З праваслаўнага пункту гледжання, толькі таінства царкоўнага вянчання робіць двух людзей сям'ёй. У таінстве вянчання закладзены глыбокі сэнс. Вырашыцца на царкоўны шлюб мужчына і жанчына могуць, спытаўшы сябе, ці гатовыя яны прайсці рука аб руку ўвесь свой доўгі жыццёвы шлях. Але ў нашы дні маладыя, здараецца, вянчаюцца, таму што «гэта прыгожа», таму што гэта цікавая частка вясельнай праграмы і старажытны цудоўны звычай. Або таму, што бралі шлюб іх сябры ці сваякі…
Як правільна ставіцца да таінства вянчання, каб сям'я была моцнай, а сумесны жыццёвы шлях мужчыны і жанчыны — шчаслівым, мы спыталі ў настаяцеля прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, святара Аляксандра Пальчэўскага.
Для таго, каб стаць мужам і жонкай з пункту гледжання закона, сёння дастаткова зарэгістраваць шлюб у ЗАГСе, атрымаць славуты «штамп у пашпарце» і пасведчанне аб шлюбе. Супрацоўнікамі органа запісу актаў грамадзянскага стану рашэнне аб стварэнні сям'і, прынятае жаніхом і нявестай, рэгіструецца — як публічнае сведчанне іх адказнасці адно за аднаго і за будучых дзяцей. Гэта неабходна ў першую чаргу для юрыдычнага прызнання правоў мужа і жонкі — каб засцерагчы іх, калі «сямейная лодка разаб'ецца аб побыт». Пры разводзе дзяліць маёмасць прасцей людзям, якія афіцыйна зарэгістравалі свае адносіны, чым тым, хто жыў у грамадзянскім шлюбе.
У царкоўнага вянчання — зусім іншыя мэты. Таінства вянчання дае магчымасць мужу і жонцы засведчыць перад Богам і царквой свой намер жыць у міры і любові па запаведзях Божых, дапамагаць адно аднаму ісці за Хрыстом, выхоўваць дзяцей у хрысціянскай веры.
— Вянчанне — адно з сямі таінстваў Праваслаўнай царквы, — тлумачыць айцец Аляксандр. — Кожнае таінства прадугледжвае прысутнасць Бога ў тым дзеянні, якое здзяйсняецца ў храме. Святар з'яўляецца выканаўцам вонкавым, але духоўна, нябачна падчас таінства дзейнічае сам Бог. І гэта справядліва і ў выпадку з таінствам вянчання: адбываецца асаблівае ўздзеянне благадаці Святога Духа на мужчыну і жанчыну, якія ўяўляюць сабой сям'ю, адно цэлае.
Модзе падпарадкоўваюцца многія сферы жыцця, а калі казаць аб вясельнай індустрыі, тут мода моцная як нідзе. Яна закранае не толькі выбар сукенкі, рэстарана і лімузіна, але і такое важнае пытанне, як вянчанне.
— Сапраўды, бывае, што маладыя ставяцца да вянчання як да часткі вясельнай праграмы, — кажа святар. — Правільна ставіцца да гэтага таінства як да богаслужэння — гэта значыць, да служэння Богу. Усе царкоўныя таінствы заўсёды звязаныя з галоўным таінствам — Прычасцем. Таму вянчанне часта адбываецца пасля боскай літургіі. Пары, якія жывуць царкоўным жыццём, заўсёды вельмі адказна ставяцца да вянчання. Яны рыхтуюцца да яго, праводзяць папярэднія дні ў посце. У дзень вянчання прыходзяць да літургіі разам, прычашчаюцца Святых Хрыстовых Таінстваў і толькі пасля гэтага ўдзельнічаюць у таінстве вянчання. Так адбываецца ў хрысціянскай сям'і. Да вянчання трэба ставіцца як да вельмі трапяткога, свяшчэннага, важнага духоўнага дзейства.
Іншымі словамі, у храме саюз мужчыны і жанчыны благаслаўляе Бог. І гэта дзейства ў першую чаргу мае на ўвазе доўгае сумеснае жыццё, а пра магчымасць разводу, хай і гіпатэтычную, гаворкі тут не вядзецца.
