У эпоху лічбавай камерцыі і анлайн-маркетынгу Беларусь і Кітай прытрымліваюцца сучасных тэндэнцый. Аб гэтым сказаў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў у відэазвароце ў час цырымоніі адкрыцця нацыянальнага павільёна Беларусі на кітайскіх платформах Jingdong і Douyin, якая прайшла ў індустрыяльным парку «Вялікі камень», паведамляе [1] БелТА.
«2022 год адзначаны важнай датай — 30-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. За мінулы перыяд узаемадзеянне дзвюх краін якасна змянілася: ад дружбы ў 1990-я гады да сучаснага, усебаковага, стратэгічнага партнёрства, усепагоднай дружбы і жалезнага братэрства. Беларусь адна з першых падтрымала ініцыятыву „Пояс і шлях“ і цяпер прымае актыўны ўдзел у яе рэалізацыі. Гэта моцны імпульс у развіцці супрацоўніцтва з Кітаем у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, навукова-тэхнічнай, культурнай, інфармацыйнай і іншых сферах», — сказаў Мікалай Снапкоў.
Паводле яго слоў, Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — буйнейшы праект «Пояса і шляху». «Гэта жамчужына Шаўковага шляху, паўнацэнная пляцоўка для ўсебаковага супрацоўніцтва», — падкрэсліў першы намеснік прэм’ер-міністра.
Мікалай Снапкоў адзначыў, што ў эпоху лічбавай камерцыі і анлайн-маркетынгу Беларусь і Кітай прытрымліваюцца сучасных тэндэнцый. Пацвярджэнне таму — адкрыццё індустрыяльным паркам лічбавага нацыянальнага павільёна Беларусі. «Рэалізацыя праекта дасць магчымасць нашым кітайскім сябрам больш даведацца аб нашай краіне, азнаёміцца з яе нацыянальным каларытам, набыць беларускія тавары», — звярнуў увагу ён.
Першы віцэ-прэм’ер пажадаў беларускаму павільёну паспяховай работы, а кітайскім карыстальнікам — прыемных адкрыццяў.
Сёння ў «Вялікім камені» адбылася цырымонія адкрыцця нацыянальнага павільёна Беларусі на кітайскіх платформах Jingdong і Douyin. Мерапрыемства прымеркавана да 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і КНР. Адкрыццё фактычна азначае старт беларускай электроннай камерцыі на кітайскім рынку. Акрамя гандлёвага функцыяналу гэтых платформ, кітайскія карыстальнікі змогуць адкрыць для сябе адметнасці, культуру і традыцыі, цуды прыроды і гісторыю Беларусі. Прадугледжана публікацыя тэматычных ролікаў, якія раскрываюць прывабныя асаблівасці краіны для кітайскай аўдыторыі.
Гэта мерапрыемства — ініцыятыва індустрыяльнага парка «Вялікі камень», нацэленая на стымуляванне гандлёвага супрацоўніцтва паміж краінамі. Праект накіраваны на нарошчванне эканамічнай дзейнасці і развіццё двухбаковага гандлю.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/economics/view/snapkou-u-epohu-lichbavaj-kamertsyi-i-anlajn-marketyngu-belarus-i-kitaj-prytrymlivajutstsa-suchasnyh-117206-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/snapkou
[3] https://zviazda.by/be/tags/lichbavaya-kamercyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/anlayn-marketyng
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/kitay