Сярод іншых адрасоў, дзе вядзецца актыўная прапаганда айчыннай кнігі і самога чытання — «Кніжны клуб пісьменнікаў», які працуе ў Мінску па вуліцы Кісялёва, 4. Тут арганізаваны продаж кніг, а таксама праводзяцца прэзентацыі і аўтограф-сесіі, ладзяцца сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі.
27 ліпеня на сустрэчу з чытачамі ў «Кніжны клуб пісьменнікаў» прыйдзе член Саюза пісьменнікаў Беларусі Кацярына Хадасевіч-Лісавая. А 12-й гадзіне адбудзецца прэзентацыя яе кніг «Сакрэты аднаго каралеўства», «Казкі сівой даўніны», «Загадка прынцэсы Агнэсы», якія пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Усе кнігі адрасаваным самым юным чытачам.
— У кнізе «Сакрэты аднаго каралеўства», — расказвае загадчык аддзела Выдавецкага дома «Звязда» Святлана Ганцарэвіч, — змешчана казка, персанажы якой не людзі, не жывёлы, не расліны... Гэта казачная гісторыя пра загадкавых істот, якія фарсяць у выкшталцоных капелюшах, жывуць у сваім асобным каралеўстве і віруюць у эпіцэнтры прыдворных падзей. Хто ж гэты высакародны, арыстакратычны, шляхетны народ? Завітайце ў таямнічае каралеўства, пазнаёмцеся з яго жыхарамі і даведайцеся, якія падзеі не на жарт узрушылі дзяржаву... Але, думаю, і пра гэту кнігу і пра іншыя выданні, якія будуць прадстаўлены ўдзельнікам прэзентацыі ў «Кніжным клубе пісьменнікаў», лепей за ўсё раскажа сама Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Яна — ці не самы лепшы аўтар нашага выдавецкага дома. Дарэчы, на прэзентацыі мы раскажам і пра тыя кнігі, якія яшчэ толькі рыхтуюцца да выдання і пабачаць свет на працягу 2022 года.
Прыходзьце ў «Кніжны клуб пісьменнікаў» па адрасе: вул. Кісялёва, 4. У іншыя дні тут адбудуцца прэзентацыі кніг Уладзіміра Мазго, Генадзя Аўласенкі, Ірыны Карнаухавай, іншых паэтаў, празаікаў, чые кнігі пабачылі свет у апошні час у Выдавецкім доме «Звязда».
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-hadasevich-lisavaya-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-klub-pismennikau
[7] https://zviazda.by/be/tags/sayuz-pismennikau-belarusi
[8] https://zviazda.by/be/tags/genadz-aulasenka-2
[9] https://zviazda.by/be/tags/iryna-karnauhava