Іван Рагацень паўстагоддзя аддаў рабоце ў кіно. Аднак ён належыць да людзей, якія ніколі не заяўляюць уголас пра зробленае. Можа, таму што мастак-дэкаратар — прафесія тых, хто, як правіла, заўсёды застаецца па-за кадрам... Наш герой удзельнічаў у стварэнні дзясяткаў кінастужак, працаваў з выдатнымі рэжысёрамі, сярод якіх былі Віктар Тураў, Валерый Рубінчык, Леў Голуб і іншыя, быў знаёмы і сябраваў з вядомымі акцёрамі. Але застаўся сціплым чалавекам, які сёння можа гадзінамі расказваць пра кіно і яго закуліссе.
Нядаўна на кінастудыі «Беларусьфільм» размясцілася персанальная выстаўка Івана Аляксандравіча «50 гадоў у кіно». Раней работы мастака-дэкаратара можна было ўбачыць у сценах Музея гісторыі беларускага кіно, а цяпер яны перамясціліся туды, дзе некалі ўсё пачыналася. Хоць не, усё ж варта адматаць яшчэ на некалькі гадоў раней... З дзяцінства хлопец любіў маляваць. Успамінае нават, як аднойчы быў гатовы адмовіцца ад паходу на спектакль, каб атрымаць замест гэтага каляровыя алоўкі. У выніку атрымаў і тое, і другое. У сям’і Іван нарадзіўся малодшым з пяці дзяцей.
— Бацькам было цяжка (тата пасля вайны меў інваліднасць па зроку), таму так і склалася. Сам я родам з вёскі Зарубчыкі Глыбоцкага раёна, што на Віцебшчыне. Старэйшая сястра Марыя была настаўніцай і спачатку забрала мяне да сябе, а потым і паспрыяла, каб вучыўся ў Ашмянскай школе-інтэрнаце, куды я трапіў у шостым класе, як яе толькі адкрылі, — згадвае Іван Аляксандравіч. — Мне там падабалася, бо я хлопец быў актыўны. Быў у школе афарміцелем стэндаў. Лёгка ўліўся ў калектыў. Там мы мелі магчымасць займацца музыкай, і я іграў у аркестры. Капельмайстар у нас быў патрабавальны: калі «даў пеўня» (збіўся), то адразу рыхтуйся чысціць трубу.
Ці то згаданы кіраўнік аркестра, ці ўвогуле вучоба далёка ад дому выхавалі ў юнаку дысцыпліну і патрабавальнасць да сябе. А інтарэс і жаданне развівацца з’явіліся ў яго пасля знаёмства з адным мастаком і прыходу ў іх школу выкладчыка малявання.
— З тым выкладчыкам мы пасябравалі. Ён даваў мне заданні, і я маляваў геаметрычныя фігуры, нацюрморты. А паколькі Ашмяны знаходзяцца за 50 кіламетраў ад Вільнюса, то, бывала, разам ездзілі туды ў нядзелю. Там я атрымліваў асалоду ад архітэктуры, а пасля прыязджаў і маляваў.
Трэба сказаць, што спробы юнага таленавітага хлопца заўважылі. І якраз у выпускным класе ў 1964 годзе пра яго напісалі артыкул «Мара аб блакітных гарадах» у газеце «Знамя юности». Пасля было паступленне на архітэктурны факультэт Політэхнічнага ўніверсітэта. Але ў пераходны перыяд пачаліся ў Івана Аляксандравіча праблемы са здароўем, бо ў яго парок сэрца. Узяў «акадэмку» спачатку, а потым усё ж працягнуў вучобу. На чацвёртым курсе сябры падкінулі яму ідэю падпрацаваць на «Беларусьфільме».
— Вучыўся са мной Слава Марухін (яго брат Юра быў аператарам), і мы сябравалі. Так з імі і прыйшоў у 1968 годзе на фільм «Мы з Вулканам», які здымалі ў Брэсцкай крэпасці. І ўжо пасля заканчэння ўніверсітэта, паколькі бачылі, што хлопец лёгкі на пад’ём і хутка ўсё выконваю, я атрымаў запрашэнне на карціну «Я, Францыск Скарына...». Гістарычны фільм, было шмат дэкарацый! І я загарэўся, — распавядае мастак. — Будавалі Ягелонскі ўніверсітэт, рабілі друкарскі станок. Так я і застаўся ў палоне свету дэкарацый.
