Перад Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу стаіць задача ў 2022-2023 гадах прывесці ўсе законы ў адпаведнасць з новай Канстытуцыяй. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае [1] БелТА.
Паводле яго слоў, у Палаце прадстаўнікоў у сувязі з прыняццем новай Канстытуцыі плануецца разгледзець 90 законапраектаў, з якіх прыняты ў першым чытанні 8, у другім — 17. «Мы павінны ўвесь гэты масіў разгледзець да 1 студзеня 2024 года з такім разлікам, каб 25 лютага 2024 года быў праведзены адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, і на працягу 60 дзён пасля гэтага быў праведзены Усебеларускі народны сход», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
За мінулую сесію, паводле яго даных, дэпутаты разгледзелі 60 пытанняў. «Не менш напружаная работа чакаецца і на чарговай, 9-й сесіі. Вельмі шырокі спектр пытанняў. Гэта і прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, і вырашэнне шэрага эканамічных пытанняў, і пытанні пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі органамі», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Перад парламентарыямі будзе стаяць задача захаваць набраны тэмп, і менавіта на гэта арыентаваў кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў, расказаў спікер ніжняй палаты парламента.
«Асаблівая ўвага будзе ўдзелена распрацоўцы новых законапраектаў, такіх як праект закона аб Усебеларускім народным сходзе, грамадзянскай супольнасці, змяненні і дапаўненні ў Грамадзянскі кодэкс. Гэта работа сёння вядзецца. Падрыхтаваны ўжо варыянт закона аб УНС, ён праходзіць узгадненне. Думаю, пасля разгляду ў Прэзідэнта гэты законапраект у верасні будзе прыняты ў першым чытанні», — праінфармаваў Уладзімір Андрэйчанка.
Паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на ўсебаковае абмеркаванне гэтых законапраектаў і арыентаваў дэпутатаў на тое, каб яны «выкарыстоўвалі добрую традыцыю народнай заканатворчасці, якая была ў час абмеркавання праекта новай Канстытуцыі».
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/andrejchenko-stoit-zadacha-do-kontsa-2023-goda-privesti-vse-zakony-v-sootvetstvie-s-novoj-konstitutsiej-512355-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyya