Дзяржава і далей будзе выконваць праграмы па сацыяльнай падтрымцы грамадзян, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на цырымоніі адкрыцця Мінскага дзіцячага клінічнага цэнтра па стаматалогіі, перадае [3] БелТА.
Нягледзячы на санкцыі, краіна развіваецца, дзяржава выконвае ўсе задачы, адзначыла Наталля Качанава. «Няма ніякага сумнення, што мы будзем развівацца дакладна і далей і ўсе запланаваныя мерапрыемствы, усе праграмы па сацыяльнай падтрымцы нашых грамадзян будуць выконвацца адназначна», — сказала спікер.
Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што ўчора на нарадзе ў Прэзідэнта разглядаліся ў тым ліку пытанні, якія датычацца функцыянавання сацыяльнай сферы. «Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз адназначна нацэліў урад на тое, каб тыя людзі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, яе, несумненна, атрымалі. Смею вас запэўніць, што ў нашай дзяржаве так будзе і ў далейшым», — падкрэсліла Наталля Качанава.
Спікер заўважыла, што Прэзідэнт вельмі ўважліва ставіцца да сістэмы аховы здароўя. У прыватнасці, работнікам галіны з 1 ліпеня прадугледжваецца павышэнне заработнай платы, разглядаецца жыллёвае пытанне для медработнікаў.
Наталля Качанава таксама адзначыла, што ў Беларусі часта адкрываюцца медыцынскія, установы сацыяльнай сферы, таму што клопат аб здароўі грамадзян — адзін з напрамкаў сацыяльнай палітыкі. «А клопат аб дзецях, іх здароўе — гэта прыярытэт, таму важна, што ў Мінску адкрываецца сёння такая ўстанова», — дадала старшыня Савета Рэспублікі.
Спікер адзначыла, што гэты цэнтр аснашчаны найноўшым абсталяваннем, тут укаранёны сучасныя тэхналогіі. «Гэта пацвярджаюць нашы спецыялісты, і я ўпэўнена, што тут будзе аказвацца кваліфікаваная прафесійная дапамога — не толькі лячэнне, але і кансультацыі, дыягностыка», — сказала Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі падзякавала кіраўніцтву сталіцы за намаганні па развіццю сістэмы аховы здароўя горада. Установы набываюць сучасны выгляд, закупляецца сучаснае абсталяванне, медыцынскія прэпараты. Разам з тым перад сістэмай аховы здароўя на перспектыву стаяць важныя задачы, у тым ліку па будаўніцтве інфекцыйнай бальніцы, завяршэнні рэканструкцыі дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. «Планаў шмат, я ўпэўнена, што яны будуць рэалізаваны, у гэтым няма ніякага сумнення», — падкрэсліла Наталля Качанава.
Што датычыцца Мінскага дзіцячага клінічнага цэнтра па стаматалогіі, спікер адзначыла, што работы на аб’екце былі выкананы за кароткі тэрмін, і выказала ўпэўненасць, што тут створаны камфортныя ўмовы для работы спецыялістаў і прыёму маленькіх пацыентаў.
Будынак адкрыўся пасля капрамонту з мадэрнізацыяй, які пачаўся ў маі 2021 года і завяршыўся 28 чэрвеня 2022 года. Цэнтр будзе аказваць медыцынскую дапамогу па тэрапеўтычнай, хірургічнай, артадантычнай стаматалогіі дзіцячаму насельніцтву. Таксама тут будуць праводзіцца дыягнастычныя мерапрыемствы. У структуры ўстановы два стаматалагічныя аддзяленні, хірургічны блок, артадантычныя кабінеты, рэнтген-кабінет, фізіятэрапеўтычны кабінет, цэнтралізаванае стэрылізацыйнае аддзяленне, адміністрацыйна-гаспадарчая частка.
Фота Віктара ДРАЧОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://www.belta.by/society/view/kochanova-gosudarstvo-i-vpred-budet-vypolnjat-programmy-po-sotsialnoj-podderzhke-grazhdan-512137-2022/
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/minsk