У парламента Беларусі наперадзе вялікая нарматворчая работа па прыняцці законаў у развіццё новай Канстытуцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам, перадае [1] БелТА.
Кіраўнік дзяржавы папрасіў коратка далажыць аб выніках праведзенай парламенцкай сесіі, адзначыўшы, што ў цэлым у курсе работы парламента. «Вельмі коратка аб праблемах, калі яны ёсць. Але хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на тое, што ролю парламента ў новай Канстытуцыі мы значна ўзнялі. Гэта, можа, і добра, але да гэтага павінны быць гатовы дэпутаты», — падкрэсліў беларускі лідар.
Уладзімір Андрэйчанка ўдакладніў, што чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці ў адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года.
«Так, адзіны дзень галасавання. Яшчэ працаваць вельмі доўга. Два гады практычна. Я рады, што мы ўсё ж такі ўпор робім на работу цяперашняга парламента. Таму што дэпутаты ўжо вопытныя, уцягнуліся ў работу. І цяпер вялікі масіў нарматыўна-прававой работы. Нам трэба прыняць мноства законаў у развіццё палажэнняў новай Канстытуцыі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І самае галоўнае, пытанні ўлады. Усебеларускі народны сход. Гэта новыя законы. І па эканоміцы давядзецца недзе карэкціравацца, і пераразмеркаванне паўнамоцтваў і гэтак далей. Што мы, у прынцыпе, робім ужо даўно».
«Думаю, мы справімся з гэтымі пытаннямі. Таму што абстаноўка такая няпростая, але людзі шмат зразумелі. У тым ліку і асобныя нашы дэпутаты. Таму ў сувязі з новай Канстытуцыяй у нас наперадзе вельмі вялікая работа, і яна ляжа перш за ўсё на заканатворчы працэс, на дэпутатаў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён асабліва адзначыў, што многае ў арганізацыі работы залежыць і асабіста ад Уладзіміра Андрэйчанкі, улічваючы яго вялікі вопыт.
У сваю чаргу Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў важнасць ацэнкі і ўвагі кіраўніка дзяржавы, якую ён удзяляе рабоце дэпутацкага корпуса. «За мінулую сесію намі праведзена вялікая работа. Упершыню за апошнія гады за час сесіі мы прынялі 20 законапраектаў у першым і другім чытаннях. Гэтага патрабавалі абстаноўка, бяспека, стабільнасць нашай краіны, развіццё эканомікі. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў за гэта скліканне самі напісалі 7 законаў, якія таксама былі прыняты», — расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы ён растлумачыў журналістам, што за мінулую сесію дэпутаты разгледзелі 60 пытанняў. «Не менш напружаная работа чакаецца і на чарговай, 9-й сесіі. Вельмі шырокі спектр пытанняў. Гэта і прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, і вырашэнне шэрага эканамічных пытанняў, і пытанні пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі органамі», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Перад парламентарыямі будзе стаяць задача захаваць набраны тэмп, і менавіта на гэта арыентаваў кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў, расказаў спікер ніжняй палаты парламента.
У сувязі з прыняццем новай Канстытуцыі плануецца разгледзець 90 законапраектаў, з якіх прыняты ўжо ў першым чытанні 8, у другім — 17. «Мы павінны ўвесь гэты масіў разгледзець да 1 студзеня 2024 года з такім разлікам, каб 25 лютага 2024 года быў праведзены адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, і на працягу 60 дзён пасля гэтага быў праведзены Усебеларускі народны сход», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Асаблівая ўвага, паводле яго слоў, будзе ўдзелена распрацоўцы праектаў закона аб Усебеларускім народным сходзе, грамадзянскай супольнасці, унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы і Грамадзянскі кодэксы. Прэзідэнт арыентаваў на ўсебаковае абмеркаванне гэтых законапраектаў і на тое, каб яны выкарысталі добрую традыцыю народнай заканатворчасці, якая была ў час абмеркавання праекта новай Канстытуцыі.
Як праінфармаваў Уладзімір Андрэйчанка, законапраект аб УНС распрацаваны старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Святланай Любецкай. Дакумент пакуль не ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, ён праходзіць узгадненне. «Думаю, што пасля разгляду Прэзідэнтам гэты законапраект у верасні будзе прыняты ў першым чытанні», — сказаў спікер Палаты прадстаўнікоў.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-nado-prinjat-more-zakonov-v-razvitie-novoj-konstitutsii-512343-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyya