Польшча мае намер днямі завяршыць узвядзенне сцяны на граніцы з нашай краінай. Аб гэтым паведаміў намеснік кіраўніка МУС Польшчы Мацей Вонсік. Цікава, што гэта ўжо другая запар такая заява з боку польскіх уладаў. У канцы чэрвеня прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі паведаміў аб завяршэнні будаўніцтва сцяны. Аднак, як аказалася, кіраўнік урада паспяшаўся з гучнай заявай і ў чарговы раз сеў у лужыну. Прычым цяпер амаль што ў прамым сэнсе — прычынай зацягвання тэрмінаў будаўніцтва сцяны сталі... падземныя воды. «Мы прадоўжылі кантракты з субпадрадчыкамі з аб'ектыўных геалагічных прычын, якія з'явіліся падчас устаноўкі апор», — растлумачыў Вонсік. Ён заўважыў, што ўстаноўка электронных сістэм назірання і кантролю на агароджы вышынёй пяць метраў, упрыгожанай сумна вядомай «канцэртынай», з польскага боку працягнецца да сярэдзіны верасня. Кіраўнік пагранічнай службы Польшчы Томаш Прага выказаў меркаванне, што ў выніку нелегальныя мігранты будуць спрабаваць трапіць у Польшчу з іншых напрамкаў, у прыватнасці, з тэрыторыі Украіны ці Літвы. Гэтыя дзеянні польскіх уладаў нагадваюць палітычны тэатр абсурду, калі рэальныя праблемы (накшталт гіперінфляцыі, росту цэн і ў выніку рэзкага збяднення людзей) не вырашаюцца, а ўвага свядома пераключаецца на тую ж «супербудоўлю». Не дзіўна, што простыя палякі імкнуцца вырвацца з «залюстроўя». І папулярнасць беларускага бязвізу — яскравае таму пацвярджэнне. Чаму палякі імкнуцца трапіць у нашу краіну?
Прагназуецца, што Польшчу ў пачатку 2023-га ўпершыню за дзесяць гадоў накрые стагфляцыя, калі высокая інфляцыя будзе спалучацца з эканамічным спадам. Аб гэтым паведаміла газета Rzeczpospolіta. Нацыянальны банк Польшчы прагназуе, што ў пачатку наступнага года ўзровень інфляцыі ў краіне можа дасягнуць 26 працэнтаў. Перспектывы польскай эканомікі апошнія месяцы значна пагоршыліся. У пачатку красавіка эканамісты прагназавалі, што ў перыяд з сярэдзіны бягучага года і да канца першага квартала 2023-га ВУП Польшчы вырасце на 2,5 працэнта. Цяпер яны чакаюць росту прыкладна ў 1,4 працэнта за гэты перыяд. Чакаецца, што ў першыя месяцы 2023-га ўзровень ВУП у гадавым вылічэнні ўвогуле знізіцца. Аднак у гэтым прагнозе эксперты не ўлічылі рэцэсію ў еўразоне, якая з кожным днём становіцца ўсё больш верагоднай з-за дэфіцыту газу.
Крыніцай такога песімізму ў эканамічных прагнозах з'яўляецца скачок інфляцыі ў Польшчы і рост працэнтных ставак. Усяго квартал таму эканамісты чакалі, што ў красавіку—чэрвені інфляцыя ў краіне складзе ў сярэднім 11 працэнтаў. Аднак аказалася, што чэрвеньская інфляцыя ў гадавым вылічэнні склала 15,6 працэнта — найвышэйшы паказчык за чвэрць стагоддзя. Разам з інфляцыяй у краіне выраслі і працэнтныя стаўкі. Такая сітуацыя ўжо прывяла да абвалу спажывецкага попыту. У чэрвені ён быў нават слабейшы, чым у разгар пандэміі COVІD-19.
«Рэцэсія становіцца галоўнай пагрозай для польскай эканомікі. Цяпер эканамісты чакаюць, што рост ВУП у першым квартале 2023 года будзе блізкі да нуля. Амаль 40 працэнтаў апытаных аналітыкаў лічыць, што эканоміка скароціцца ў параўнанні з сёлетнім першым кварталам. Прыкметы падобнага запаволення можна ўбачыць ва ўсіх асноўных сектарах эканомікі. Аналітыкі адзначаюць як невялікі рост спажывання, так і адносна слабыя інвестыцыі», — распавёў кіраўнік аддзялення макраэканомікі ў Польскім эканамічным інстытуце Якуб Рыбацкі. Па словах эксперта, разам з запаволеннем эканамічнай актыўнасці ўзровень росту цэн у краіне застанецца высокім.
З пачаткам ацяпляльнага сезона Польшчу чакае вельмі жорсткі крызіс, заўважыў аўтар блога ў Polіtyka Ян Хартман. У Польшчы ўжо назапасіўся «небывалы па памерах» доўг, а спробы згладзіць сітуацыю выпускам новых партый грошай не могуць спрацоўваць вечна. «Паток пустых выбарча-пандэмічных грошай і марудлівасць у павышэнні працэнтных ставак прывялі да таго, што інфляцыя закранула нас значна больш, чым іншыя краіны Еўропы», — падкрэсліў аглядальнік. На яго думку, Варшаве давядзецца самой вырашаць унутраныя праблемы, таму што «ў нестабільныя і аўтарытарныя краіны ніхто не інвестуе». Сітуацыя пагоршыцца з пачаткам ацяпляльнага сезона на фоне сусветнага энергетычнага крызісу: высокія тарыфы на газ і вугаль паскораць інфляцыю.
«На працягу шасці месяцаў еўра будзе каштаваць шэсць злотых, а літр бензіну — дзесяць злотых. Мы ўступім у стагфляцыю, гэта значыць у спалучэнне эканамічнага спаду з інфляцыяй. І гэта будзе найцяжэйшы крызіс. Трэба будзе закрываць шахты, купляць дарагі газ, ставіць ветракі і змагацца з наступствамі штормаў, засух і паводак», — спрагназаваў Ян Хартман. І дапамогі з таго ж Бруселя чакаць не выпадае — як вядома, кіраўніцтва Еўрасаюза адклала вылучэнне Польшчы 35 мільярдаў еўра з аднаўленчага фонду Еўропы. Нагодай зноў стала незадаволенасць ЕС станам польскай судовай сістэмы.
Польшча рыхтуецца да рэкордна «дарагой» зімы з-за павышэння цэн на вугаль. Пра гэта паведаміла РІА «Навіны» са спасылкай на газету Rzeczpospolіta. У выніку праблем з даступнасцю вугалю рэкорднае павышэнне цэн на цяпло можа закрануць каля 20 мільёнаў жыхароў Польшчы. Кошт гэтага віду паліва мае шанцы вырасці на некалькі дзясяткаў ці нават сотняў працэнтаў. Забарона на пастаўкі вугалю з Расіі ўжо адбілася на дзяржаўных і прыватных фірмах. Гэта, у сваю чаргу, паўплывала на даступнасць і кошт рэсурсу на рынку.
На фоне нявырашаных праблем пашыраецца пратэсная хваля. Так, на мінулым тыдні ў цэнтры Варшавы на акцыю пратэсту выйшлі фермеры, незадаволеныя эканамічнай палітыкай урада Польшчы, паведаміла польскае радыё TOK FM. На акцыю сабраліся фермеры з арганізацыі Agrounіa, якая аб'ядноўвае польскіх аграрыяў. Сяляне прайшлі ад Палаца культуры і навукі да Сейма. Дэманстранты прынеслі плакаты з надпісамі «Не дадзім сябе абрабаваць!» і «Таўстуноў — на работу!». У натоўпе чуліся заклікі да змены ўлады ў Польшчы. Арганізатары пратэсту таксама заклікалі далучыцца да акцыі ўсіх палякаў, абураных эканамічнай палітыкай уладаў.
Лідар Agrounіa Міхал Каладзейчак заявіў, што фермеры будуць змагацца з павышэннем працэнтных ставак. «Гэта не барацьба з інфляцыяй. Гэта барацьба з намі», — цытуе Каладзейчака польскае выданне Gazeta Wyborcza. Ён дадаў, што з-за такой палітыкі маладыя людзі неўзабаве будуць жыць у кватэрах памерам з сабачую будку. «Дзяржаўныя кампаніі не могуць прыпадабняцца мафіям, якія выцягваюць нашы апошнія грошы. На крызісе зарабляе дзяржава», — лічыць кіраўнік Agrounіа.
Калі Польшча абгароджваецца пяціметровай агароджай з калючым дротам, то Беларусь адкрывае граніцу для суседзяў. Як вядома, з 1 ліпеня для палякаў адкрыты бязвізавы ўезд у нашу краіну. З 15 красавіка такую магчымасць атрымалі жыхары Літвы і Латвіі. За гэты час беларускім бязвізам скарысталася больш чым 115 тысяч іншаземцаў, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. Сярод іх — каля паўтысячы палякаў, толькі за мінулыя выхадныя — больш чым 200.
«Безвіз будзе папулярны з-за пэўных эканамічных абставін, звязаных з інфляцыяй, крызісам, эканамічнымі санкцыямі. Варта ўлічваць той фактар, што ўсходнія, прыгранічныя рэгіёны Польшчы, скажам так, не самыя высокаразвітыя з пункту гледжання эканомікі і інфраструктуры. У гэтых рэгіёнах ёсць шматлікія сацыяльныя праблемы, і мясцовыя жыхары, дапусцім, Падляскага ваяводства, прыгранічнага з Беларуссю, Люблінскага ваяводства, будуць карыстацца магчымасцю проста ў эканамічных мэтах падарожнічаць, наведваць Беларусь», — адзначыў у эфіры тэлеканала АНТ польскі палітолаг Матэвуш Піскорскі. Эксперт перакананы, што палякі будуць імкнуцца ў Беларусь. «Многія палякі дакладна будуць з'яўляцца ў прыгранічных гарадах Беларусі, проста ў прадуктовых крамах, на запраўках. Я думаю, што асноўны трафік паміж нашымі краінамі — гэта якраз палякі, якія будуць спрабаваць знайсці больш танныя прадукты, больш таннае паліва на беларускім рынку», — адзначыў палітолаг.
Аднак робіцца ўсё, каб палякі не даведаліся пра бязвіз з Беларуссю. «Гэты крок, па-першае, практычна не абмяркоўваецца ў польскіх СМІ. Так што я б сказаў, што асноўныя польскія СМІ, якія або звязаныя з урадам Польшчы, або са знешнімі гульцамі, у першую чаргу англасакскімі, наогул не зацікаўлены ў тым, каб палякі даведаліся аб існаванні бязвізавага рэжыму», — заўважыў Матэуш Піскорскі. Паводле яго слоў, Беларусь знаходзіцца ў афіцыйным спісе тых краін, якія небяспечныя для грамадзян Польшчы. «Так што варта меркаваць, што ўрад, асноўныя СМІ будуць альбо маўчаць пра такую магчымасць, каб ніхто проста элементарна не даведаўся пра існаванне такой магчымасці ўвогуле, альбо палохаць палякаў і неяк папярэджваць іх, каб ні ў якім разе яны такой магчымасцю не карысталіся», — адзначыў палітолаг.
Ён заўважыў, што польскія ўлады могуць, напрыклад, увесці абмежаванні наконт увозу асобных відаў тавараў на тэрыторыю Польшчы. «Гэта ўсё магчыма. Так рабілася ўжо і раней і ў адносінах да Беларусі, і ў адносінах да тых палякаў, якія ў свой час перасякалі граніцу з Расійскай Федэрацыяй у Калінінградскай вобласці», — адзначыў Матэвуш Піскорскі. Па яго словах, такія магчымасці сапраўды існуюць. «Але тады, як мы ўсе разумеем, пачнуцца праблемы. Безумоўна, з'явіцца кантрабанда, з пункту гледжання польскіх уладаў, калі будуць уведзены абмежаванні», — заўважыў палітолаг.
