Проза Алены Брава вымушае павольнага, удумлівага чытання. Менавіта так можна адчуць яе смак — праз дэталі, праз тонкія аўтарскія назіранні. Нарэшце, праз саму рытміку тэкстаў.
Асабліва гэта тычыцца кароткіх апавяданняў пісьменніцы — формы, якая ў нашай прозе часцей за ўсё мае ярка выражаны дакументальны пачатак (гаворка не толькі пра сённяшнюю прозу, але і тую, што пісалася ў дваццатым стагоддзі — Брылём, Сачанкам, Лужаніным, Скрыганом і інш.). Алена Брава ў дадзеным выпадку прапаведуе «чыстае мастацтва», не абцяжараная ўмовай казаць «праўду і толькі праўду». Тым не менш, ёй верыш, суперажываеш разам з яе героямі, уяўляеш іх... І думаеш пра тое, што мастацкі вымысел часам здаецца больш праўдзівым, чым тое, што навязліва папярэджвае цябе: «заснавана на рэальных падзеях».
Алесь БАДАК
Ён, малады, але ўжо вядомы прафесар, запрошаны ў мясцовы ўніверсітэт з лекцыяй, стаяў на вузкай брукаванай вулачцы старога горада. Перад ім былі вітрыны крамаў — раскошна дэкараваныя, багатыя ўсім, што прыдумала чалавецтва для вытанчанасці і задавальненняў. Праваруч была ювелірная — бляск і зіхаценне брыльянтаў, аметыстаў, тапазаў сляпілі вочы, калье і бранзалеты прыгожа абвівалі шыі і рукі манекенаў, буйныя перліны на чорным аксаміце ўражвалі хараством без усялякай штучнасці. Леваруч харчовая лаўка прад'яўляла цуды гастранамічныя: розныя сыры, каўбасы, вяндліну, булкі з румянай скарыначкай, найсвяжэйшую выпечку — круасаны, пірагі, пірожныя, а таксама — шакалад, марскую рыбу, ікру... І шмат такога, чаму ён нават назваў не ведаў. Усё тое, што яму ў дзяцінстве забаранялася есці — абсалютна, цалкам. Да ўніверсітэцкіх год ён не ведаў смаку большай часткі звычайнай чалавечай ежы.
Не, ён не галадаў — маці з усіх сіл старалася, прыдумляючы стравы з садавіны і гародніны. Было пачуццё горычы і неразумення — чаму ён не такі, як усе? Маці тлумачыла, што яго арганізм — асаблівы, бялок для яго — атрута, таму яму нельга тое, што ядуць звычайныя дзеці, інакш яго мозг пачне імкліва дэградаваць, і хутка ён ператворыцца ў ідыёта. Яго інтэлект і псіхіка будуць разбураныя, жорстка казала яна. Гэта немагчыма будзе паправіць, даводзіла, як даросламу, калі ён плакаў і прасіў хлеба з каўбасой, як у суседскіх дзяцей. А ён усё роўна не разумеў і крыўдзіўся на маці. Нашмат пазней даведаўся, што бываюць такія паломкі ў генах, тады і вырашыў прысвяціць сябе вывучэнню генэтыкі.
Яшчэ ён ведаў, што бацька адразу пасля таго, як маці расказала пра рэдкую невылечную хваробу нованароджанага сына, пакінуў іх. Пра бяссонныя ночы ў бальніцах, дзе яго маці і мацеры такіх жа дзяцей вылічвалі грамы малочнай сумесі, якую можна даць іх немаўлятам, каб не перавысіць дапушчальную норму бялку. Аптэкарскія шалі — першае, што ён памятаў свядомай памяццю. Маці штодня ўзважвае на шалях грамы ежы, вычэрчвае графікі, табліцы. Яна сама ела толькі тое, што можна было яму. Не трымала ў хаце забароненых прадуктаў, каб ён не адчуваў сваёй непаўнавартасці. Яны жылі ў вёсцы — людзі па-рознаму ставіліся да іх няшчасця. І той дзень, калі маці вярнулася дадому ў слязах і шпурнула ў печ просценькі срэбны пярсцёнак з бірузовым каменьчыкам — яна купіла яго, упершыню за гады пасля яго нараджэння вырашыла патраціць штосьці на сябе, на бескарысную рэч, рэч для радасці — а суседка, языкастая баба, адразу заўважыла: «Я ж гаварыла, пенсія інвалідная вунь куды ідзе!» — той дзень ён запомніў таксама.
