны ваенна-патрыятычны лагер «Доблесць». На працягу дзевяці дзён школьнікі пераймаюць вопыт старэйшых настаўнікаў: займаюцца страявой, збіраюць і разбіраюць зброю, адпрацоўваюць сілавыя прыёмы, вучацца арыентавацца на мясцовасці... Зніжку на ўзрост, вядома, ім робяць. У астатнім — усё як у арміі. Дарэчы, самаму юнаму выхаванцу лагера — усяго сем гадоў.
На тэрыторыі воінскага злучэння сфарміравана першая змена ваенна-патрыятычнага лагера. Плануецца, што за перыяд летніх канікул «Доблесць» арганізуе адпачынак для шасці змен, куды ўвойдуць школьнікі з усіх раёнаў сталіцы. Праўда, адпачыць фізічна наўрад ці атрымаецца: штодзень выхаванцы вывучаюць прадметы баявой падрыхтоўкі падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, практыкуюцца ў аказанні ваенна-медыцынскай дапамогі, асвойваюць навыкі стральбы са страйкбольнай, пнеўматычнай і агнястрэльнай зброі. Рэгулярна праходзяць заняткі і па асновах бяспекі жыццядзейнасці: падрастаючае пакаленне павінна разумець, як паводзіць сябе ў той ці іншай надзвычайнай сітуацыі. Акрамя таго, ёсць магчымасць пазнаёміцца з тэхнікай, якая стаіць на ўзбраенні вайсковай часці, паспрабаваць свае сілы ў рукапашным баі.
Узрост дзяцей, якія вырашылі такім чынам правесці частку летніх канікул, — з сямі да 14 гадоў. Трапіць у лагер можа кожны. Для гэтага напрыканцы года бацькам, якія жадаюць, каб іх дзеці яго наведвалі, трэба напісаць заяву ў школе, дашкольнай установе адукацыі. У выніку адбываецца размеркаванне. На дадзены момант усе шэсць змен, якія запланаваны, ужо распісаны. Праводзіцца на тэрыторыі часці яны будуць ажно да 30 жніўня ўключна.
— Ахвотных шмат, — адзначае камандзір узвода ваенна-патрыятычнага лагера капітан Яўген
ГАЛАЎКО. — Для дзяцей адпачынак у падобнага роду лагерах патрэбны. З нашага боку важна зрабіць усё для таго, каб дзецям было цікава. Думаю, гэта атрымліваецца: многія з дзяцей пасля заканчэння змены не хочуць вяртацца дадому, просяць застацца тут, запісваюцца на другую, на трэцюю змены.
І гэта нягледзячы на тое, што хлопчыкі ў лагеры знаходзяцца кругласутачна. Дзяўчынкі начуюць дома. Раніцай бацькі іх прыводзяць, а ўвечары забіраюць дадому.
Лета — выдатная пара. А лета, праведзенае з карысцю, застаецца ў памяці надоўга. Выхаванцам лагера няма калі сумаваць. Ваенна-патрыятычны лагер — гэта добрая магчымасць для школьнікаў адчуць на сабе жыццё і побыт абаронцаў Айчыны. Усяго за некалькі дзён хлопцы і дзяўчаты асвоілі страявы крок, збудавалі найпрасцейшыя схованкі, вывучылі спосабы аказання першай дапамогі пры раненні... Паспелі наведаць музей унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь і пазмагацца ў Клубе вясёлых і знаходлівых.
Кожны дзень у лагеры не падобны на папярэдні. Калі ў «Доблесці» знаходзіліся карэспандэнты «Звязды», для выхаванцаў была арганізавана ваенізаваная міні-эстафета «Зарніца». Акрамя таго, дзеці патрэніраваліся ва ўстаноўцы турыстычных палатак, у развядзенні вогнішча без выкарыстання запальніц і запалак. Таксама школьнікі вучыліся арыентавацца на мясцовасці, шукалі схаваныя ад іх сакрэтныя прадметы. І ўжо не першы раз прыгатавалі ежу на вогнішчы, смачна паелі. Пасля сытнага абеду выхаванцы роўным строем пайшлі ў размяшчэнне, дзе кожнаму з іх вызначана месца для сну.
