Дэпутаты на заключным пасяджэнні восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь», перадае [3] БелТА.
Законапраект распрацаваны Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу ў адпаведнасці з пунктам 8 Плана мерапрыемстваў па прывядзенні законаў у адпаведнасць са змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме.
Праектам закона ўносяцца змяненні, абумоўленыя прыняццем змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Карэкціроўка закона грунтуецца на практыцы работы палат парламента і накіравана на далейшае ўдасканаленне іх дзейнасці.
«У аснову работы над законапраектам мы паклалі тры крытэрыі, — сказаў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка. — Першае — неабходнасць абнаўлення заканадаўчай базы ў сувязі з праведзеным 27 лютага рэферэндумам па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Другі крытэрый — неабходнасць прывядзення заканадаўства аб парламенце ў адпаведнасць з правапрымяняльнай практыкай. Апошні раз гэты закон змяняўся ў 2008 годзе. Тое, што мы прапрацавалі з ім 14 гадоў, сведчыць аб тым, што ён выканаў свае функцыі і адпавядаў патрабаванням, якія да яго прад’яўляліся на этапе прыняцця гэтага рашэння. З улікам рэалій сённяшняга дня, ёсць неабходнасць карэкціроўкі асобных момантаў. Трэці крытэрый заключаецца ў тым, што названы закон неабходна прыводзіць у адпаведнасць з іншымі заканадаўчымі актамі, якія ў апошнія гады зведалі змяненні».
Сімвалічна, што дэпутаты вырашылі абнавіць заканадаўства, якое рэгламентуе работу парламента, дадаў Валянцін Семяняка: «Сярод навацый, якія прапануюцца, — тыя нормы, што зыходзяць з законаў. Яны датычацца парадку фарміравання Палаты прадстаўнікоў і Нацыянальнага сходу, парадку роспуску, выбрання новага складу».
«Напрыклад, у адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі змяняецца тэрмін кадэнцыі з 4 да 5 гадоў. Выбары будуць ажыццяўляцца ў адзіны дзень галасавання. Калі палаты будуць распушчаны датэрмінова, то наступны склад будзе выбраны на тэрмін да новага адзінага дня галасавання. У адпаведнасці з патрабаваннем Канстытуцыі ўносім норму аб тым, што членам Савета Рэспублікі з яго згоды можа быць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які спыніў свае паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканчэннем тэрміну або датэрмінова пайшоў у адстаўку», — сказаў ён.
Шэраг навел будзе датычыцца пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, Нацыянальным сходам і Усебеларускім народным сходам.
«У прыватнасці, Усебеларускі народны сход упаўнаважаны Канстытуцыяй на прыняцце праграм развіцця нашай дзяржавы, Ваеннай дактрыны, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Гэтыя функцыі пераходзяць ад парламента да Усебеларускага народнага сходу», — сказаў на заканчэнне Валянцін Семяняка.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://www.belta.by/photonews/view/deputaty-prinjali-v-pervom-chtenii-zakonoproekt-o-natsionalnom-sobranii-belarusi-29568/
[4] https://zviazda.by/be/tags/deputaty
[5] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou
[6] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-shod