Спецыяліст па паштовай дзейнасці Бабруйскага паштовага аддзялення № 9 Зінаіда Сямёнава ў сваю прафесійную сферу трапіла, як яна сама кажа, выпадкова. Ішла па родным Бабруйску, будучы яшчэ зусім юнай, і ўбачыла аб'яву «патрабуюцца паштальёны».
— Пачала працаваць паштальёнам, і мне спадабалася. Прыйшоўся па душы калектыў, натхніла праца, бо гэта заўсёды жывыя зносіны з людзьмі. Потым адвучылася ў Віцебскай акадэміі сувязі і вось ужо дзесяць гадоў працую на пошце. І ні разу не пашкадавала аб выбары прафесіі.
Марына Трухан, начальнік аддзялення паштовай сувязі № 27 Бабруйска, наадварот, да працы на пошце ішла мэтанакіравана. Дванаццаць гадоў таму пачала працаваць аператарам, стала намеснікам начальніка паштовага аддзялення. У 2017 годзе заняла прэстыжнае трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод начальнікаў і намеснікаў начальнікаў аддзяленняў паштовай сувязі і сёння ўзначальвае цэнтральнае аддзяленне сувязі Бабруйска. Нядаўна абараніла магістарскую дысертацыю ў Акадэміі сувязі.
Абедзве дзяўчыны перакананыя: як бы ні мяняўся свет, пошта была, ёсць і будзе. Таму што гэтая служба вельмі патрэбная людзям.
— Работа пошты вельмі змянілася за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, — канстатуе Марына. — Усё больш паслуг у анлайн-фармаце. Кліент можа, не выходзячы з дома, адправіць заказное пісьмо, атрымаць паштовыя адпраўленні без пашпарта, па sms-кода. Адна з самых запатрабаваных паслуг і сярод юрыдычных асоб, і сярод звычайных карыстальнікаў — паскораная пошта EMS: сёння на заўтра ці сёння на сёння.
І ўсё ж галоўнае застаецца нязменным, падкрэслівае суразмоўца. Гэта — праца з людзьмі, жывыя зносіны і дапамога людзям. Бо аддзяленні паштовай сувязі ў невялікім, ды і ў вялікім горадзе — адзін з цэнтраў гарадскога жыцця.
— Таму, я перакананая, галоўнае для паштовага работніка — уменне ў любой сітуацыі быць чулым і добразычлівым. На пошту звяртаюцца кліенты розных узростаў, і часам ім трэба, каб іх выслухалі, дапамаглі і параілі.
Ці падпісваюцца сёння людзі на газеты і часопісы?
— І падпісваюцца, і купляюць. Чытаць толькі ў інтэрнэце — гэта падыходзіць для моладзі. Людзі старэйшага ўзросту хочуць узяць газету ў рукі, пагартаць старонкі. Акрамя таго, аддзяленне паштовай сувязі дае пажылым магчымасць мець зносіны. І гэта вельмі каштоўна, — кажа Марына.
У эпоху інтэрнэту многія па-ранейшаму пішуць пісьмы ад рукі і адпраўляюць родным паштоўкі, распавялі паштовыя работнікі.
— Калі атрымліваеш паштоўку з цёплымі пажаданнямі або жывое пісьмо, напісанае рукой мамы ці сястры, — гэта ж зусім іншае, чым электронная паштоўка або перапіска ў месенджары. Такую паштоўку або пісьмо хочацца захаваць на доўгую памяць, — падкрэслівае Зінаіда.
А яшчэ паштальёны — злучальнае звяно паміж тымі пажылымі людзьмі, якім узрост не дазваляе часта выходзіць з дому, і навакольным светам. Яны прыносяць пенсіянерам газеты і часопісы, дастаўляюць прамысловыя тавары паўсядзённага попыту і прадукты харчавання.
— Паштальён прыносіць людзям радасць, — кажа Зінаіда Сямёнава. — Заўсёды прыемна быць для людзей веснікам чагосьці добрага і радаснага. За гэта я і люблю сваю працу.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/babruysk
[5] https://zviazda.by/be/tags/poshta