Два лепшыя сябры Кірыл Юцаў і Яраслаў Каза вельмі задаволены тым, як праходзіць іх лета. Бацькі хлопчыкаў таксама сябруюць. Кірыл ужо год наведвае ваенна-патрыятычны клуб «Рысь». Даведаўшыся, што на базе воінскага злучэння адкрываецца летні лагер, вельмі ўзрадаваўся. Правесці канікулы з карысцю прапанаваў і свайму сябру.
Яраслаў прызнаецца, што першапачаткова не вельмі хацеў ісці ў лагер, але ўжо з першых гадзін, праведзеных тут, ніколькі аб гэтым не пашкадаваў. «Мне ўсё тут падабаецца, — кажа школьнік. — Хачу навучыцца навыкам рукапашнага бою і асвоіць стральбу са зброі».
— Абавязкова буду дапамагаць свайму сябру, бо я ўжо шмат ведаю пра вайсковую службу, — далучаецца да размовы Кірыл. — Распавяду Яраславу пра ўсе званні, навучу, як правільна аддаваць воінскае прывітанне. Наогул, мы яшчэ з зімы чакалі гэтай змены. У лагеры «Доблесць» нас вучаць вайсковай справе. Мы ўжо ўмеем ставіць палаткі, страляць са страйкбольнай зброі, з паветраных вінтовак — халастымі патронамі, вядома. Акрамя гэтага, нас навучылі страявой падрыхтоўцы. Цяпер мы ведаем, як правільна засцілаць армейскі ложак, даведаліся, які парадак павінен быць у салдата. Мне тут вельмі падабаецца, хлопцы дружныя. За гэтыя дзевяць дзён я адчуў сябе сапраўдным абаронцам Айчыны.
Пяцікласніца Зарына Валуевіч у падобным лагеры ўпершыню. Дзяўчынцы тут вельмі падабаецца. «Асабліва запомніліся заняткі па стральбе, скалалазанні, — кажа школьніца. — Таксама нас водзяць на розныя экскурсіі. У лесе мы разводзім вогнішчы, ставім палаткі, рыхтуем ежу. Нас тут вучаць вольнай барацьбе і медыцыне. Калі нешта не атрымліваецца, хлопцы дапамагаюць — яны ў нас самыя дружныя і добрыя».
— У лагеры нас шмат чаму навучылі, — расказвае Яфім Іванец, які толькі пойдзе ў першы клас. — Асабліва ўразіла стральба з сапраўдных аўтаматаў. Мы хадзілі ў лес, наведвалі вяровачны гарадок, удзельнічалі ў конкурсах, гулялі ў «кракадзіла» і ў «самы спрытны», спявалі розныя песні, танцавалі, хадзілі ў музей. А яшчэ нас навучылі адціскацца на кулачках і пакаталі на сапраўдным бронемабілі! Мне ўсё падабаецца, тут крута! Я набыў шмат сяброў. Сюды прыйшлі і тыя сябры, з якімі я быў у мінулым лагеры. Я ўжо не першы раз тут. У гэты нават яшчэ больш цікава.
Лагер — гэта маленькае жыццё. Незабыўныя ўражанні і прыгоды, новыя сябры і цікавыя падзеі — вось тое, што хлопцы і дзяўчаты атрымалі тут усяго за некалькі дзён. За кароткі час школьнікі пазнаёміліся з армейскім жыццём, набылі карысныя ваенна-прафесійныя навыкі і, магчыма, захочуць у будучыні звязаць сваё жыццё са службай ва ўнутраных войсках. Ім тут, несумненна, будуць рады.
Усяго падчас летніх канікул ва ўнутраных войсках арганізавана 20 ваенна-патрыятычных лагераў, з іх — 14 кругласутачнага знаходжання. Больш як 700 хлопчыкаў і дзяўчынак, акрамя пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, будуць займацца ідэалагічнай, фізічнай, медыцынскай падрыхтоўкай, наведаюць мноства экскурсій і канцэртаў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/daniil-hmyalnicki
[2] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-unutranyh-sprau
[5] https://zviazda.by/be/tags/vaenna-patryyatychny-lager-doblesc
[6] https://zviazda.by/be/tags/lager
[7] https://zviazda.by/be/tags/vaenna-patryyatychny-klub-rys
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[9] https://zviazda.by/be/tags/kanikuly