Адно з найбольш важных для насельніцтва пытанняў абмеркавалі падчас закрыцця восьмай сесіі Савета Рэспублікі, якое адбылося ў Гродна.
Законапраект «Аб змяненні кодэксаў» (па пытаннях зямельных адносін і самавольнага будаўніцтва) сенатарамі быў адобраны. Дакумент прадугледжвае змяненне Кодэксу аб зямлі.
Як паведаміў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Мікалай БОБЕР, мэтамі законапраекта з’яўляюцца забеспячэнне спрыяльных умоў землекарыстання ў рэгіёнах, пашырэнне правоў мясцовых органаў улады і землекарыстальнікаў па распараджэнні і выкарыстанні зямельнымі ўчасткамі, развіццё грамадзянскага абароту зямельных участкаў і ўключэнне ў яго нявыкарыстаных земляў, спрашчэнне парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, а таксама аптымізацыя ўмоў прадастаўлення ўчасткаў суб’ектам гаспадарання шматлікіх форм уласнасці.
Праект закона ўтрымлівае тры блокі змяненняў. У прыватнасці, за кіраўніком дзяржавы замацоўваецца вырашэнне фундаментальных пытанняў, якія датычацца выкарыстання сельскагаспадарчых і лясных земляў. Савет Міністраў надзяляецца кампетэнцыяй па ўстанаўленні парадкаў адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, пераводу земляў з адных катэгорый і відаў у іншыя. Карэкціруюцца паўнамоцтвы раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў.
Нормы законапраекта дадуць магчымасць значнай частцы насельніцтва рэалізаваць свае магчымасці па распараджэнні зямельнымі ўчасткамі, упарадкаваць аб’екты самавольнага будаўніцтва і ў цэлым будуць садзейнічаць развіццю сельскіх тэрыторый. У прыватнасці, павялічваюцца памеры зямельных участкаў, якія прадастаўляюцца грамадзянам у сельскіх населеных пунктах. Акрамя таго, новаўвядзенні дазволяць значнай частцы насельніцтва рэалізаваць свае магчымасці ў пытанні легалізацыі правоў на самавольна заняты зямельны ўчастак, а мясцовыя органы ўлады змогуць вырашыць свае праблемы, якія датычыцца зямельных адносін. У прыватнасці, законапраектам дапускаецца змяняць межы гэтых участкаў без карэкціроўкі праекта арганізацыі тэрыторыі таварыства, што дазволіць скараціць колькасць адміністрацыйных працэдур і лішніх узгадненняў.
— Прэзідэнт неаднаразова звяртаў увагу на тое, што рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў — фундамент стабільнасці любой дзяржавы, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл РУСЫ. — Прыняцце праекта закона дазволіць комплексна ўдасканаліць зямельныя адносіны, вырашыць праблемы землекарыстальнікаў, якія назапасіліся, і акажа пазітыўны эфект на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-ab-zmyanenni-kodeksau
[6] https://zviazda.by/be/tags/parlamencki-dzyonnik-0