Яна дабілася свайго, маці. Ніколі больш не выйшла замуж, прысвяціла сябе аптэкарскім шалям, на якіх грам за грамам прырастала ягонае жыццё. Калі яму прыспеў час ісці ў школу, дактары здзівіліся: яго інтэлект быў вышэй сярэдняга. Ён вучыўся, як апантаны. Трымаўся строгай дыеты. Хацеў стаць вучоным-генетыкам, і стаў ім. І зараз, разглядваючы ежу ў вітрыне, узгадаў сваю дзіцячую мару: калі дактары дазволяць яму бялок — а гэта адбудзецца, калі станеш дарослым, абяцала маці, — ён кожны дзень будзе прысвячаць новаму смаку: сёння купіць сыру, заўтра — каўбасы... ікры, шакаладу... і зноў сыру, рознага — сметанкова-
жоўтага, малочна-белага, зеленаватага з плесняй, аранжавага... колькі ў яго будзе адкрыццяў! Ён раскладзе ежу перад сабой на стале і будзе есці прагна, рукамі, забыўшыся на харошыя манеры, якім маці яго таксама навучыла.
Цяпер ён меў дазвол дактароў — і магчымасць купіць усё, што на вітрыне: партманет распіраў важкі ганарар. Але зайшоў у суседнюю краму і купіў пярсцёнак з брыльянтам. І не ведаў, што з ім рабіць, бо маці ўжо некалькі год як ляжала на вясковых могілках.
На клумбе каля хірургічнага корпуса растуць касмеі — кветкі яе дзяцінства. Дзяўчаткі бязлітасна абрывалі іх ружовыя, белыя, бардовыя прадаўгаватыя пялёсткі, прыклейвалі на свае абгрызеныя пазногці. Уяўлялі сябе касмеямі — касмічнымі феямі, і грэбліва адварочваліся ад дваровай малечы, што абрывала травінкі, гуляючы ў «курачку» і «пеўніка».
Жанчына выходзіць з хірургічнага корпуса якраз пасля таго, як сонца, расштурхаўшы хмары, што ляжалі ўпавалку, распырскала па мокрых суквеццях ліпы свой залаты сок, запаліла ваду ў фантане, пусціла ўроссып зайчыкаў па ваконных шыбах, па траве, прыбітай да зямлі дажджом. Яна думае пра тое, што ўсяго толькі ліпень, яна паспее прагна выпіць лета, а потым будзе павольна цадзіць восень і зіму, як горкія лекі. Не, лекі ёй больш не спатрэбяцца, а восені ды зіме, калісьці нелюбімым, яна навучыцца радавацца. Абавязкова навучыцца. Бо будзе жыць. Будзе жыць!
Яна ідзе па дарожцы бальнічнага гарадка — за тры тыдні ўсё тут вывучана ёю да дробязяў. Ідзе міма мужчыны ў шаўковай бэзавай піжаме; ягоная стомленая, у зморшчынах жонка штодня прыносіць мужу хатнія стравы ў рондалях. Міма адкрытага акна на першым паверсе, за якім штовечар сядзіць мужчына ў інвалідным вазку з шафранавым колерам твару і пластырам на ключыцы. Шафранавы мужчына ніколі не мяняе паставы.
Тая, якую сёння выпісалі, нічога не ела з ранку. Яна становіцца ў чаргу да палаткі, дзе прадаюць прысмакі і садавіну. Разглядваючы ежу, бакавым зрокам заўважае дзве кульці, абцягнутыя ярка-ружовай навюткай скуркай. На адной з гэтых былых рук захаваўся вялікі палец, і зараз гэты адзіны палец прыціскае да другой, бяспалай кульці румяны жоўты яблык. Павольна, баючыся ўбачыць нешта жахлівае, яна паварочвае галаву. Пакалечаная, у шлёпанцах і халаце, расплочваецца: прадаўшчыца звыкла вывуджвае манеты з яе кашалька.
Жанчына скаланаецца. Ёй ужо не хочацца есці, не хочацца нічога купляць тут. Выбіраецца з чаргі і натыкаецца на позірк шафранавага мужчыны з пластырам. З адкрытага акна той з непрыхаванай зайздрасцю назірае за калекай, якая, спрытна прыціскаючы кульцямі яблык да грудзей, ідзе па дарожцы ў корпус. Падыходзіць санітарка, бязногага перакладаюць на ложак, санітарка зачыняе акно: пасля дажджу прахалодна.
Касмеі адчужана глядзяць у неба. Амытыя дажджом пялёсткі нагадваюць доўгія лакавыя пазногці. На некаторых па зіхоткай кроплі. Сучасныя дзяўчаты сказалі б: манікюр са стразамі.
Жэня ў дзяцінстве не мела кашалька — у гэтым уся справа. Калі б ён у яе быў, дык і вершы яна, можа, пісала б зусім іншыя, і падабаліся б яны ўсім без выключэння. Ну або амаль усім.
Бацькі Жэні развяліся, калі ёй было сем гадоў. Бацьку яна любіла так, што ў горле перасыхала, калі глядзела на яго фатаграфію. Маці забараняла ёй не толькі бачыцца з бацькам, але нават узгадваць пра яго. Вядома, тэлефанаваць бацьку таксама забаранялася. Таму Жэня тэлефанавала яму з аўтамата на рагу, а для гэтага збірала двухкапеечныя манеткі.
Маці давала ёй у школу дзесяць капеек — на булачку і шклянку чаю. Жэня купляла піражок з павідлам за пяць капеек, а чай не купляла зусім, запівала прыкрую саладосць вадой з-пад крана. Так за два дні ў яе набіралася пяць «жоўценькіх».
Зашклёная будка з рыпучымі дзвярыма — замест пабітага шкла праваруч устаўлена фанера. Жэні даводзіцца ўстаць на дыбачкі, каб дацягнуцца да проразі на апараце. Зняць трубку, падобную да абвугленай косткі вялізнай жывёліны. Чуюцца гудкі, бразгат — гэта правалілася ў жалезнае чэрава нагрэтая ў яе далоні манетка. Бацькі няма ў кабінеце. «Што перадаць?» — пытаецца ягоны калега. Жэня моўчкі вешае трубку.
Часам стары апарат, праглынуўшы грошы, глуха маўчыць. У трубцы пануе мёртвая касмічная ноч — ні гудка, ані шолаху. Чорная прорва зжэрла надзею Жэні пачуць: «Прывітанне, дачка». Другая спроба. Манетка падае і працягвае ляцець у пустэчу — бясконцую, бяздонную. Бяззорную. Колькі такіх жоўценькіх медных сонцаў, запушчаных Жэняй, носіцца па зямной арбіце? Засмучаная Жэня выходзіць на ўтаптаны пясок каля будкі, дзе чакае дзяўчынка з другога пад'езда. Яны саўдзельніцы, тое дзяўчо таксама тэлефануе свайму бацьку з аўтамата, праўда, з іншай прычыны: у іхняй кватэры няма тэлефона. Абедзве прагна мараць пра сустрэчу са сваімі бацькамі, але дарма. Бацькі далёка ад іх, а насамрэч — праз пару вуліц, гарадок жа маленькі. У іншых сем'ях, як на іншых планетах. Адзіны спосаб сувязі з імі — праз рубку касмічнага карабля, у якую ператвараецца будка тэлефона-аўтамата, калі тая ці іншая дзяўчынка, нагружаная безнадзейнай любоўю і пяшчотай, уваходзіць сюды.
