Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву «Франс Прэс». З кіраўніком дзяржавы размаўляў намеснік дырэктара і галоўны рэдактар бюро інфармацыйнага агенцтва «Франс Прэс» у Маскве, Антуан Ламбраскіні. Беларускі лідар адказаў на многія актуальныя пытанні журналіста. Падчас інтэрв'ю, якое працягвалася больш за гадзіну, бакі закранулі такія тэмы, як унутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі, адносіны Беларусі і Расіі. Зноў былі ўзняты сітуацыя вакол самалёта Ryanaіr і расследаванне ІКАО. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваімі поглядамі на дыктатуру і санкцыі Захаду. Кіраўнік дзяржавы расказаў, калі скончыцца канфлікт ва Украіне і якая роля Беларусі ў расійскай спецаперацыі.
Журналіст закрануў тэму дыктатуры ў Беларусі, сваім бачаннем на якую падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. «Цяпер усе кажуць пра голад. І я згодны, што мы вельмі блізка ад гэтага бар'ера. Голад проста стукаецца. Многія галадаюць ужо. Можна было б сказаць: «Не крытычна». Але як «не крытычна», калі кожныя 10 секундаў памірае дзіця ў свеце? Не голад? Голад. І я вельмі жорстка цяпер стаўлю пытанне (гэта датычыцца сялян, ды і ўсёй краіны) па ўборцы ўраджаю. Трэба сабраць усё. Трэба мабілізавацца. Бо, крый божа, голад — вось тады будзе дыктатура. І ў Францыі ў тым ліку. Трэба народ выратаваць. Не накарміць, а выратаваць, каб людзі не памерлі», — сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што такія жорсткія патрабаванні кіраўніка дзяржавы могуць быць расцэнены як дыктатура, але ў падобным выпадку гэта апраўдана важнай мэтай — палепшыць жыццё людзей, не дапусціць крытычных сітуацый.
«Калі ласка, можаце мяне за гэта крытыкаваць. Але я гэта абгрунтоўваю тым, каб заўтра было людзям лепш. А не тое, што мне вось хочацца дыктаваць і я з глузду з'ехаў, седзячы ў цэнтры Еўропы, у адносна невялікай краіне, з невялікім насельніцтвам, я чагосьці пачынаю дыктаваць і яшчэ душыць уласны народ, які прагаласаваў за мяне даўным-даўно і падтрымлівае мяне да гэтага часу», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Падчас размовы журналіст выказаў меркаванне, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, наколькі можна меркаваць па яго выказваннях, марыць аб нейкай славянскай дзяржаве. Аднак Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што гэта ён марыў аб стварэнні панславянскай дзяржавы ці аб'яднання краін. «Гэта я марыў пра славянскую дзяржаву. Яны прапіхвалі ідэю рускага свету. Гэта я заўсёды з 1990-х гадоў казаў пра тое, што ёсць славянскія дзяржавы. Я бачыў там палякаў, славакаў, балгараў і іншых. І мы не павінны страчваць вось гэтую сувязь. Так, кожны жыве ў сваёй дзяржаве. Але мы славяне. Я пра гэта гаварыў. Таму Пуцін ні пра якую панславянскую дзяржаву не гаварыў і не марыў. Гэта вы ўжо прыдумалі», — сказаў ён.
Асобна Антуан Ламбраскіні спыніўся на сітуацыі ва Украіне. Прэзідэнт Беларусі заявіў, што вайну ў суседняй краіне можна скончыць хоць цяпер, але ёсць галоўная ўмова. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў першую чаргу Украіна павінна сесці за стол перагавораў і пагадзіцца, што яны ніколі не будуць пагражаць Расіі і не будуць мець на тэрыторыі Украіны тую зброю, якая будзе пагражаць расійскай тэрыторыі. Гэта ён назваў галоўным. «А дэнацыфікацыя і іншае — гэта філасофія. Галоўнае — бяспека Расіі. Ніколі расійская ўлада, маючы гэтую моц і багацці Расіі, не адступіцца ад гэтага. Дайце гарантыі. Дапамажыце Кіеву. Кіеў дасць гэтыя гарантыі, калі вы, натаўцы і амерыканцы, пагодзіцеся, што з тэрыторыі Украіны ніколі не будзе пагрозы расійскай тэрыторыі. А тады Расія дасць гарантыі бяспекі Украіне», — перакананы беларускі лідар.
«Якая Украіна? Там яшчэ будуць Херсон, Данецк, Луганск», — удакладніў французскі журналіст.
«Слухайце, гэта ўжо не абмяркоўваецца. Можна было гаварыць у лютым-сакавіку пра гэта. Разумееце, там жывуць рускія людзі, якіх украінцы трэціравалі. А навошта? Я ж палякаў цяпер не караю за тую палітыку, якую праводзіць Польшча ў адносінах да нас. Я заўсёды кажу: у нас ёсць палякі этнічныя, але гэта «мае» палякі. Яны маюць усе правы, як і беларусы. Мы іх любім, паважаем і цэнім. І яны сябе паводзяць годна ў асноўным. Навошта тады было рускую мову забараняць, навошта было ўнутры Украіны праводзіць тую палітыку, якую праводзілі Парашэнка, Зяленскі? Яны ж увесь час знутры штурхалі Украіну гэтым самым да вайны», — заявіў Прэзідэнт.
Але галоўнае, падкрэсліў ён, ніхто не дае Расіі гарантый бяспекі, таго, што ёй не пагражае агрэсія з тэрыторыі Украіны. «Вам, натаўцам і амерыканцам, патрэбна была вайна, і вы рабілі ўсё да дробязяў, каб гэту сітуацыю стварыць, каб падштурхнуць да гэтага», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў думку аб тым, што апошнія гады ва Украіне складваліся ўнутраныя прычыны для абвастрэння адносін з Расіяй. Як прыклад, ён прывёў наўмыснае абмежаванне выкарыстання рускай мовы, абразы і дэманізацыю кіраўніцтва Расіі. «Там былі ўнутраныя прычыны для таго, каб Расія, груба кажучы, паставіла Украіну на месца. Навошта вы абражалі ўладу ў Расіі? Навошта вы Прэзідэнта Пуціна абражалі? Макрона яны ж так не крытыкавалі, хоць было за што. Калі Байдэн паднімаўся па трапе і ўпаў, у нас у Беларусі ніхто з гэтага не смяяўся. Усякае бывае. А вы што рабілі і робіце супраць Пуціна? Навошта вы яго дэманізуеце, навошта вы яго абражаеце? Гэта значыць таксама нядобры фон. Можа, гэта не прычына для аперацыі, але фон нядобры», — адзначыў ён.
Журналіст спытаў у Аляксандра Лукашэнкі, як доўга ён плануе заставацца на пасадзе кіраўніка дзяржавы. На што Прэзідэнт адказаў, што такое рашэнне прымае не ён асабіста, а беларускі народ. «Я, можа быць, даўно б адышоў ад улады, калі б пэўная сітуацыя была ў краіне і за яе межамі. А вось многія з 2020 года, якія, як вы кажаце, выйшлі на вуліцы, сёння апрытомнелі, зразумелі, што магло быць, і кажуць: «Дык мы ж няправільна зрабілі. А калі б яго не было, што б было?». Так людзі кажуць. Паверце, я ведаю настрой людзей. Калі б я ў 2020 годзе ўсё кінуў і пайшоў? Сёння краіна была б іншая і інтэрв'ю вы б бралі ў іншых людзей. І палітыка была б іншая. Сёння было б у Беларусі горш, чым ва Украіне. Прабачце за нясціпласць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Судзей і судоў незалежных не бывае. Суд заўсёды залежны ад закона... У нас Прэзідэнт, маючы вялікія паўнамоцтвы, каардынуе дзейнасць усіх галін улады. Дык вось мая каардынацыя за ўсе дзесяцігоддзі ва ўладзе заключалася толькі ў адным — каб ні ў якім разе ніхто не дакрануўся да рашэння судоў. І калі мяне інфармуюць (я гэта кантралюю), што нехта ўмешваецца ў дзейнасць судоў, рэакцыя найжорсткая».
«А чаму не могуць супадаць меркаванні Прэзідэнта і суддзяў? Чаму? Дзесьці яны могуць супадаць, дзесьці не супадаць. Усякае бывае. Гэта жыццё».
«Мы ва ўсёй красе зараз бачым, да прыкладу, якую палітыку праводзіць Польшча. Вы хацелі, каб я спакойна глядзеў, што Польшча бачыць у сваіх уладаннях, у сваім складзе, цытую іх, усю Беларусь?» «Калі б заўтра Германія заявіла, што яны хочуць бачыць у складзе Германіі Францыю, якую б вы пазіцыю занялі? Вось я і жорстка на гэта рэагую. Мае асноўныя паўнамоцтвы — абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы. Я гэта раблю. Калі супраць гэтага будзе змагацца апазіцыя , нейкія асобныя людзі ці дзяржавы будуць прэтэндаваць на суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, я ва ўвесь рост устану і буду супраць гэтага змагацца, трэба — са зброяй у руках.
«Заўсёды яны былі настолькі, наколькі гэта трэба было нам. У тым ліку і мне, паколькі я іх запрашаў. Ніводзін расійскі ваеннаслужачы сюды не прыехаў без майго запрашэння або дазволу. Таму ўсе яны знаходзяцца з маёй згоды. Гэта функцыя Прэзідэнта. Ніводны ваеннаслужачы (разведчык, контрразведчык і іншыя) не могуць тут быць без майго ведама».
«Які суверэнітэт і незалежнасць яны парушаюць, калі я іх папрасіў у чымсьці дапамагчы?»
«Як вы залежыце, мы гэта ўбачылі. Чаму ў вас такая бурная інфляцыя? Чаму вы ўвесь час крычыце, што вам бракуе прыроднага газу, нафты і гэтак далей?»
«Заўсёды мы ад Расіі атрымлівалі нафту і газ. Іншых крыніц не было. Мы спрабавалі іншыя крыніцы, але яны аказаліся дарагімі вельмі, у два разы даражэйшымі». «Для таго, каб пералапаціць усю эканоміку, трэба вельмі шмат мільярдаў еўра. У мяне гэтых грошай не было, няма і ніколі не будзе. Ды і ці трэба ўвогуле? У нас добрая эканоміка».
«Вы плюнулі на нас, паспрабавалі ногі выцерці і аб мяне, і аб маю краіну, аб народ. Я вам гэтага не дазволіў і не дазволю. З санкцыямі мы справімся. Страцілі мы паўмільярда долараў тавараабароту з Францыяй, знойдзем у іншым месцы. Пры гэтым страты беларускага боку будуць менш за паўмільярда, бо ўзаемны гандаль з Францыяй так ці інакш працягваецца і цяпер. На 20% тавараабарот сёлета ўпаў, але мы ўсё роўна гандлюем з вамі і будзем больш гандляваць. Вось заўтра вам не будзе чым народ карміць, засуха і іншае? Можа, мы вам нечага паставім. Мы заўсёды вам пастаўлялі і ў Еўропу ў цэлым рапсавы алей замест сланечнікавага, аліўкавага. Мы вельмі шмат вырабляем рапсу і пастаўляем вам, і будзем пастаўляць. Вам патрэбна драўніна, мэбля і іншае. Вы куплялі ў нас. Мы і будзем вам пастаўляць. Бізнэс заўсёды знойдзе гэтыя шляхі. Проста вар’яцтва — уводзіць сёння санкцыі ў гэтым узаемазалежным свеце. Але вы гэта робіце».
«Першая міратворчая. Як толькі пачаўся гэты канфлікт, ведаючы ў цэлым, без дэталяў, што адбываецца і што адбудзецца, я цэлы дзень тэлефанаваў Зяленскаму і прасіў яго: «Валодзя, сядзь, калі ласка, за стол перагавораў. Гэта ж табе не на шкоду. Гаварыце. Любы мір заўсёды лепшы за самую добрую вайну». Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пасля гэтага ў Беларусі адбылося некалькі «вельмі паспяховых» раундаў перагавораў паміж Расіяй і Украінай. Але Захад — перш за ўсё ЗША і Вялікабрытанія — забаранілі Украіне працягваць іх.
