Беларускія спартсмены ўсё яшчэ адхілены ад міжнародных спаборніцтваў. Але недахопу турнірнага вопыту ў іх не будзе. Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка расказаў, што Беларусь і Расія павялічваюць колькасць агульных спаборніцтваў з запрашэннем каманд з краін СНД, БРІКС і ШАС.
Усяго ў 2022 годзе і зімовым сезоне 2022-2023 гадоў на тэрыторыі дзвюх краін прадугледжваецца правядзенне больш за 800 спартыўных мерапрыемстваў па 48 відах спорту. Плюс да гэтага ў перспектыве на спаборніцтвы, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі і Расіі, будуць запрашацца ўдзельнікі з СНД, БРІКС, ШАС. Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што абедзве краіны ўжо стварылі новыя спартыўныя спаборніцтвы ў фармаце ліг і кубкаў з асобнымі этапамі ў барацьбе, гандболе, біятлоне, валейболе, шэрагу іншых відаў спорту.
«Калі гаварыць прама, па сутнасці, спартыўныя чыноўнікі міжнародных арганізацый проста пазбавіліся моцных сапернікаў у асобе расійскіх і беларускіх спартсменаў», — сказаў віцэ-прэм’ер.
А тым часам стала вядома, што беларускія спартсмены змогуць выступіць на летніх гульнях паралімпійцаў «Мы разам. Спорт». Пра гэта расказаў віцэ-прэм’ер Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Чарнышэнка. «Летнія гульні паралімпійцаў стануць яшчэ адным маштабным спаборніцтвам, якое пройдзе пад эгідай руху “Мы разам. Спорт”. Папулярнасць зімовых гульняў у Ханты-Мансійску пацвярджае іх актуальнасць, у тым ліку для замежных каманд. У летніх гульнях у Сочы плануюць прыняць удзел больш за 850 спартсменаў, у тым ліку 150 з іх — прадстаўнікі Беларусі, Арменіі і Туркменістана. Таксама ідзе ўзаемадзеянне па арганізацыі ўдзелу атлетаў з краін ШАС, БРІКС і СНД», — паведаміў Дзмітрый Чарнышэнка.
А што цяпер?
Актыўна праводзяцца спаборніцтвы паміж спартсменамі дзвюх краін. Так, на мінулым тыдні ў Мінску прайшоў чэмпіянат Саюзнай дзяржавы па фехтаванні. На жаль, гаспадары турніру засталіся без медалёў. А з 29 чэрвеня па 2 ліпеня ў Брэсце пройдзе адкрыты Кубак Беларусі па плаванні. Як расказалі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі плавання, гэта будуць асабістыя спаборніцтвы з камандным залікам. У турніры прымуць удзел 342 атлеты. У Брэсце збяруцца зборныя абласцей і Мінска, прадстаўнікі нацыянальнай каманды, у тым ліку яе лідары Ілья Шымановіч і Анастасія Шкурдай. З Расіі прыедзе таксама моцны склад: прызёры Алімпійскіх гульняў, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы. І гэта толькі бліжэйшыя турніры паміж прадстаўнікамі Беларусі і Расіі.
Не варта забываць, што ў наступным годзе з 3 па 15 жніўня ў Беларусі пройдуць II Гульні краін СНД. Чакаецца, што ўдзел у іх прымуць каля трох тысяч спартсменаў. Праграма гульняў прадугледжвае спаборніцтвы па 20 відах спорту ў дзевяці гарадах Беларусі.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/spartyunyya-spabornictvy
[7] https://zviazda.by/be/tags/igar-petryshenka