Рыпелі колы, перакочваючыся цераз карэнні соснаў. Кусты арэшніка і алешніка драпалі бакі воза. Седзячы на ахапку сена, прыгажуня Ганна лічыла грошы і размаўляла з сяброўкай:
— Праскоўка, а Праскоўка, колькі грошай калдуну дасі?
— Колькі скажа — столькі і дам, — адказала Праскоўя і пацягнула лейцы. — Но-о!
Гнядая махнула хвастом і пайшла хутчэй.
Бяда звяла і накіравала дзвюх маладзіц у далёкую дарогу. Ніхто ў вёсцы не ведаў, куды яны паехалі. Гарэзлівая, як агонь, Ганна кагадзе аддала замуж дачку. На вяселлі спявала прыпеўкі і з зяцем скакала так, што пыл і іскры ляцелі з-пад абцасаў. «Не бярэ яе ўзрост! — зайздросцілі бабы. — Такая маладая, а ўжо дачку замуж аддае. А сама, сама што творыць: танчыць, а сацінавая спадніца на ёй так і ходзіць, так і ходзіць! Мужыкі галовы звярнулі — зазіраюцца. І куды муж глядзіць? Прыструніў бы!»
Адгулялі вяселле, і... бяды наляцелі: на самы сенакос у мужыка спіну скруціла, затым карова захварэла — па два вядры малака давала, а цяпер ледзь тры літры, млявая ходзіць. І яшчэ бяда пастукалася: на курэй мор напаў, губляюць пёры і дохнуць. Суседка Фрося забягала ў разведку, баіцца, каб яе куры не заразіліся. Здагадку шапнула: «Дажджу даўно не было, можа, Манька праз плот тваім курам чарніцы сыпанула. Або начараваў хтосьці, ці сурочыў?»
Ганна, пералічыўшы грошы, схавала вузельчык на грудзях і паклікала Праскоўю:
— Фрося казала, што Манька курам чарніцы сыпанула на дождж.
— Не гавары глупства, — адмахнулася Праскоўя і паправіла хустку на чорных косах. — Ад чарніцы куры не нясуцца, а твае дохнуць. Гэта курыны мор. Не будзь такая прымхлівая. Лепш падумай, дзе і што яны з’елі.
Праскоўя адрознівалася ад жанчын у вёсцы: пісьменная, год вучылася на настаўніцу, потым замуж выйшла. Брат Рыгор ужо працаваў настаўнікам у суседняй вёсцы. Сям’я iх ў вёсцы была працавітай, дзякуючы старанню змаглі адправіць дзяцей вучыцца ў горад. Усёй сям’ёй працавалі з світанку да заходу. Вяртаюцца з працы, а суседскія дзяўчаты на лавачцы семечкі лузаюць. «Усю працу не пераробіце! Хутчэй прыходзьце», — крычаць здалёк.
Дар’я, маці Праскоўі, — строгая, у Бога верыць, па нядзелях праз лес дзесяць кіламетраў пешшу ў царкву ходзіць. Чаравікі ў торбе за плячом нясе, каб не стаптаць. Калі падыходзіць да царквы, абуваецца і накрывае галаву крэмавай хусткай. Строга выконвае пасты. Але дзяцей Дар’я ніколі не прымушала ў царкву хадзіць: зварот да Бога ад душы павінна ісці, а не ад прымусу.
Калёсы рыпелі то па лясной дарозе, то па незнаёмай вёсцы. Жанчыны разглядалі чужыя двары.
— Забабоны, забабоны, — перадражніла Ганна. — А сама? Калі такая атэістка, чаго да ведзьмака едзеш?
— Сама ведаеш, — буркнула Праскоўя.
У вёсцы ведалі бяду Праскоўі. Замужам за Азарам шэсць гадоў, а дзяцей няма. Нарадзіла першага дзіцёнка дома, калі раніцай печ паліла. У ніжнюю спадніцу загарнула, сама схадзіла за бабкай. Тая дапамагла ёй і дзіця выкупала. А на наступны дзень, павесіўшы калыску з дзіцём на сук дрэва, Праскоўя ўжо жала жыта ў полі, падбягала пакарміць або праверыць, ці не прачнулася дзіця. Любавалася і прыгаворвала: «Сонейка маё яснае, вочкі нябесныя, радасць ты наша».
Вочкі былі па іх роду, Шаўкоўскіх, — блакітныя. У Азараў былі карыя, і сам ён быў смуглявым, моцным. Не адна дзяўчына па ім сохла, а ён выбраў Праскоўю. Свяціліся шчасцем вочы Азара і Праскоўі, зайздросцілі суседзі.
Тройчы нараджала Праскоўя здаровых і прыгожых дзяцей і тройчы хавала: дзвюх дзяўчынак і хлопчыка. Кожны раз сама памірала, калі хавала, бо няма большага гора для маці, чым перажыць сваё дзіця.
Гора пасялілася ў іх хаце: не дажывалі дзеткі да года. Былі разумненькія, прыгожыя, гулялі, а потым у адзін дзень падымалася тэмпература — і не паспявалі да горада іх давезці. Вось і сабралася Праскоўя ў дарогу, таму што не ведала, за што лёс яе карае і як быць.
Ехалі да ведзьмака на другі бок Дняпра. Моцны калдун там жыве, многім дапамагаў, мо і iм дапаможа. Сабрала Праскоўя грошы, узяла яек, смятаны, сала, палатна даматканага і паехала з Ганнай. Ганна баявая, з ёй не прападзеш.
Едуць па лесе, зноў Ганна з хустачкай важдаецца: грошы пералічвае, то так падзеліць, то гэтак.
Дзеду-калдуну больш за сто гадоў. Жыве адзін. Сівы, худы, барадаты, а вочы чыстыя, без старэчай павалокі, уважлівыя. Паглядзіць — мурашкі па скуры, здаецца, бачыць усё ўнутры, і душы ад яго не адвярнуць. На шыі мяшочак з даматканага палатна. Кажуць, у ім кветка папараці. Распавядалі, што сарваў ён яго ў лесе апоўначы на Купалу і з тых часоў стаў празорцам.
Многія прыходзілі да яго на паклон, здалёк прыязджалі. Не адмаўляў у дапамозе. Але з суседзямі не меў зносін, жыў як бірук. Ніхто не памятаў яго жонку, відаць, даўно памерла. Хадзілі да яго на паклон і калгаснікі, калі коней бандыты сагналі. Падказаў. Дзякуючы яго прадбачанню, вярнулі коней, а пасля гэтага бандыты прыйшлі да ведзьмака рахункі звесці. Але кажуць, што ўцякалі яны з хаты Дзеда з пашыранымі ад жаху вачыма і пасля гэтага ў сяло не захаджвалі.
Насустрач жанчынам выйшаў сівы стары ў лапцях, на чыстай кашулі — камізэлька з ваўчынай скуры:
— Чаго завіталі, маладзіцы?
Пакланіліся яму Ганна і Праскоўя, папрасілі дапамагчы.
— Ну, праходзьце ў хату. Здалёку ехалі, — Стары ўсміхнуўся ў сівую бараду і сказаў Ганне: — А ты, маладзіца, відаць, скнара. Усю дарогу грошы лічыла, колькі мне даць. Не хвалюйся, не вазьму я вашых грошай. Я грошай наогул не бяру. Стары я ўжо, нічога мне не трэба. А вам і так дапамагу, душы ў вас чыстыя.
Патупіла Ганна вочы. Як ён мог адгадаць, што па дарозе было?
— Мы з Ямніцы, — сказала Праскоўя, каб даць час апамятацца Ганне.
— У цябе бяда ад сурокаў, — сказаў стары Ганне. — Дачку замуж аддавала?
— Аддавала... — сумелася Ганна.
— Сама на вяселлі скакала? Людзі казалі: «Немаведама каго замуж аддаём, ці тое дачку, ці тое мамку», а ты задаволеная была! — працягваў стары. — Так танчыла, што пыл з-пад чаравікаў ляцеў. Вось і наплясалася, сурочылі цябе. Сядай, пашапчу вады, усё пройдзе, і скаціна паправіцца. — Затым павярнуўся да Праскоўі. — А ты, маладзіца, пасядзі ў свяцёлцы, у цябе пытанне сур’ёзнае. Не кажы, я ўсё ведаю.
Пагладзіў бараду, пацалаваў мяшочак, які на шыі насіў, перахрысціўся і выйшаў у цёмны пакой.
Ціха сядзелі жанчыны на лаўцы. Хата невялікая, пучкі сухіх траў на сценах. Доўгая лаўка. Падлога чыстая, цікава, хто так вымыў? На пячы чыгункі перад засланкай. У куце качарга і вілкі.
Нарэшце выйшаў дзед-вядзьмак i працягнуў Ганне бутэлечку з вадой:
— Тры дні ўмывайся на зорцы ды папі нашча — і ўсё наладзіцца, больш не выхваляйся.
Ганна пачырванела, яна сапраўды любіла пахваліцца. Працягнула хустачку з усімі грашыма, які хавала ад ведзьмака.
Дзед усміхнуўся, не ўзяў:
— Так бяры, але што шкадаваць перастала — ужо добра. Пачакай на двары, я з гэтай маладзіцай пагавару.
Сеў дзед побач з Праскоўяй, панізіў голас:
— Была да цябе ў твайго мужа любушка, Маланняй завуць, начаваў ён у яе, а потым цябе ўбачыў — і так палюбілася ты яму, што ён на ўсё мінулае забыўся. Ты нічога не ведала, а Малання табе не даравала.
Малання жыла праз тры хаты ад іх. Пачула гэта Праскоўя, заплакала і падумала: «Маланья сапраўды глядзіць на мяне скоса».
Дзед працягваў, гледзячы ў вочы:
— Яна зрабіла табе. Пашукай ля вугла хаты закапаны гаршчок, спалі ўсё, што ў ім будзе, на скрыжаванні дарог, гаршчок разбі. А сама не сумуй, не вінаватая ты ні ў чым. Не твой лёс — Азар, сам здзіўляюся, як вы разам. Але, відаць, бывае каханне мацнейшае за лёс. Дам я табе двух дзетак, клікаць іх будуць Мікалай і Таццяна, — сказаў i працягнуў Праскоўі дзве капейкі: — Бяры. Гэта доля і шчасце тваіх дзяцей.
Паклала Праскоўя капейкі ў кішэню саржавай спадніцы.
— Не насі ў кішэні, — сказаў калдун, — а ў мяшочак ды на шыю, як ладанку. Не забудзь, гэта доля тваіх дзяцей. Будуць яны вялікімі людзьмі, а дзеці іх будуць навукоўцамі і душы незвычайнай. І ворагі ў іх будуць, зайздрасць людская ідзе ад прыроды чалавечай. Толькі не збаяцца яны, бо вялікай сілай будуць надзелены, як выбраныя. Не ўсе разумець іх будуць, заганным спасцігнуць чысціню не дадзена.
Не ўсё зразумела Праскоўя з пачутага. Але што дзеці будуць, паверыла. Пацалавала руку дзеду, падзякавала, у той момант усім сэрцам верыла ў тое, у што верыць хацела, і іншай надзеі ў яе не было.
Пасля паездкі знайшла жанчына пад вуглом хаты гаршчок і спаліла ўсё, што ў ім было, як дзед загадаў. Паціху ачуняла ў Ганны жывёла, сама яна спакайнейшая стала. А ў Праскоўі нарадзіўся ладны хлопчык, Рыгорам назвалі. Забылася Праскоўя пра словы дзеда, добра хоць капейкі паклала ў куфар сярод палотнаў.
Не дажыў Грыша да года. І толькі тады ўспомніла Праскоўя навучанні ведзьмака, доўга гаравала і вінаваціла сябе, што не паслухала дзеда. Потым пашыла мяшочак, паклала ў яго дзве капейкі і стала насіць іх на шыі.
Прайшоў час, і на свята Святога Мікалая нарадзіўся ў яе сыночак, назвалі Мікалаем. А яшчэ праз год нарадзілася дзяўчынка, ладная такая. Па патрабаванні бацькоў Азара назвалі яе Галяй.
Дзяўчынку паўгода ўжо як звалі Галкай, калі пайшоў Азар у сельсавет метрыку выпісваць. А тут мужыкі ля сельсавета вядуць размовы, будзе вайна ці не, кажуць, немцы збіраюцца напасці. Убачылі Азара, аклікнулі:
— Ты куды, Азар?
— У сельсавет дачку запісваць.
— А як назвалі?
— Галка.
— Ну ты чаго? Што гэта за імя — Галка! Галка вунь на плоце сядзіць! Назаві Таццянай. Наша імя, рускае. На плоце і сапраўды сядзела галка, паварочваючы галаву, глядзела на мужыкоў то адным, то другім вокам.
Узялі мужыкі бутэльку, на траўку за крамай газетку заслалі, выпілі за здароўе дзяўчынкі. Пасля гэтага разам пайшлі ў сельсавет і запісалі дачку Азара Таццянай. Так і атрымаліся імёны тыя, што калдун сказаў. «Відаць, нешта ёсць на свеце, — падумала Праскоўя. — Можа, маці і мае рацыю, што ў Бога верыць». Доўга яшчэ Таццяну Галкай клікалі, ды потым прывыклі да новага імя.
Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valyancina-bystrymovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/apavyadanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura