Таварыства ратавання на водах (АСВОД) праводзіць шэраг прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне гібелі грамадзян на водах. Але, на жаль, няшчасныя выпадкі адбываюцца. Карэспандэнты «Звязды» высветлілі ўсё, што трэба ведаць пра пляжны сезон, і што рабіць, каб не апынуцца пад вадой. Прафілактычная работа вядзецца як у месцах, дазволеных для купання, так і ў забароненых. У дазволеных для купання месцах на ахове жыцця грамадзян стаяць выратавальныя станцыі і пасты АСВОДа. Штодня толькі ў сталіцы на 8 выратавальных станцыях і 9 пастах дзяжураць 52 штатныя работнікі і 26 сезонных ратавальнікаў, якія забяспечаны 7 катарамі і 15 вясловымі лодкамі. Ратавальнікі аснашчаны сучасным вадалазным абсталяваннем і выратавальным інвентаром. На станцыі вадасховішча Дразды вадалазна-выратавальная служба паказала спецыяльную тэхніку і абсталяванні, якімі яны карыстаюцца падчас працы.
«Падрыхтоўка да сезону вялася загадзя. У нас укамплектаваныя цалкам усе штаты, усе ратавальнікі і медыцынскія работнікі здалі адпаведныя залікі. Сродкі ратавання, якія неабходныя для работы станцыі, у наяўнасці і спраўныя. Былі вылучаныя сродкі на пабудову новага пляжу, таму што ў спякоту ў буднія дні тут 1000 людзей, я нават не кажу пра выхадныя. Калі мы праводзім рэйды на тым баку, дзе купацца нельга, людзі задаюць пытанні: «А чаму тут нельга купацца?» Таму што тут няма пляжу. «Дык стварыце новы!» — адзначае старшыня Савецкай горада Мінска раённай арганізацыі АСВОД Алег Перасятнік.
«Дзякуючы сумесным намаганням пляж створаны. 1 ліпеня запланавана адкрыццё, якраз да свята Дня незалежнасці Беларусі. Часта пытаюць: „Возера ж адно і тое ж, але у адным месцы дазволена купанне, а ў іншым забаронена, чаму так?“ Справа ў тым, што, па-першае, напярэдадні сезону чысціцца дно, вадалазамі дастаецца адтуль ўсякае смецце. Чалавек можа заходзіць у ваду не баючыся, што ён параніцца. Па-другое, ратаванне. Мы не можам ахапіць усе вадаёмы, але там, дзе ёсць пляжы, нашы ратавальнікі пастаянна дзяжураць. Ёсць упэўненасць, што, калі чалавеку стане дрэнна, яму будзе аказана дапамога», — падкрэслівае Алег Перасятнік.
На ўзбраенні вадалазна-выратавальнай службы маецца вадалазны рыштунак для забеспячэння вадалазных работ. Маюцца вадалазныя касцюмы сухога і мокрага тыпу, ласты, аквалангі, для таго, каб вадалазы маглі выконваць свае задачы пад вадой. Зараз сіламі манеўрана-пошукавай групы праходзяць заняткі — трэніровачныя спускі. Для экстранага выезду і ажыццяўлення пошуку ў штаце маецца спецыяльная група. Яна перасоўваецца на службовым аўтамабілі, з сабой маецца катэр з дадатковым абсталяваннем — санарам, які забяспечвае пошук прадметаў альбо патанулых людзей.
Работа не з лёгкіх, спалучаная з цяжкімі ўмовамі, звязанымі са знаходжаннем пад ціскам у вадзе на розных глыбінях. Таму для працы патрабуюцца спецыяльна падрыхтаваныя людзі, якія маюць добрае здароўе і валодаюць адпаведнымі ведамі, навыкамі і ўменнямі па правядзенні такіх работ. АСВОД заўсёды вітае ўсіх людзей, якія адгукаюцца для работы ў арганізацыі. Дзверы адчыненыя для моцных, разумных і адважных людзей, якія лічаць сваім абавязкам выканаць адну з важных задач — гэта забеспячэнне бяспекі людзей пры знаходжанні ў вадзе.
Важную ролю ў выкананні задач па недапушчэнні гібелі людзей на водах у месцах вялікай канцэнтрацыі грамадзян аказвае МНС і Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «ЗУБР», а кантроль за бяспекай суднаходства маламерных судоў — Дзяржаўная інспекцыя па маламерных суднах.
Вядома, што 17 з 21 пляжаў знаходзяцца пад пільным наглядам ратавальнікаў. АСВОД сумесна з адміністрацыяй раёнаў падрыхтаваў хадайніцтвы аб стварэнні 4 новых пастоў. Сёння ўжо прынята рашэнне аб адкрыцці 2 пастоў на пляжах Заслаўскага вадасховішча, а яшчэ 2 адкрыюцца ў 2023 годзе.
Каб стварыць бяспечныя ўмовы для адпачынку грамадзян ля вады і павялічыць колькасць месцаў, дазволеных для купання, сёлета па рэкамендацыі Таварыства ратавання на водах адміністрацыя Савецкага раёна ўводзіць у дзеянне новы пляж на Цнянскім вадасховішчы. Таксама ўжо адкрыты адзін ведамасны пляж ААТ «Сябры» на вадасховішчы Дразды. Працягваецца і работа па абсталяванню пляжаў сродкамі відэакантролю, гукавой абвестцы, месцамі купання для дзяцей.
Для забеспячэння на пляжах і прылеглых тэрыторыях належнага грамадскага парадку, а таксама для выяўлення правапарушэнняў, звязаных з распіццём спіртных напояў і купаннем у забароненых месцах, АСВОД сумесна з ГУУС Мінгарвыканкама вызначылі алгарытм узаемадзеяння: ад парадку патрулявання да прыняцця прэвентыўных мер рэагавання да парушальнікаў.
«За распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў забароненых месцах, у тым ліку і на пляжы, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць паводле артыкула 19 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных парушэннях, якая прадугледжвае штраф да 8 базавых велічынь (1 БВ — 32 беларускія рублі). Пры паўторным выяўленні такіх фактаў і складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні штраф павялічваецца да 15 базавых велічынь, альбо адміністрацыйны арышт. Неабходна адзначыць, што за купанне ў забароненых месцах, дзе гэта не вызначана адпаведнымі арганізацыямі, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 24.42 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных парушэннях, што цягне накладанне штрафу да 3 базавых велічынь. Калі ж грамадзянін купаўся ў забароненым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, то гэта з’яўляецца акалічнасцю, якая абцяжарвае адміністрацыйную адказнасць, і адпаведна штраф будзе большым», — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама, падпалкоўнік міліцыі Сяргей Прыгодзіч.
Сваю эфектыўнасць у папярэджанні гібелі людзей у месцах, забароненых для купання даказалі сумесныя рэйды АСВОД, МНС, органаў унутраных спраў і БРСМ. Быў распрацаваны і ўзгоднены паміж бакамі графік сумесных рэйдаў.
Дзеля аховы жыцця і здароўя грамадзян адміністрацыямі раёнаў ва ўстаноўленым парадку вызначаны месцы, забароненыя для купання. Для абазначэння гэтых месцаў Таварыствам ратавання на водах прапанаваны ўзор інфармацыйнага стэнда. Яны павінны размяшчацца на берагах вадаёмаў, вызначаных разам з работнікамі пракуратуры і адміністрацыяй раёнаў. Сумесная мэтанакіраваная работа дазволіць гарантаваць бяспеку грамадзян на вадаёмах сталіцы ў купальны перыяд.
На Цнянскім вадасховішчы дзяжурная змена ратавальнікаў і супрацоўнікі органаў унутраных спраў праводзілі адпрцоўкі пазаштатнай сітуацыі па дастаўцы грамадзяніна, які купаўся ў забароненым месцы, на бераг. З парушальнікам правялі прафілактычную гутарку і прыцягнулі яго да адміністрацыйнай адказнасці.
Таксама быў прадэманстраваны выпадак патаплення чалавека ў вадзе: яго выратавалі, даставілі на бераг, аказалі пацярпеламу першую дапамогу і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі.
Акрамя таго, для папярэджання парушэнняў правіл бяспекі ў вадзе з дзецьмі, супрацоўнікі праваахоўных органаў і працоўнікі Таварыства ратавання на водах правялі прафілактычную гутарку з маці, чыё дзіця знаходзілася ў вадзе без нагляду.
Асаблівая ўвага была нададзена правілам паводзін, абавязковым да выканання на адкрытай вадзе. Як распавёў намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі кандыдат медыцынскіх навук урач-нейрахірург Кірыл Крыварот, адна з прычын, якая цягне гібель людзей на вадзе, — купанне ў забароненых месцах. Таму вельмі важная рэкамендацыя — купацца толькі ў спецыяльна адведзеных мясцоўнасцях, дзе пляж для гэтага ачышчаны і абсталяваны. Не варта плаваць у суднаходных частках вадаёма, заплываць за буйкі, ныраць з лодкі або ў незнаёмым месцы.
