Пляцоўку імпартазамяшчэння БУТБ як інструмента развіцця гандлёвых адносін прадставілі на пасяджэнні сумеснага Беларуска-Расійскага дзелавога савета, які адбыўся ў рамках IX Форуму рэгіёнаў, паведамілі [2] ў прэс-службе біржы.
У ходзе расказу прадстаўнікам расійскага і беларускага бізнесу аб асаблівасцях і перавагах новай гандлёвай платформы намеснік старшыні праўлення БУТБ Ірына Наркевіч адзначыла важную інтэгравальную ролю лічбавых тэхналогій у трансгранічным гандлі. На яе думку, аблічбоўка працэсу куплі-продажу тавару дала магчымасць істотна пашырыць геаграфію рэалізацыі прадукцыі, што вырабляецца прадпрыемствамі Беларусі і Расіі, што станоўча ўплывае на дынаміку тавараабароту паміж нашымі краінамі.
«Калі раней геаграфічная аддаленасць шмат у чым вызначала ўзровень развіцця гандлёвых адносін паміж рэгіёнамі і краінамі, то сёння, дзякуючы сучасным электронным платформам, фактар адлегласці поўнасцю страціў сваю значнасць. Таму, скарыстаўшыся нашай пляцоўкай імпартазамяшчэння, прадпрыемства з Хабараўскага краю або Якуціі можа без цяжкасцей знайсці пастаўшчыкоў патрэбнага яму тавару, напрыклад, у Гродзенскай або Магілёўскай вобласці і праз інтэрнэт заключыць здзелку. Прычым гандлёвая сістэма не толькі падбярэ тавар, які на 100% адпавядае патрабаванням заказчыка, але і вылучыць лепшую цэнавую прапанову з наяўных. Усё гэта ў аўтаматычным рэжыме і з мінімальнай рызыкай, паколькі біржа кантралюе выкананне кожнага кантракта», — падкрэсліла Ірына Наркевіч.
Прадстаўніца БУТБ таксама расказала пра самыя запатрабаваныя групы тавараў, якія рэалізуюцца на пляцоўцы імпартазамяшчэння. Так, найбольшым попытам у заказчыкаў па-ранейшаму карыстаюцца будматэрыялы, машыны і механізмы, запчасткі да абсталявання, расходныя матэрыялы, тэкстыль. Што да ўдзельнікаў, то асноўная маса — рэзідэнты Беларусі. Аднак апошнім часам усё большую цікавасць да беларускай пляцоўкі праяўляюць замежныя кампаніі, у першую чаргу з Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым яны гандлююць не толькі з беларускімі прадпрыемствамі, але і заключаюць транзітныя здзелкі з іншымі расійскімі кампаніямі або з трэціх краін.
Паводле інфармацыі прэс-службы, на гэты момант на пляцоўцы імпартазамяшчэння БУТБ заключана 2,7 тыс. здзелак на агульную суму Br19,4 млн.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://www.butb.by/news/2022/ploshchadka-importozameshcheniya-butb-predstavlena-na-forume-regionov-belarusi-i-rossii/
[3] https://zviazda.by/be/tags/butb
[4] https://zviazda.by/be/tags/impartazamyashchenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/ix-forum-regiyonau-belarusi-i-rasii