— Развод магчымы нават пасля вянчання, і, на жаль, часам мы гэта бачым. Калі адбываецца развод свецкі, царква канстатуе, што шлюб губляе сілу, свой кананічны змест. Вядома, заўсёды Царква клапоціцца аб тым, каб сям'я была захавана. Святар праводзіць гутаркі, імкнецца падтрымаць двух людзей, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі ў адносінах. Але калі мы разумеем, што захаваць сям'ю немагчыма, пытанне пераходзіць у веданне архіерэя. Калі ён прымае рашэнне прызнаць царкоўны шлюб несапраўдным, аб гэтым выдаецца пасведчанне.
І ўсё ж таінства вянчання — дзейства, накіраванае на вечны саюз: «што Бог злучыў, тое чалавек не павінен падзяляць», сказана ў Евангеллі (Мк 10: 9).
— Па словах апостала Паўла, шлюб падобны да саюза Хрыста і Царквы, — тлумачыць суразмоўца. — Муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы. Як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі — сваім мужам. І яшчэ сказана: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе». Саюз, адзінства і любоў мужчыны і жанчыны ў хрысціянстве параўноўваецца з адзінствам і любоўю, якія існуюць паміж Богам і Царквой. Адзін святар сказаў: «Акрамя маёй жонкі, усе астатнія жанчыны пасля шлюбу для мяне быццам бы памерлі». Для яго існуе толькі адна жанчына — гэта і ёсць хрысціянскі шлюб.
«Павінны мужы любіць сваіх жонак, як свае цела, — кажа апостал Павел, — бо ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе». Гасподзь сказаў: «Пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоццю. Што Бог злучыў, таго чалавек ды не разлучае». Такім чынам, вянчанне — гэта заключэнне саюза мужа і жонкі і ў зямным жыцці і нават пасля смерці. А значыць, каб вянчацца, трэба быць хрысціянінам і верыць у вечнае жыццё.
Заўважым, што вянчанне магчыма толькі пасля таго, як у ЗАГСе пастаўлены штамп.
— Абавязковая ўмова для вянчання — удзельнічаць у таінстве могуць толькі людзі, якія знаходзяцца ў афіцыйным шлюбе. Справа ў тым, што ў храме саюз мужчыны і жанчыны благаслаўляецца Богам і прызнаецца Царквой, калі да шлюбу няма перашкод.
Святар можа адмовіць пары ў вянчанні. Гэта адбываецца, калі адзін або абодва маладыя не хрысціяне ці не ахрышчаны; адзін або абодва непаўналетнія; адзін або абодва ўжо знаходзяцца ў шлюбе; муж і жонка знаходзяцца ў кроўным сваяцтве (напрыклад, стрыечныя брат і сястра); адзін з маладых ужо браў шлюб тры і больш разоў; чалавек даў манашаскія абяцанні, і ў некаторых іншых выпадках. Як бачым, такога пункта, як «неўцаркоўленасць» або «вянчанне як даніна модзе» ў гэтым спісе няма. Але са свайго боку святары імкнуцца зрабіць усё, каб маладая пара ўсвядоміла важнасць свайго рашэння і зразумела сэнс таінства.
— Сёння перад вянчаннем ва ўсіх праваслаўных храмах праводзяцца гутаркі са святаром. І лепш, калі гутарка будзе не адна, а некалькі. Святары імкнуцца растлумачыць маладым самае галоўнае — сэнс і змест таінства вянчання і паняцце хрысціянскага шлюбу.
Трэба падумаць, вучаць святары, ці зможаш ты быць да канца верным свайму мужу (або сваёй жонцы)? Нават у выпадку, калі ён (ці яна) сур'ёзна захварэе або пазбавіцца працаздольнасці ў выніку няшчаснага выпадку? Ці зможаце вы «несці нягоды адно аднаго», як наказана Бібліяй?
— Падчас вянчання ёсць сімвалічнае дзейства: мужу і жонцы прапануецца выпіць віно з агульнай чары. Гэта старажытны звычай, сімвал цуду, які здзейсніў Гасподзь, ператварыўшы ваду ў віно. А яшчэ гэта сімвал таго, што цяпер гэтыя мужчына і жанчына будуць дзяліць пароўну радасці і беды.
