Урачыстая цырымонія адбылася на плошчы Дзяржаўнага сцяга. З гэтай важнай падзеяй у жыцці маладых афіцэраў павіншаваў кіраўнік міліцэйскага ведамства.
— Вучоба ў вядучай міліцэйскай ВНУ была нялёгкай, але гэтыя гады будуць успамінацца як час атрымання важных прафесійных навыкаў і набыцця моцнага курсанцкага таварыства, — звяртаючыся да выпускнікоў, адзначыў міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван КУБРАКОЎ. — На службе давядзецца прымаць розныя рашэнні. Але, разбіраючыся ў сітуацыях, памятайце: перад вамі — грамадзяне Беларусі, няхай і тыя, якія аступіліся, кіруйцеся законам і сумленнем.
Выказаўшы ўдзячнасць прафесарска-выкладчыцкаму саставу Акадэміі МУС, падзякаваў міністр і бацькам за выхаванне сваіх дзяцей. «Я ўпэўнены, што ніводны, хто стаіць у гэтым страі, не падвядзе, — падкрэсліў Іван Кубракоў. — Тут — сапраўдныя патрыёты, абаронцы сваёй Радзімы!»
Сярод наваспечаных лейтэнантаў — прэзідэнцкія стыпендыянты, уключаныя ў банк даных адоранай моладзі, а таксама выдатнікі вучобы, кандыдаты ў майстры спорту. З чырвоным дыпломам акадэмію скончылі 18 выпускнікоў, восем з іх атрымалі яшчэ і залатыя медалі.
Як заўважыў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі генерал-маёр юстыцыі Аляксандр РАХМАНАЎ, афіцэрскі склад нашых сілавых ведамстваў папоўніўся новай зменай — таленавітымі, мэтанакіраванымі выпускнікамі, якія любяць сваю краіну.
Маладыя афіцэры працягнуць службу як у Міністэрстве ўнутраных спраў, так і ў Міністэрстве абароны, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўным пагранічным камітэце.
Вераніка КАНЮТА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[5] https://zviazda.by/be/tags/ploshcha-dzyarzhaunaga-scyaga
[6] https://zviazda.by/be/tags/mus
[7] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-mus
[8] https://zviazda.by/be/tags/aficerskae-zvanne
[9] https://zviazda.by/be/tags/dyplomy