Следчыя праводзяць праверку па факце ўтаплення падлетка ў Мінскім моры, паведамляе [1]Следчы камітэт.
Як стала вядома, днём 4 ліпеня 14-гадовы падлетак з сябрамі паехаў на пляж №6 Заслаўскага вадасховішча. Хлопчык вырашыў даплысці да буйкоў, але не разлічыў свае сілы. На зваротным шляху ён пачаў тануць. Выратаваць хлопчыка не ўдалося. Цела дасталі з вады супрацоўнікі АСВОД.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Для ўстанаўлення прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза.
Мінскім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка. Высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.
Гэта ўжо не першы трагічны выпадак за лета, калі ў вадаёмах Мінскай вобласці загінулі дзеці са сталіцы. "Паважаныя дарослыя, знаходзячыся за горадам, паблізу вадаёмаў, не аслабляць увагу і кантраляваць паводзіны дзяцей. Следчы камітэт і Міністэрства надзвычайных сітуацый заклікаюць грамадзян купацца толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах, не сумяшчаць адпачынак ля вады з распіццём алкаголю", - дадалі ў СК.
Прэв’ю: СК
Спасылкі
[1] https://sk.gov.by/ru/news-usk-minsk-ru/view/v-minskom-more-utonul-podrostok-sledovateli-provodjat-proverku-11535/
[2] https://zviazda.by/be/tags/sk
[3] https://zviazda.by/be/tags/padletak
[4] https://zviazda.by/be/tags/minskae-mora