Сёння на рахунку Івана Рагацені работа ў многіх знакамітых кінастужках і з вядомымі рэжысёрамі. «Магіла Льва» (В. Рубінчык), «Паланэз Агінскага» (Л. Голуб), «Полымя» (В. Чацверыкаў), «Шляхціц Завальня» (В. Тураў), «У жніўні 44-га» (М. Пташук), «Вольф Месінг» (У. Краснапольскі), «Угрум-рака» (Ю. Мароз), спіс гэты можна працягваць доўга, але ніколі не ведаеш, ці былі б усе яны такімі, якімі ёсць, калі б не адданая і зладжаная работа кожнай каманды іх стваральнікаў.
— Ёсць закон у нашай прафесіі: калі ты за сабой пакідаеш хвост халтуры, то потым цябе зноў працаваць ужо не паклічуць. Так у прынцыпе і ў любой рабоце, калі робіш якасна, то абавязкова пацікавяцца, хто гэта зрабіў. І тады, заканчваючы адзін фільм, ідзеш адразу на іншы, — працягвае свой аповед Іван Аляксандравіч. — Пасля «Магілы льва» атрымаў я запрашэнне на карціну «Паланэз Агінскага». Фільм пра вайну, а здымкі праходзілі ў Жыровічах. І на тым фільме і жаніўся. У тым месцы, дзе мы здымалі кіно, праз дарогу быў універмаг. Убачыў там прыгожую дзяўчыну і пачаў яе абхажваць. Так за два месяцы мы і пасябравалі, а ў лістападзе зладзілі вяселле. Ужо 25 гадоў, як я застаўся без сваёй Лідзіі Пятроўны, яна памерла ў 47 ад інсульту. Для мяне гэта была і ёсць вельмі вялікая страта.
Нягледзячы на сумныя эпізоды жыцця, шмат у ім было добрага і светлага, што і да сёння грэе душу ўспамінамі. Пара вырасціла дзвюх дачок, адна з якіх, Вольга, як і тата, скончыла архітэктурны. Ёсць унукі, і яны таксама праяўляюць інтарэс і здольнасць да малявання. І сам Іван Аляксандравіч падтрымлівае творчасць. Ён без перабольшання чалавек з залатымі рукамі. Здольны знаходзіць мастацкія рашэнні для задум рэжысёра і ўвасабляць іх у рэальнасці.
— Я літаральна з усімі рэжысёрамі супрацоўнічаў, хто працаваў на «Беларусьфільме», і ў кожнага спасціг сваю школу майстэрства. Кожны раз, калі пачынаецца работа над новым фільмам, я ўключаюся ў пошук інфармацыі і яе вывучэнне. Як здымалі «Вольфа Месінга», то я купіў кнігу «Архітэктура драўляных сінагог» і вывучаў яе, каб мець больш дакладнае ўяўленне пра гэтыя збудаванні. У тым жа інтэрнэце цяпер шмат усяго, але па сутнасці з дзесяці старонак напісанага табе можа спатрэбіцца ад сілы адна. Мяне цанілі заўсёды яшчэ і за тое, што ўсё рабіў уручную, а не на камп’ютары. Мне было дастаткова накід атрымаць ад мастака ці рэжысёра — і далей я ўсё дарабляю сам.
Згадвае мастак-дэкаратар і сваю работу ў Маскве, дзе рабіў дызайн экспазіцыі беларускага павільёна на выстаўцы «60 гадоў савецкага кіно»:
— Усе кінастудыі Савецкага Саюза прадстаўлялі нешта сваё, і трэба было пабудаваць натурную дэкарацыю і ўнутры аздобіць павільён. Украінцы мазанку будавалі, хтосьці юрты рабіў, а мы вырашылі змайстраваць партызанскі лагер. Там быў мастак Ганкін Яўген Маркавіч, і з ім нам і трэба было рэалізаваць задуманае. Зрабілі ўсё, як належыць: зямлянку, кузню з мяхамі, печ змайстравалі, якую можна было нават тапіць. Я туды два лесавозы лесу прывёз. Пасля экспазіцыі масквічы да нашай дэкарацыі вадзілі наведвальнікаў яшчэ некалькі месяцаў і грошы зараблялі.
А Івана Аляксандравіча за тую работу ўзнагародзілі Залатым медалём ВДНХ СССР. Але калі чуеш, з якой любоўю і пяшчотай расказвае Іван Рагаценя пра кожную кінастужку, да стварэння якой меў дачыненне, то разумееш, што ўсе яны і кожная паасобку — яго вялікая і самая каштоўная ўзнагарода.
— Я проста працаваў і рабіў у кіно сваю справу і ніколі асабліва не высоўваўся. За жыццё я прайшоў пасляваенны час, заспеў камунізм, помню Карыбскі крызіс... Вось гэта 1973 год, — працягвае мой суразмоўнік, калі мы падыходзім да чарговага стэнда. — Рабілі па заказе Машэрава вялікую карціну. І там ёсць па сцэнарыі эпізод, калі танк прамой наводкай б’е па хаце. Купілі спецыяльна для гэтага хату, перавезлі ў патрэбнае месца. Камеру паставілі метраў за дзесяць ад месца выбуху. Піратэхнікі залажылі выбухоўку, падрэзалі бэлькі, але адзінае мы не ўлічылі: што не будзе куды падзецца выбуховай хвалі. І ўжо падчас здымак пайшла яна на камеру. Хоць і схавалі мы тэхніку ў калодзежы за шклом, але хваляй іх знесла. Пашкодзіўся дарагі аб’ектыў... А вось фільм «Франц і Паліна». Я для яго цэлую вёску пад Мінскам пабудаваў. Напярэдадні здымак мы прыехалі з рэжысёрам у тое месца, і я распавёў пра сваю ідэю. Ён заплюшчыў вочы, уявіў і даў дабро на рэалізацыю. Калі ж яе ў кадры спальвалі, то мне вельмі шкада было.
Дарэчы, у «Францы і Паліне» мастак-дэкаратар нават зняўся ў ролі паліцая. А паколькі роля была з тэкстам, то па тым часе нават добра заплацілі за яе. За кожным з дзясяткаў фільмаў, дзе працаваў Іван Аляксандравіч, стаіць свая гісторыя. Даводзілася і зімой акопы капаць, і будаваць кабінет Сталіна, рабіць ваенны самалёт часоў Першай сусветнай вайны альбо майстраваць вадаспад...
— У 1976-м здымалі «Вянок санетаў» з Рубінчыкам. Паехалі ў Кёнігсберг і выбралі там натуру. А пасля ўзнікла пытанне, як устанавіць скульптуру Пушкіна. Вага яе была больш за 150 кілаграмаў. Пачалі думаць, як падняць скульптуру. І тут я заўважыў лябёдку будаўнічага крана «Піянер». Толькі вось праблема, што ён з маторам, а значыць, патрэбна падключэнне да элекрычнасці. Звярнуліся ў мясцовую раённую электрасетку, дзе нам дапамаглі. Заключылі дагавор і заплацілі 320 рублёў, а пасля нас падключылі да вузла непадалёку ад здымачнай пляцоўкі. Цяпер ёсць што ўспомніць.
Шмат эпізодаў у кадры і шмат уражанняў на здымачнай пляцоўцы. Кіно — гэта ж работа ў калектыве. І мастак-дэкаратар сутыкаецца ў тым ліку і з акцёрамі. Бывае, што людзі пачынаюць сябраваць, а потым з радасцю сустракаюцца на іншых карцінах. Так, Іван Аляксандравіч з цёплынёй успамінае свае знаёмствы, сустрэчы і работу з Уладзіславам Галкіным, са Святланай Івановай, Львом Дуравым, да якога нават ездзіў у Маскву ў госці, і з мноствам іншых цікавых людзей.
— Я цаню людзей, якія ўмеюць улівацца ў групу. А не так, каб паводзілі сябе, нібы яны прыехалі на пляцоўку з нумара люкс і ўсім трэба трымацца ад іх у баку, — кажа Іван Аляксандравіч. — А што да канкурэнцыі сярод калег, то ў мяне ёсць вучні, якія мне дапамагаюць. Я адразу бачу, ці працуюць у чалавека рукі і галава. І «сачкоў» заўважаю. Таму ў маёй камандзе заўсёды тыя людзі, якім магу даверыцца і якім давяраю. У наш час шмат «мышыных» мастакоў, якім дапамагае камп’ютар, але як няма фантазіі, то нічога сапраўднага і вялікага не атрымаецца...
Алена ДРАПКО
Фота з асабістага архіва героя
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/ivan-ragacen
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastak-dekaratar
[6] https://zviazda.by/be/tags/kino
[7] https://zviazda.by/be/tags/viktar-turau
[8] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-rubinchyk
[9] https://zviazda.by/be/tags/leu-golub
[10] https://zviazda.by/be/tags/belarusfilm-2