Трапіць на прагляд доўгачаканага фільма з любімымі акцёрамі — значыць перажыць непаўторныя эмоцыі. Кінатэатр ва ўсе часы застаецца адным з самых прывабных месцаў адпачынку як для асобных наведвальнікаў, так і для ўсёй сям'і. Аднак, як мы ўжо маглі адчуць, бывае, што абставіны ўплываюць на колькасць людзей, якая ідзе ў кінатэатры, і на тое, што там ім гатовыя прапанаваць. Калі ў свеце разгарэлася пандэмія, пачаліся няпростыя часы для кінапракату (і беларускага). А апошнія месяцы на жыццядзейнасць дадзенай сферы аказвае ўплыў і палітычная абстаноўка ў свеце. Інфармацыя пра тое, як сыходзяць з беларуска-расійскага рынку дыстрыб'ютары чаканых сусветных прэм'ер, безумоўна, засмучае. Аднак мы паспрабавалі даведацца ў спецыялістаў сферы кінапракату, хто прыйдзе на вызваленыя месцы і ці сапраўды крызіс — час для росту.
Калі зазірнуць на сайты хоць бы абласных арганізацый пракату, то там значацца такія прапановы, як «Мы — монстры-2», «Дапамажыце, я зменшыў сваіх сяброў», «Уцёкі з космасу» і іншыя. У асноўным афіша разлічана на сямейную ці дзіцячую аўдыторыю, што актуальна летам, бо цяпер час канікулаў і адпачынкаў. Ёсць тут і камедыя «Булкі», хорар «Молах» і паказ трылера «Сківіцы. Сутыкненне». Недзе нават маем магчымасць паглядзець фільм «Галоўная роля» з Пенелопай Крус і Антоніа Бандэрасам, які з'явіўся ў пракаце з канца чэрвеня. І раз ёсць прапанова, то, верагодна, існуе і попыт сярод аўдыторыі. Напрыклад, у сталіцы з пачатку года кінатэатры сеткі УП «Кінавідэапракат» наведала каля 450 тысяч гледачоў. У пяцёрку лідараў пракату за першае паўгоддзе трапілі такія карціны, як «Чалавек-павук: няма дарогі дадому», «Анчартэд: на картах не значыцца», «Апошні асілак: пасланец цемры», «Дом Гучы» і «Зверапой-2».
— У перыяд школьных канікулаў і водпускаў мы назіраем павышаную цікавасць да сямейнага кантэнту. Нашы гледачы любяць кіно ва ўсёй яго разнастайнасці, але традыцыйна найбольш папулярныя ў такой катэгорыі — фэнтэзі, камедыі, акрамя таго, заўсёды свайго гледача знаходзяць трылеры і фільмы жахаў, — дзеліцца першы намеснік генеральнага дырэктара УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Вольга Дзюльдзя. — На жаль, нашы гледачы пакуль не ўбачылі такія сусветныя прэм'еры, як «Бэтмен», «Я чырванею», «Морбіус», «Доктар Стрэндж: у мультысусвеце вар'яцтва», «Баз Лайтэр», «Дрэнныя хлопцы» ды іншыя. Але мы не губляем надзеі, што ўсё ж зможам яшчэ ўбачыць гэтыя фільмы на вялікім экране. Вядома, мы страцілі пэўную ўвагу гледачоў з-за адсутнасці сусветных прэм'ер за апошнія некалькі месяцаў, але пры гэтым мы імкнёмся зрабіць рэпертуар разнастайным за кошт кінанавінак незалежных кінастудый, перавыпускаў культавых фільмаў, розных праектаў і праграм.
Адзін з такіх праектаў TheatreHD — трансляцыі на экранах кінатэатраў самых вядомых спектакляў з найлепшых тэатраў свету, сярод якіх і Каралеўскі нацыянальны тэатр (Лондан), Шэкспіраўскі тэатр «Глобус» (Лондан), Метраполітан-опера (Нью-Ёрк), Вялікі тэатр (Масква) і г. д., а таксама навінка бягучага сезона — паказ спектакляў-намінантаў на вядучую расійскую тэатральную прэмію «Залатая маска». ТheatreHD уключае ў сябе яшчэ і ўнікальныя фільмы-выстаўкі, якія даюць магчымасць гледачам пераносіцца ў вядомыя музеі свету і ў дэталях разглядаць палотны Ван Гога, Манэ, Рэмбранта і шэрага іншых знакавых мастакоў. Варта адзначыць, што місія праекта якраз і заключаецца ў тым, што кожны можа далучыцца да знаёмства з шэдэўрамі сусветнага тэатра і выяўленчага мастацтва праз вялікі экран, не пакідаючы родны горад. Паказы такога кшталту ладзяцца ў Грузіі, Расіі, Азербайджане, Казахстане і іншых краінах, а ў Мінску з гэтым праектам працуе кінатэатр «Цэнтральны».
Увогуле, калі разглядаць сітуацыю з магчымасцю глядзець кіно на вялікім экране на прыкладзе сталіцы, то кінатэатры тут разгрупоўваюцца як у цэнтры горада, так і ў спальных раёнах. І як адзначае Вольга Дзюльдзя, у арганізацыі ёсць жаданне пашырацца, каб на базе ўжо існуючых адназальнікаў з'яўляліся новыя залы, паколькі гэта дазволіць разнастаіць і рэпертуар, і ўвогуле палітру паслуг для наведвальнікаў кінатэатраў. Так, напрыклад, у пачатку лета адкрыўся пасля абнаўлення кінатэатр «Мір». Тут правялі рамонт у глядацкай зале (з'явіўся нават VІP-рад), у санвузлах, змянілася прыкасавая зона, лесвіца. І абноўлены кінатэатр зноў рады запрашаць сваіх наведвальнікаў на кінасеансы.
— Перыядычна той ці іншы кінатэатр зачыняецца на рэканструкцыю, падчас якой абнаўляюцца інжынерныя сеткі і камунікацыі, мяняецца абсталяванне, рамантуюцца залы, фае, прыбіральні. Амаль усе будынкі нашых кінатэатраў — доўгажыхары, таму падтрымліваць і паляпшаць іх проста неабходна, — кажа спецыяліст. — Таксама амаль ва ўсіх кінатэатрах нашай сеткі створана безбар'ернае асяроддзе. У філіяле кінатэатра «Беларусь» усталяваны спецыяльныя сістэмы — DOLBY FІDELІO и DOLBY CAPTІVІEW для людзей, якія маюць праблемы са зрокам ці са слыхам.
Як бачым, нягледзячы ні на што, сфера кінапракату працягвае функцыянаваць, шукае і стварае цікавыя прапановы для кінаманаў, а таксама клапоціцца пра тое, каб паляпшалася якасць паслуг, якія прапаноўваюць кожнаму з нас у кінатэатрах. На Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» сітуацыю сыходу з айчыннага кінарынку замежных дыстрыб'ютараў таксама ацэньваюць у нейкай ступені пазітыўна. Бо ў калекцыі беларускага кіно ёсць шмат кінастужак розных жанраў, якія варта паглядзець, але не заўсёды ім удавалася быць заўважанымі і ацэненымі на фоне замежных навінак, а цяпер — самы час...
— Бягучы год, як вядома, асаблівы для нас, бо праходзіць як Год гістарычнай памяці, таму яшчэ з зімы ў нас створана цэлая праграма кінапаказаў, якая цяпер рэалізуецца па краіне. Пачалася яна з мая і працягнецца да восені. Туды ўваходзяць паказы фільмаў айчыннай вытворчасці за розныя гады, у прыватнасці, патрыятычнай накіраванасці, — распавядае вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Ігруша. — З намі актыўна супрацоўнічаюць усе кінапракатныя арганізацыі ў краіне, таму фільмы нашы можна ўбачыць на вялікім экране як у абласных цэнтрах, так і ў раённых гарадах. Акрамя таго, мы ладзім сустрэчы вядучых кінематаграфістаў з гледачамі перад кінасеансамі, што таксама павышае цікавасць да кінастужак.
У ліку фільмаў, якія цяпер прапаноўваюцца для пракату, «Анастасія Слуцкая», «Чалавек, які браў інтэрв'ю», «Альпійская балада», «Я родам з дзяцінства», «Пайсці і не вярнуцца», «Дрэвы на асфальце» і іншыя. У дадзены момант на кінастудыі таксама актыўна вядзецца аднаўленне фільмаў (іх рэстаўрацыя), і таму многія стужкі выходзяць на вялікі экран упершыню ў абноўленым выглядзе. Увогуле, на сёння ў калекцыі «Беларусьфільма» каля 600—700 карцін. Вядзецца ўжо ў тым ліку і актыўная падрыхтоўка да святкавання 100-годдзя беларускага кіно (гэтую дату мы адзначым у 2024 годзе).
— І з такой нагоды мы сумесна з Акадэміяй навук працуем над адборам «100 найлепшых фільмаў Беларусі». Задача не з простых, але мы задзейнічалі спецыялістаў, кінакрытыкаў, кіназнаўцаў, каб вызначыць самыя лепшыя гульнявыя, анімацыйныя, дакументальныя кінастужкі, — дзеліцца Юрый Віктаравіч. — І цяпер мы актыўна садзейнічаем таму, каб беларускае кіно паказвалі шырокай аўдыторыі. Паколькі складваецца сітуацыя, калі сышлі асноўныя амерыканскія дыстрыб'ютары з нашага і расійскага кінарынкаў, гэта дае нам добрую магчымасць нагадаць і заявіць па-новаму пра сябе, паказваць сваё айчыннае кіно.
Актыўная работа праводзіцца кінастудыяй і з тэлебачаннем, дзе перыядычна можна злавіць і прэм'еры, і добрае кіно са знакам якасці. У тэлеэфіры можна было паглядзець 4-серыйны фільм «У пагоні за анёлам» (яго паказы на некаторых каналах яшчэ толькі плануюцца), серыял «Полымя пад попелам» Івана Паўлава, на аснове якога зрабілі фільм «Падрыў», што з пачатку ліпеня знаходзіцца ў пракаце па ўсёй краіне. І супрацоўніцтва ў гэтым напрамку працягваецца.
А што датычыцца кінапракатных арганізацый, то ў дадзеным кірунку прадугледжана і запланавана правядзенне розных акцый. З шэрага такіх 22 чэрвеня быў паказ фільма «Ідзі і глядзі», які праходзіў па ўсіх абласцях, прычым таксама з удзелам стваральнікаў вядомай кінастужкі. У Сусветны дзень абароны дзяцей «Беларусьфільм» зладзіў паказ калекцыі мультфільмаў для сваіх юных гледачоў. Увогуле, тут з кінапракатнымі арганізацыямі працуюць па алгарытме заключэння дагавора на год, што дазваляе пракатчыку самому выбіраць, якія фільмы з'явяцца ў яго афішы. Адносна таго, што плануе паказаць і прапанаваць кінааматарам кінастудыя — восенню на Дні горада Мінска будуць паказы фільмаў. Чакаецца нават прэм'ера маладых рэжысёраў «Мінск — гэта я», фільм ужо распачаў сваю фестывальную вандроўку. А на Дні беларускага пісьменства прэзентуюць аўдыторыі мультыплікацыйны фільм «Класікі і шахматы», прысвечаны пісьменнікам Янку Купалу і Якубу Коласу з нагоды іх 140-годдзя.
Варта чакаць пэўнага ажыўлення на айчынным кінарынку і ў сувязі з «Лістападам». Сёлета ў планах арганізатараў фестывалю пашырыць паказы фестывальных кінастужак у рэгіёнах. І таксама ёсць імкненне адразу на кінафоруме прыкмячаць фільмы на дыстрыб'юцыю і пасля заканчэння мерапрыемства, каб найлепшае кіно «Лістапада» змаглі ўбачыць у розных кутках Беларусі.
Калі разглядаць сітуацыю з кінарынкам, то ўсё быццам бы і нядрэнна. Аднак пакуль яшчэ так і невядома, калі беларусы ўбачаць некаторыя чаканыя кінапрэм'еры, а таксама ці дажывём мы да часоў, калі нашых акцёраў у тых жа рэгіёнах не будуць лічыць расійскімі, бо пазнаюць іх часцей, на жаль, усё ж па камедыях і серыялах краіны-суседкі. Можа, варта нашым кінавытворцам перагледзець свае планы адносна свайго прадукту, ці ўсё ж у нас праблемы з добрымі сцэнарыстамі і рэжысёрамі, і рызыкаваць, як і эксперыментаваць, ніхто не хоча?
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarusfilm-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/kinaprakat