«У 2020 годзе вы хацелі яшчэ і Беларусь зламаць, каб выбудаваць гэты пояс ад Чорнага мора да Балтыкі і ўжо стаяць ля парога Масквы. Калі б Беларусь тады зламалі, натаўскія войскі былі б ужо пад Смаленскам. Гэтыя “ўлады”, прадстаўнікі, у вас сядзяць: Ціханоўская і іншыя. Ціханоўская — гэта пацанка, яна нічога не вырашае. Мы ведаем, хто за ёй стаіць і хто што вырашае. Вы за ёй стаіце і ёй кіруеце — амерыканцы і Еўрасаюз. Калі б тады, у 2020 годзе, мы не выстаялі, тут было б горш, чым ва Украіне. Мы вытрымалі».
«Я сапраўды падтрымліваю Расію. І не толькі таму, што ў нас саюз з Расіяй. І не толькі таму, што мы юрыдычна гэта абавязаны рабіць: мы ж дагавор з Расіяй заключылі аб стварэнні адзінай групоўкі войскаў на заходнім кірунку, асновай якой з’яўляецца беларуская армія. Даўно вядома, гэта наша дактрына. Не толькі таму. А таму што мы бачылі прычыну гэтай вайны. Прычына ў тым, што вы, калі б Расія не апярэдзіла вас, натаўцаў, арганізаваліся і нанеслі супраць яе ўдар. Я ў гэта веру, і Расія ў гэта верыць. І так было б».
«Вы, натаўцы, амерыканцы, хацелі гэтай вайны. І калі б Пуцін не пачаў гэтую аперацыю, вы б яе пачалі, але ўжо арганізаваўшыся. Ён проста вас крыху апярэдзіў. Такая пазіцыя Расіі і Беларусі».
«Вы мяне папракаеце ў тым, што я агрэсар. А вы хто? Вы ж туды зброю пастаўляеце. Вашых наёмнікаў там 20 тысяч перавярнулася, у тым ліку з Францыі. Вы самыя сапраўдныя агрэсары!»
У той жа час, заўважыў кіраўнік дзяржавы, Беларусь ні тэхнікай, ні жывой сілай не ваюе ва Украіне. З беларускай тэрыторыі былі нанесены ўдары па ваенных аб’ектах Украіны, але гэта было зроблена ў прэвентыўных мэтах. «Навошта разгарнулі на мяжы чатыры дывізіёны? Навошта вы нацэліліся супраць нас? — спытаў ён. — Вы хочаце сказаць, што я павінен быў сядзець і чакаць, пакуль на галаву беларускаму народу ракеты пачнуць падаць? Не».
«Мы да гэтага часу гаворым: так, мы ўдзельнічаем у аперацыі. Але якім чынам: мы закрылі захад, паўднёвы захад Беларусі, каб вы адтуль не ўдарылі ў спіну рускім. Вось наш удзел. Так, мы лячылі параненых, загінуўшых людзей прымалі на тэрыторыю Беларусі. Мы лекі перадавалі і перадаем і ўкраінцам, і расіянам. Гэта наш удзел у гэтай аперацыі. Мы людзей не забіваем».
«Ніякай неабходнасці. Гэта б нічога не дадало ні Луганску, ні Данецку, ні Крыму. Але калі Крыму, Луганску, Данецку трэба будзе харчаванне, цэгла, цэмент, каб аднаўляць, і іншае, мы будзем ім дапамагаць. Трэба будзе — прызнаем. Калі ў гэтым будзе сэнс нейкі.Але які сэнс сёння, прызнаю я публічна ці не прызнаю.Мы фактычна з імі супрацоўнічаем.Так, як вы фактычна супрацоўнічаеце з Украінай і ўжо падзялілі Украіну на часткі.Вы, французы, па-мойму, Кіеўскую вобласць жадаеце аднаўляць? Гэта значыць вы ўжо падзялілі Украіну і будзеце аднаўляць. А я буду дапамагаць Луганску і Данецку. Крыму буду дапамагаць. Мы з імі супрацоўнічаем, мы гэтага не хаваем».
«Гэта значыць дэ-факта мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк. Таму што мы з імі супрацоўнічаем. А гэта ўсё балбатня: “Чаму там Лукашэнка прызнаў, не прызнаў?..” Трэба — прызнаю ўказам Прэзідэнта. Калі гэта трэба будзе. Але зараз гэта нічога не дасць дадаткова».
«Нам дастаткова, што ядзерная зброя ёсць у Расіі. Калі трэба, Расія па дагаворы будзе абараняць Беларусь, як сваю тэрыторыю. У нас такі дагавор. Таму калі трэба прымяніць ядзерную зброю... Не дай бог, вядома, каб гэта было. Таму што гэта канец».
«Я наогул праціўнік ядзернай зброі. Катэгарычны праціўнік. Яе трэба цалкам у свеце знішчыць. І свет будзе спакайней спаць».
Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што натаўцы ў Еўропе трэніруюцца на самалётах, здольных несці ядзерныя бомбы і зарады. «Ну а чаму мы не павінны да гэтага рыхтавацца? Вось мы і дамовіліся, што мы даабсталюем нашы самалёты, каб яны маглі несці ядзерную зброю. Але мы гэта і самі можам зрабіць. У нас ёсць авіяцыйныя заводы, якія здольныя па расійскіх тэхналогіях пераабсталяваць». Там цяжкасцяў ніякіх няма. І, як мне вайскоўцы сказалі, гэта пытанне некалькіх месяцаў... Вы перастанеце (наўтаўцы, амерыканцы) гэта рабіць — мы гэтага не будзем рабіць. Нам гэта не трэба«.
«Я гляджу з аптымізмам, бо ў мяне, як і ў вас, ёсць дзеці. Я не магу не быць аптымістам. Я хачу, каб нашыя дзеці жылі не так, як мы нават. А жылі лепей. Вось аснова майго аптымізму».
«Усё скончыцца добра?», — удакладніў журналіст
«Калі вы гэтага захочаце, скончыцца добра. І для вас нават нечакана хутка. Скарыстайцеся гэтым момантам. Натаўцы, амерыканцы. Асабліва еўрапейцы. Слухайце, ну навошта вы ў Еўропе паставілі ў такое становішча сваіх людзей — французаў, немцаў і іншых. Ну навошта? ! Ну давайце жыць мірна!»
«Аднойчы выказаў шальную думку. Вось калі б вы, еўрапейцы, былі дружныя з намі, беларусамі, расіянамі, альянс быў эканамічна, фінансава, тэхналагічна, у ваенных адносінах непераможным. Мы б не ваявалі супраць каго б там ні было. Велізарныя рэсурсы, тэрыторыя на ўсходзе і найвысокія тэхналогіі на захадзе ў вас, у немцаў і гэтак далей.Вось дзе ваша шчасце.Але вы не можаце гэтую палітыку праводзіць.Вам не даюць.Вось цяпер еўра абваліўся да ўзроўню долара.Амерыканцам ужо добра.Няўжо вы гэтага не бачыце? Вы ўсё бачыце, усё разумееце».
Аляксандр Лукашэнка заклікаў спыніцца, дамовіцца, скончыць «гэтую катавасію, аперацыю і вайну ва Украіне». «Давайце спынімся, а далей разбярэмся, як жыць. Можа, прыйдзе час на нашым з вамі вяку, што людзі не будуць лічыцца нават з межамі. Да гэтага ўсё ішло. Вольна перамяшчаліся. Межы ўмоўнасцю былі. Таму давайце спынімся. Не трэба ісці далей. Далей бездань з ядзернай вайной. Не трэба да гэтага ісці».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/intervyu
[6] https://zviazda.by/be/tags/frans-pres
[7] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[8] https://zviazda.by/be/tags/ryanair
[9] https://zviazda.by/be/tags/icao