Перад летнім адпачынкам адна з найактыўнейшых выставачных пляцовак сталіцы Палац мастацтва прадставіла вялікі праект Беларускага саюза мастакоў «Альгерд Малішэўскі. Эпоха». Выстаўка, прымеркаваная да 100-гадовага юбілею вядомага мастака і настаўніка, падрыхтавана пры падтрымцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава.
У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс выдатнага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, ветэрана вайны Альгерда Малішэўскага з калекцыі БСМ і з сямейнага збору Эліны Малішэўскай. Вялікую частку экспазіцыі складаюць работы вучняў майстра, былых дыпломнікаў і студэнтаў Мінскага мастацкага вучылішча, дзе мастак шмат гадоў выкладаў. Сярод іх — Зоя Літвінава, Святлана Каткова, Георгій Скрыпнічэнка, Мікалай Селяшчук, Алег Маціевіч, Уладзімір Гардзеенка, Міхаіл Рагалевіч, Васіль Сумараў, Уладзімір Уродніч, Мікалай Апіёк, Уладзімір Зінкевіч, Мікалай Цудзік, Мікалай і Марыя Ісаёнкі, Сяргей Малішэўскі, Генадзь Козел, Уладзіслаў Куфко, Алег Назаранка і многія іншыя. Ужо па гэтым спісе можна меркаваць пра педагагічны талент Альгерда Адамавіча.
Альгерд Малішэўскі лічыцца майстрам экспрэсіўнай, сюжэтна-тэматычнай карціны. Яго называюць цудоўным каларыстам, які віртуозна выкарыстоўваў фарбы на палатне і лічыў жывапіс эмацыянальным арганізмам. «Ён паслядоўна і настойліва шукаў новыя сістэмы кампазіцый, іх паэтыку і пластычныя прыёмы. Смела ўваходзіў у кола праблем — ад паглыбленага аналізу заканамернасцей прыроды да складанага роздуму пра свет і чалавека... Здаецца, ён забаўляўся, спалучаючы жоўтае з сінім, рудое з ліловым, чырвонае з зялёным, вохру з блакітным. Гуляў у колеры, як дзеці гуляюць у кубікі. Гэтая „гульня“ была яго жыццём. Малішэўскі даў новую ролю колеру ў жывапісе, выявіў яго самастойную каштоўнасць», — так пісаў пра творцу мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Крэпак.
Радасць існавання, у якіх бы ўмовах чалавек ні знаходзіўся, — галоўнае ў жывапісе Альгерда Малішэўскага. Гэта бачна і ў такіх нязвыклых для сённяшняга гледача сюжэтах з аператарамі МТЗ, будаўнікамі Чыжоўкі, партрэтамі брыгадзіраў, меды¬каў, нафтавікоў, і ў яскравых пейзажах і нацюрмортах, напісаных шырокімі мазкамі і багатых на фарбы. Захапленне роднай стронкай і яе людзьмі відавочнае на ўсіх палотнах, у тым ліку тэматычных, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне: «Вясна партызанская» (у экспазіцыі дзве аднайменныя карціны 1988-га і 1989-га гадоў) і «Маці» (1968).
Нягледзячы на схільнасць да традыцыйных тэм, вядома, што мастак эксперыментаваў і ў авангардным жывапісе, аднак работы ў гэтым кірунку ніколі не экспанаваў. Магчыма, у тым ліку гэтыя пошукі паўплывалі на творчасць сына мастака Сяргея Малішэўскага. У экспазіцыю ў Палацы мастацтва ўключылі такія работы гэтага аўтара, як «Пошук страчанай музыкі» (2019), «Імгненне, якое прайшло» (2019), «Неіснуючая п’еса» (2015) і «Тэатр жаданняў» (2019). Ужо толькі па іх можна зрабіць выснову, наколькі погляд на мастацтва бацькі і сына непадобныя — эстэтычныя адрозненні відавочныя. Так, мастак старэйшага пакалення імкнуўся перадаць гармонію. Тычыцца гэта і прыроды, і душэўнага стану чалавека. Узяць хаця б «Вясну на прытоку Прыпяці» (1979), пры знаёмстве з якой узнікае даволі шмат асацыяцый, хоць перад гледачом — даволі звыклы краявід. І толькі рытм, экспрэсія, «сяброўства» фарбаў робяць пейзаж прывабным. Ці партрэт «Аня» (1966), змешчаны на афішы выстаўкі, — цудоўны прыклад таго, як можна адлюстраваць характар чалавека і яго адносіны з навакольным светам. Дарэчы, Альгерд Малішэўскі належыць да тых творцаў, для якіх каларыстыка іграе першарадную ролю. Многія гледачы не вельмі ўважлівыя да яго сюжэтна-тэматычных твораў (увогуле зразумела, чаму так адбываецца), аднак нават такія кампазіцыі здольны прымусіць спыніцца і засяродзіцца. І гэта дзякуючы колеру, які творца вельмі тонка адчуваў. Прытым, здаецца, што ў яго не было любімых фарбаў: у экспазіцыі можна знайсці як светлыя і ясныя работы, напоўненыя безліччу адценняў, — «Вечар. Нарач» (1989), «Керамісты. Метрабуд» (1981), «Стары Мінск» (1963), так і больш лаканічныя, зацененыя і пахмурныя, напрыклад, «Партрэт дзяўчыны з кнігай» (1977), «Эцюд хлопчыка» (1965), «Лес» (1978). Апошняя здаецца даволі нетыповай для мастака, бо тут знайшлося месца спакойнаму лірызму, задуменнасці ў адзіноце. Аднак змрочнасці і панурасці глядач нідзе не знойдзе.
Сярод мастакоў, у творах якіх найбольш адчуваецца ўплыў Альгерда Малішэўскага, — Леанід Дударэнка. Яго карціна «Гродна» (1972), насычаная кантрастнымі колерамі, уражвае адлюстраваннем прасторы і поглядам мастака на горад. Відавочныя асацыяцыі ўзнікаюць і з творам Мікалая Казакевіча «Вечар на буравой» (1976). З творчымі набыткамі настаўніка пераклікаюцца і творы Алега Маціевіча. Напрыклад, «Сняданак» (1979) з’яўляецца і адсылкай да знакамітай «Дзяўчынкі з персікамі» (1887) Валянціна Сярова. Імкненнем да адлюстравання спакойнага побыту, шчасця мірнага жыцця на свайго настаўніка падобны і Васіль Сумараў. На такую думку навёў твор «Мой дом» (у экспазіцыі змешчаны варыянт 2022 года): па-першае, Мінск паказаны з вышыні птушынага палёту; па-другое, у цэнтры знаходзіцца, што вельмі важна, чырвоны двухпавярховы драўляны дом; па-трэцяе, герояў вельмі шмат і заняты яны рознымі справамі. Жывапісец сканцэнтраваў сваю ўвагу толькі на светлым, што засталося ў памяці. Гэта ў свой час рабіў і Альгерд Малішэўскі.
Увогуле ж знайсці пэўныя дэталі, прыкметы пераемнасці ў творах шматлікіх вучняў настаўніка (таго ці іншага) вельмі складана, а, можа, і немагчыма. У адной экспазіцыйнай прасторы сабралі вельмі розных творцаў, некаторыя адкрыліся (ці нагадалі пра сябе, хто ведае?) з новага боку. Так, нечаканымі сталі даволі яркія акварэлі розных гадоў Святланы Катковай. Здзівіла і Зоя Літвінава — тымі ж акварэлямі, якія выяўляюць краявіды далёкіх краін: «Паўночная Асеція» (1981), «ПАР. Пейзаж» (2001) і «Садомскі руднік» (1981). Упрыгожыў выстаўку шматлікімі работамі і Генадзь Козел... Паглядзець ёсць на што.
Альгерд Адамавіч Малішэўскі (1922–1989) нарадзіўся 8 верасня 1922 года ў Бабруйску. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны. У 1952 годзе закончыў факультэт жывапісу Харкаўскага мастацкага інстытута. Удзельнік мастацкіх выставак з 1956 года. У Беларускі саюз мастакоў уступіў у 1965 годзе. За¬служаны дзеяч мастацтваў БССР (1977). З 1953 да 1981 года выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы. Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу. Аўтар карцін «Мы вернемся», «Гады вайны», «Салдаты — сыны Радзімы», «Хатынь», «Маці», «Пратэст супраць вайны», «Металургі», «Сяброўкі», «Брыгада», «Міншчына», «Вясна», «Калы», «Вясна ў Чыжоўцы» і іншых. Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, фондах Беларускага саюза мастакоў.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/algerd-malisheuski
[5] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[6] https://zviazda.by/be/tags/yubiley