Тым часам палякі актыўна карыстаюцца бязвізам. «Я прыязджаў у Брэст наведаць сяброў. Даўно не бачыліся, каранавірус і ўсё такое. Я прыязджаў гадоў 20 таму, і цяпер можна толькі пазайздросціць: гарады не пазнаць, усё да лепшага. А з сябрам мы пасядзелі, пагаварылі», — распавёў тэлеканалу СТБ Тадэвуш Кукафка. Хутка зноў прыедзе, заўважыў паляк. «Ваш Прэзідэнт зрабіў бязвіз, дзякуй яму за гэта. Мы можам ездзіць адно да аднаго. Па тэлефоне не тое, а так пасядзелі, пагаварылі. Галоўнае, што мы можам прыехаць адно да аднаго з усмешкай, і на гэтым павінны быць заснаваны нашы ўзаемаадносіны паміж народамі», — лічыць Тадэвуш Кукафка.
«У вас смачны хлеб і масла, бензін у вас таннейшы, буду запраўляцца. Добрыя людзі. Прыеду яшчэ», — кажа яшчэ адзін госць з Польшчы. А вось як выказаўся жыхар Польшчы Мар'юш: «Я купіў бы вашай смачнай каўбасы, але прымусяць выкінуць на нашай мытні. Нельга перавозіць прадукты праз мяжу — ні мяса, ні масла. У вас таннейшае адзенне, мне патрэбны кашуля і нагавіцы. Я для жонкі куплю на атрыманыя грошы добрую парфуму. Так павінна быць: вы павінны ездзіць да нас без віз, мы — да вас. Купляць прадукты. Мы — брацкія народы», — адзначыў паляк.
«Бязвіз — гэта добра. Найбліжэйшыя гарады наведаць можна, — дадаў жыхар Польшчы Славек Чапаловіч. — У вас шмат славутасцяў. Белавежская пушча, кавярні ў вас класныя. Чаму б не прыехаць у тур выхаднога дня? Тым больш цяпер ёсць магчымасці. Будзем арганізоўваць такі тур. А пакуль з сабой вязу добрыя ўражанні. Ваш бярозавы сок ды квас мне вельмі падабаюцца».
«Для мяне бязвіз — вельмі прыемная нечаканасць». Аб гэтым заявіла жыхарка Польшчы Святлана Баюра. «Я, напрыклад, вельмі доўга чакала такога моманту, калі магу забраць сваіх дзяцей, сесці ў суботу і паехаць на абед да старэйшага сына, пабачыцца», — сказала яна. Жанчына жыве ў Польшчы ўжо 25 гадоў. «Я магу цяпер забраць сям'ю і паехаць на магілу да мамы, таты. Першы раз паедзем і паглядзім, як гэта ўсё адбываецца, наступным разам паедзем усёй сям'ёй. Для мяне гэта, вядома, вельмі прыемны сюрпрыз», — адзначыла яна.
Бязвіз для палякаў — гэта наша мяккая сіла ў адносінах да Захаду. Аб гэтым заявіў у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. «Захад павялічвае ўзбраенне і ваенную тэхніку на нашых граніцах, а мы адкрываем фактычна нашы граніцы для простых грамадзян Польшчы, — адзначыў эксперт. — Каб яны маглі прыехаць да нас, убачыць нашу эканоміку, нашы цэны, закупіцца нашымі таварамі, палівам». Гэта ўсё прамы ўдар па заходняй прапагандзе, упэўнены палітолаг. «Натуральна, ніякая заходняя прапаганда ў гэтых умовах не будзе працаваць, як бы яны ні імкнуліся нагнятаць сітуацыю па Беларусі, паказваць нейкі вобраз агрэсара ў нашай асобе. Праз бязвіз гэта ім будзе вельмі складана зрабіць, — лічыць Аляксей Аўдонін. — Таму што простыя палякі прыязджаюць да нас, бачаць, што ўсё тое, што транслюецца ў іх праз іх прапагандысцкія ўсталёўкі, цэнтры, не адпавядае рэчаіснасці. Мы арыентаваныя на добрасуседства, а не на канфлікт».
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-byazviz
[5] https://zviazda.by/be/tags/mus