«Найбольшую небяспеку ўяўляюць ныранні ў непрызначаных для гэтага месцах. У выніку удараў галавой аб дно пашкоджваюцца шыйныя аддзелы пазваночніка і спіннога мозгу, што багата адмовай працы рук і ног, парушэннем функцый тазавых органаў. Мы, як нейрахірургі, робім усё магчымае, але шкода, якая была нанесена спінному мозгу ў такіх выпадках, у большасці сваёй непапраўная. Такія ныранні заканчваюцца інвалідызацыяй», — падкрэсліў Кірыл Крыварот.
Яшчэ адна важная рэкамендацыя медыкаў — захаванне пітнога рэжыму. «Адпачываць на вадзе трэба правільна. Па-першае, ўжываць вялікую колькасць вадкасці. Па-другое, па магчымасці пазбягаць прамых сонечных прамянёў», — параіў Кірыл Крыварот.
Важнае правіла, якое неабходна выконваць, адпачываючы ля вады, — забарона на ўжыванне любых спіртных напояў. Аналіз няшчасных выпадкаў на водах у 2020-2021 гадах паказвае, што адна з асноўных прычын гібелі людзей — парушэнне мер бяспекі на вадзе ў стане алкагольнага ап’янення. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца і ў 2022 годзе. З агульнай колькасці патанулых у 2022 годзе 58 чалавек знаходзіліся ў стане алкагольнага (наркатычнага) ап’янення.
Напрыканцы карэспандэнты наведалі і выратавальную станцыю Камсамольскага возера. Там была праведзена трэніроўка па выратаванні грамадзян, якія ўпалі ў ваду з катамарана. Любое парушэнне правілаў бяспекі можа прывесці да падзення, што і адбылося. Чалавек зняў камізэльку бяспекі, стаў на катамаран і пачаў песціцца, пасля чаго страціў раўнавагу і апынуўся ў вадзе. Асабліва важна аказаць хуткую дапамогу, пасля пяці хвілін адмірае галаўны мозг — асноўны орган. Але нам пашчасціла: хулігана выратавалі. Таксама паказалі, як ловяць правапарушальнікаў, што перапраўляюцца на гідрацыкле па забароненым месцах.
Падагульніў усё вышэйсказанае Старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» Анвар Ігамбердзіеў:
«Дзесьці з 6 чэрвеня ў Рэспублікі Беларусь усталявалася гарачае сухое надвор’е. На сённяшні дзень, па нашым аператыўным дадзеным, патануў 171 чалавек, з іх 10 непаўналетніх. У мінулым годзе ў нас патанула на 21 чалавека больш — 192 чалавекі, з іх 12 непаўналетніх.
Складаная карціна склалася ў нас і ў гэтым годзе: тэмпература б’е рэкорды, і народ ідзе да месцаў масавага адпачынку, туды, дзе ёсць вада. У нас трохі знізілася колькасць гібелі непаўналетніх. Асноўная прычына гібелі нашых дзетак — гэта пакіданне іх без нагляду. Трэба трымаць дзяцей на адлегласці выцягнутай рукі.
З усталяваннем гарачага надвор’я ў рэспубліцы пачасціліся выпадкі, калі гінуць у начны час. Моладзь выязджае да вады, вядома, дзесьці і злоўжывае спіртнымі напоямі, ідзе у незнаёмае месца купацца і, як вынік, часам здараецца і бяда.
Сёння ў нас 435 месцаў, прыстасаваных для купання, летась было 424. Павялічылася колькасць забароненых месцаў — 2843, больш на 997 месцаў. Але забароненыя месцы ўстанаўліваюць выканаўчыя органы мясцовай ўлады, яны публікуюць іх на сайтах. Але ёсць неабсталяваныя месцы для купання: чалавек бачыць вадаём, заходзіць туды, але не ведае, якая там акваторыя, плынь, якон дно.
Ідзе маніторынг МНС месцаў масавага адпачынку — у мінулыя выхадныя праходзіў маніторынг па Мінскай вобласці. У нас шмат прыгожых месцаў, але гэта кар’еры, небяспечныя месцы, дзе глыбіня можа дасягаць 10 і больш метраўметраў, дзе складана дапамагчы чалавеку, які трапіў у бяду. Гэта тэхнічныя вадаёмы, плаціны, дзе магчыма зацягванне. Таму мы заклікаем — будзьце пільныя на вадзе. Адпачынак павінен быць карысным і ісці нам толькі на здароў’е».
Апынуўшыся на пляжы, не варта спадзявацца на лёс — будзьце пільныя кожную хвіліну, не зводзьце вачэй з дзяцей. «Толькі што быў тут» і «Адвярнулася на хвілінку», — так часта адказваюць бацькі, якія сядзяць на беразе. Бо аб тым, што вада не даруе бестурботнасці вядома кожнаму.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Крысціна ДУБАЎЦОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/spyakota
[3] https://zviazda.by/be/tags/kupanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/mns
[5] https://zviazda.by/be/tags/asvod