У Брэсцкай вобласці знялі забарону на наведванне лясоў. Абмежаванні дзейнічаюць толькі ў чатырох раёнах, паведамляе [1] БелТА.
«Сітуацыя з-за спёкі была напружаная. Да 2 ліпеня практычна ва ўсіх раёнах усталяваўся чацвёрты клас пажарнай небяспекі. Пасля дажджоў ён па ўсёй вобласці знізіўся да першага. Абстаноўка нармальная, можна ісці за чарніцамі», — адзначыў Канстанцін Скрабец, начальнік аддзела аховы, абароны лесу, палявання і паляўнічага турызму Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
У Столінскім, Пінскім, Іванаўскім і Маларыцкім раёнах застаецца абмежаванне на наведванне лясоў.
Дарэчы, на мінулым тыдні лясная ахова на тэрыторыі Палескага лясгаса змагалася з трансгранічным пажарам, які прыйшоў з Украіны. Яго ліквідавалі. У гэтым сезоне гэта быў ужо трэці трансгранічны лясны пажар.
У Брэсцкай вобласці сёлета зарэгістравана 137 лясных пажараў на плошчы 133 га. За такі ж перыяд мінулага года было больш за 70 выпадкаў.
Фота: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/mozhno-idti-za-chernikoj-v-brestskoj-oblasti-snjali-zapret-na-poseschenie-lesov-511878-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[3] https://zviazda.by/be/tags/les
[4] https://zviazda.by/be/tags/yagady
[5] https://zviazda.by/be/tags/turyzm