Калі святар адчувае, што рашэнне маладых — не заклік душы, а даніна модзе, ён можа прапанаваць ім адкласці вянчанне для таго, каб яны больш адказна падрыхтаваліся да таінства.
Успрымаючы вянчанне проста як прыгожы старадаўні абрад, часам людзі забываюць, што дэталі, надзвычай важныя для сучасных маладых (лімузін, вясельныя строі, відэааператар і гэтак далей) на самай справе на вянчанні зусім не абавязковыя. Трэба ўлічыць ўсяго некалькі патрабаванняў. Найважнейшае з іх — разуменне сутнасці вянчання і прыняцце яе. І папярэдні ўдзел у літургіі, без якога таінства вянчання ператворыцца проста ў фармальнасць.
— На вянчанні неабходныя пярсцёнкі, вянчальныя свечкі, ручнікі (іх можна купіць у храме), вянчальныя абразы Збавіцеля і Багародзіцы (гэтымі абразамі святар благаслаўляе маладых), а таксама вянцы (яны заўсёды ёсць у царкве), — кажа айцец Аляксандр.
Што датычыцца кошту вянчання, у кожным храме ён свой, і часцей за ўсё гэта ахвяраванне ад сям'і, памер якога вызначаецца асобамі, якія бяруць шлюб. Таксама важна памятаць, што вянчанне здзяйсняецца не ў любы дзень: у святочныя дні або ў дні строгага посту гэта немагчыма.
Той звычай вянчання, які мы ведаем сёння, цалкам аформіўся да ІX стагоддзя ў Візантыі. Заручальныя пярсцёнкі ў тыя часы часта выконваліся ў выглядзе пячаткі, якой можна было змацаваць юрыдычны дакумент, напісаны на васковай таблічцы. Гістарычна пярсцёнак — сімвал улады: «Жонка не ўладная над сваім целам, але муж; гэтак сама і муж не мае ўлады над сваім целам, але жонка», сказана ў Пісанні. Абменьваючыся такімі пячаткамі (лічыцца, што жонка носіць пярсцёнак мужа і наадварот), муж і жонка давяралі адно аднаму не толькі сваю маёмасць, але і сваё цела — гэта значыць, ніякія здрады пасля царкоўнага шлюбу недапушчальныя. Гэта сімвалічнае значэнне замацавалася за пярсцёнкамі да нашых дзён: вернасць, адзінства, непарыўнасць сямейнага саюза. Пярсцёнкі могуць быць зробленыя з любога матэрыялу, неабавязкова золата. Падпаленыя свечкі ў руках маладых сімвалізуюць чысціню шлюбу: «Хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўныя былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены». А вянкі, якія трымаюць над галовамі маладых падчас таінства, сведчаць аб царскай годнасці маладых, якім трэба будзе будаваць сваё царства ў асобна ўзятай сям'і.
— Вянкі — старажытны сімвал не толькі царскай годнасці, але і Царства Нябеснага, да якога закліканы ўсе хрысціяне. Жыццё ў сям'і, якая вызначаецца як «малая царква», павінна спрыяць духоўнаму развіццю мужа, жонкі і дзяцей, каб яны маглі ўвайсці ў Царства Божае, — тлумачыць святар.
Іконы ж застаюцца на памяць павенчанай пары, як сімвал благаславення Божага.
— Ёсць сем'і, дзе жывая традыцыя перадаваць вянчальныя абразы з пакалення ў пакаленне — напрыклад, ад маці да дачкі.
І напрыканцы — яшчэ адна рэкамендацыя парам, якія вырашылі замацаваць свой саюз царкоўным шлюбам. Адкрытыя вясельныя і вячэрнія сукенкі на шлюбе недапушчальныя (аб адпаведным знешнім выглядзе трэба падумаць не толькі маладым, але і іх гасцям). Для наведвання храма наогул, а для ўдзелу ў таінстве асабліва варта выбіраць вопратку больш доўгую, без разрэзаў і дэкальтэ.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/carkva
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyanchanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/shlyub