УЕФА назначыў арбітраў на стартавыя матчы першага кваліфікацыйнага раўнда кантынентальных футбольных турніраў, паведамляе [1] БелТА.
Заўтрашнюю гасцявую сустрэчу чэмпіёна Беларусі салігорскага «Шахцёра» са славенскім «Марыбарам» рассудзіць грэчаская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Анастасіас Папапетру. Паядынак у адказ гэтых каманд адбудзецца 13 ліпеня ў турэцкім горадзе Сакар’я. Каб прабіцца ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, трэба пераадолець чатыры кваліфікацыйныя бар’еры. Паядынкі групавой стадыі адбудуцца з 6 верасня па 2 лістапада. Фінал чэмпіёнскай Лігі павінен прайсці 10 чэрвеня 2023 года ў Стамбуле.
Яшчэ тры прадстаўнікі Беларусі выступяць у Лізе канферэнцый УЕФА. Першым у барацьбу ўступіць бронзавы прызёр беларускага чэмпіянату мінскае «Дынама». У чацвер, 7 ліпеня, дынамаўцы згуляюць у Падгорыцы з чарнагорскім клубам «Дэчыч» з Тузі. Гэту гульню будзе судзіць французская брыгада рэферы, якую ўзначаліць Жэрэмі Піньяр. Два беларускія клубы стартуюць з 2-га раўнда кваліфікацыі гэтых спаборніцтваў. Віцэ-чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ 21 і 28 ліпеня сустрэнецца з турэцкім клубам «Каньяспор», уладальнік Кубка «Гомель» у гэтыя ж дні будзе сапернічаць з грэчаскім «Арысам» (Салонікі). Матчы групавога этапу трэцяга па рангу кантынентальнага турніру пройдуць з 8 па 3 лістапада. Фінальны паядынак ЛК намечана правесці 7 чэрвеня 2023 года на полі «Эдэн Арэны» ў Празе.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/sport/view/grechaskija-arbitry-rassudzjats-match-saligorskaga-shahtsera-i-slavenskaga-marybara-u-lize-chempienau-117175-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/saligorski-shahcyor-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/slavenski-marybar
[4] https://zviazda.by/be/tags/liga-chempiyonau