Дзяўчынку з другога пад'езда завуць Галінкай. Яна старэйшая за Жэню і водзіцца з дрэннымі кампаніямі. Неяк увечары Жэня бачыла яе за гаражамі з Воўкам Кулінчыкам па мянушцы Куля: Воўка вучыў Галінку піць віно з рыльца бутэлькі. Чым маглі скончыцца такія вячоркі, Жэня ўжо ведала: з адной дзяўчынкай з іх школы, што вадзілася з дарослымі хлопцамі, здарылася бяда. Дакладней — БЯДА, менавіта так гэтае слова прамаўлялі настаўніцы, з жахам і шкадаваннем. Дзяўчынка потым памяняла школу. Непакоячыся пра яе і пра Галінку, Жэня і напісала той верш. Аб уяўнай дзяўчынцы, з якой здарылася бяда — там, за гаражамі. Дзе потым увесь дзень валяўся кашалёк, набіты двухкапеечнымі манетамі. Жэня бачыла ў Галінкі такі кашалёк з чырвонага дэрматыну.
Сама Жэня кашалька не заводзіла. Калі б ён трапіўся на вочы маці, тая адразу ўсё зразумела б. Манеткі Жэня хавала ў розных месцах кватэры і нават дасягнула ў гэтай справе пэўнай віртуознасці, але тут бацька пераехаў, а ў іншы горад з аўтамата не пазваніш.
Верш Жэня пасля доўгіх ваганняў паказала паэту — быў такі ў іх горадзе, кіраваў літаратурным аб'яднаннем пры раённай газеце. Паэт пераймаў Роберта Раждзественскага, валасы зачэсваў назад, гаварыў глухавата і злёгку нараспеў. Ён прачытаў верш, памаўчаў, сказаў, калі прыйсці: быў дужа занятым чалавекам. Праз тыдзень працягнуў Жэні ліст паперы, на ім было нешта надрукавана роўнымі слупкамі. Яна не адразу пазнала свой верш. Словы, якія звінелі званочкамі, зрабіліся нібы з дроту. Гераіня таксама змянілася: замест таго, каб без нагоды тэлефанаваць, назаляць занятаму чалавеку, яна купіла на ўсе свае назапашаныя двухкапеечныя манеты латарэйны білет і выйграла аўтамабіль «Жыгулі», але ўзяла грашыма. Гэта быў выдатны фінал — верагодна, праекцыя летуценняў самога паэта, Жэня ад душы жадала Галінцы такой цудоўнай біяграфіі. Але гэта быў не яе верш.
А манеткі, схаваныя Жэняй, трапляліся ёй у кватэры яшчэ доўга. Нават калі знікла краіна, якая іх чаканіла, Жэня працягвала вытрасаць жоўтую медзь з кішэняў сваёй дзіцячай вопраткі, якую перашывала для дачкі, вывуджваць з парцалянавага чайніка мамінага параднага сервіза, прызначанага на продаж. За партрэтам Караткевіча на кніжнай паліцы знайшоўся цэлы мурашнік «жоўценькіх». Валюта неіснуючай дзяржавы выяўлялася за падкладкай яе школьнага партфеля, у скрынях пісьмовага стала і шкатулках з упрыгожваннямі, цьмяна паблісквала на дне бляшанкі для нітак ды іголак. Гэтыя знаходкі кожны раз нагадвалі Жэні пра надрукаваны на машынцы правільным слупком чужы верш, і яна адкладала ўборку або шыццё, і перачытвала тое, што цяпер запісвала на бягу — то на рэцэпце з даччынай мікстурай, то на квітках з пральні. І пыталася ў сябе: а гэтыя вершы — мае? Сапраўдныя?
У той дзень, калі ў Жэні выйшаў першы зборнік вершаў, жоўтая манетка выпала з-за абажура настольнай лямпы — дачка стала студэнткай, Жэня збірала ёй рэчы ў інтэрнат. Вершы спадабаліся не ўсім, некаторыя знайшлі іх сумнымі, а людзям часта хочацца чытаць пра вясёлае, напрыклад, як хтосьці выйграў у латарэю аўтамабіль «Жыгулі».
Дарэчы, верш пра дзяўчынку, з якой за гаражамі здарылася няшчасце, у зборнік не ўвайшоў. У тэксце была адна дэталь, якую Жэня палічыла непраўдзівай, а перапісваць не захацела. Ну не мог у часы яе дваровага дзяцінства кашалёк з грашыма цэлы дзень праляжаць на зямлі. Тым больш — чырвоны. Не мог! А ў літаратуры ж усё павінна быць як у жыцці, хіба не так?
Алена БРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-brava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/apavyadanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura