Кожнаму чалавеку патрэбен іншы чалавек. Такі закон прыроды, што толькі ў пары і побач з іншымі мы можам існаваць гарманічна і паўнавартасна. З самага нараджэння дзіцяці патрэбен клопат бацькоў, пасля ў нашым жыцці з'яўляюцца сябры, настаўнікі, а потым прыходзіць каханне, мы ствараем сям'ю. Але не заўсёды знаходжанне побач з іншымі людзьмі прыносіць радасць, бо часам адносіны пераўтвараюцца ў сузалежныя. Мы вырашылі распытаць спецыяліста, з чаго ўсё пачынаецца і ці ёсць магчымасць выратаваць адносіны, не страціўшы ў іх саміх сябе.
— Вельмі часта прычыны рызыкі трапіць у сузалежныя адносіны бяруць свой пачатак у дзяцінстве. Спачатку такія адносіны могуць сфарміравацца паміж дзіцем і бацькамі, — тлумачыць псіхолаг Вера Прохарчык. — Бо сузалежныя адносіны — гэта такая мадэль паводзін, калі адзін чалавек (сузалежны) цалкам сканцэнтраваны на другім і яго жыцці. Сузалежныя людзі імкнуцца кантраляваць дзеянні свайго партнёра, маніпуляваць ім, спрабуюць яго змяняць і разам з тым моцна непакояцца. Такія адносіны могуць быць як паміж мужчынам і жанчынай, так і паміж мамай і дзецьмі. Фарміруецца такая схільнасць як наступства пэўных умоў выхавання. Напрыклад, калі ў сям'і ёсць чалавек з алкагольнай, наркатычнай залежнасцю альбо нехта мае псіхічнае расстройства, або дзецям даводзіцца сутыкацца з фізічным, эмацыянальным гвалтам. Можа быць і так, што на дзіця не звяртаюць увагі, не лічацца з яго меркаваннем і інтарэсамі. У выніку маленькі чалавек не атрымлівае і не адчувае любові, клопату і ўвагі дарослых, а наадварот, яго могуць толькі прыніжаць, крытыкаваць і караць. А калі дзіця раптам яшчэ і кідаюць, то тады і можа сфарміравацца сузалежнасць.
Паколькі дзеці адчуваюць у свой бок абыякавасць, але не разумеюць паводзін бацькоў (бо тыя нічога не тлумачаць), то праз некаторы час пачынаюць думаць, нібыта самі адказныя за адносіны дарослых. І каб неяк ім дагадзіць, пачынаюць падладжвацца пад эмацыянальны стан тых людзей, хто знаходзіцца побач з імі. А ўжо ў дарослае жыццё такія дзеці ідуць з засвоенай нормай, што яны ва ўсім вінаватыя, а іх інтарэсы не маюць ніякага значэння. І так адбываецца з-за нізкай самаацэнкі. У выніку чалавек падсвядома прыцягвае ў сваё жыццё людзей, з якімі перажывае сцэнарыі, набліжаныя да падзей дзяцінства. Тады ўсё складваецца, нібы пазл. Напрыклад, жанчына падстройваецца пад партнёра, робіць усё, каб той быў задаволены, а сябе пры гэтым не заўважае і нават не ведае, што ёй патрэбна. Увогуле, яна лічыць, што не вартая любові, а калі атрымлівае яе ці наогул любую ўвагу ў свой бок, то за гэта трэба быць удзячнай. Адсюль пазіцыя, што жонка павінна і мыць, і прыбіраць, і гатаваць незалежна ад таго, ці атрымлівае яна сама ад гэтага задавальненне. А калі партнёр за нешта крытыкуе, то гэта яна вінаватая і штосьці робіць недастаткова добра. Сітуацыю, калі камфорт і інтарэсы іншых людзей на першым месцы, можна назіраць не толькі ў адносінах любоўнай пары, але і паміж начальнікам і падначаленым, паміж маці і дзіцем.
— Калі ў чалавека не сфарміравана ідэнтычнасць (няма разумення, хто ён і што з сябе ўяўляе), то ён імкнецца зліцца з тым, хто побач, бо толькі тады пачынае адчуваць сябе паўнавартасным, — адзначае спецыяліст. — Калі іншыя, напрыклад, кажуць такой жанчыне, што трэба рабіць, то яна задаволеная.
Але як толькі сузалежная асоба застаецца ў адзіноце, яна пачынае адчуваць дыскамфорт. Альбо жанчына можа знаходзіцца ў саюзе з чалавекам, які мае наркатычную, гульнявую ці алкагольную залежнасці, але застаецца ў гэтых адносінах (яшчэ і апраўдвае паводзіны іншага), прымаючы пазіцыю ахвяры і тым самым страчваючы сябе. Не атрымліваецца нічога добрага і тады, калі ў сузалежных адносінах паводзіны жанчыны выклікаюць неадэкватны адказ з боку мужчыны. Найбольш страшнай яго формай можна лічыць сітуацыю, калі ён дазваляе сабе ў адрас жанчыны псіхалагічны, сексуальны ці фізічны гвалт. Варта ўлічваць, што сузалежны чалавек не ўмее і не будзе прасіць аб дапамозе і падтрымцы. У такіх умовах самаацэнка ў жанчыны моцна паніжаецца, што негатыўна і разбуральна адбіваецца на яе асобе. А калі сузалежны чалавек адважваецца не цярпець непаважлівае стаўленне да сябе, з'яўляецца надзея змяніць нешта да лепшага. Там з'явіцца ўжо два варыянты: ці сысці, ці пачаць працаваць над адносінамі. Перш за ўсё трэба звярнуць увагу на сябе, заняцца самапазнаннем, вызначыцца са сваімі інтарэсамі і межамі. Не баяцца казаць аб тым, што непакоіць і не задавальняе ў адносінах з партнёрам. Адметна, што часам мы па-свойму тлумачым нейкую праблему і апраўдваем паводзіны партнёра ў ёй, чаго ў здаровых адносінах не назіраецца. Аднак калі ў пары кожнаму важна зберагчы саюз і ёсць жаданне працаваць над памылкамі, то, аб'яднаўшы намаганні, можна дамагчыся жаданага.
— Рэдка бывае, што ў пары сыходзяцца сузалежны і нармальны чалавек, таму што сузалежнасць — гэта ўклад абодвух партнёраў. Аднак каб выйсці з такіх адносін, дастаткова, каб адзін у пары звярнуў увагу на сябе, — кажа псіхолаг. — Калі жанчына спыняецца і пачынае думаць і разумець, хто яна, у якіх адносінах яна знаходзіцца і наколькі яны адпавядаюць таму, што ёй хочацца, што яна адчувае, а таксама пачынае выбудоўваць свае межы, то і мужчына побач з часам стане па-іншаму сябе паводзіць. Нават калі адзін атрымлівае індывідуальную ці групавую тэрапію, дзе разбіраецца, чаму склалася ўсё такім чынам і што зрабіць, каб змяніць сітуацыю. Жанчына пачынае трансліраваць, як дапушчальна з ёю абыходзіцца, а калі змен не адбываецца, яна здолее сысці і разарваць такія адносіны. Апошні выпадак у маёй практыцы быў такі: жанчына стала больш сябе адстойваць, звяртаць увагу партнёра на яго ўспышкі агрэсіі, той, у сваю чаргу, прызнаў існуючую праблему і пагадзіўся над ёй працаваць.
У выніку работы над сабой чалавек выходзіць са зліцця з іншым, пачынае прыслухоўвацца і арыентавацца на сябе, свае патрэбы, і яго самапавага ўзрастае. А калі і іншы чалавек гатовы прыслухоўвацца і спраўляцца са складанасцямі разам з вамі, то каханне і павага ў выніку перамогуць, змяніўшы кожнага з вас да лепшага.
1. Зблытаная адказнасць. У здаровых адносінах кожны сам нясе адказнасць за свой стан і задавальненне сваіх патрэб. Калі ж вам хочацца пералажыць адказнасць за сваю бяспеку, шчасце на іншага, гэта сузалежнасць.
2. Размытыя межы. Гэта калі мы не адчуваем сваіх меж і не здольныя адсочваць, калі нашы межы заходзяць на тэрыторыю іншага чалавека. Пры гэтым мы страчваем здольнасць арыентавацца на свае патрэбы, бо для нас на першым месцы — патрэбы і жаданні партнёра.
3. Забарона на ўсведамленне і выяўленне пачуццяў. У сузалежных адносінах абое не абмяркоўваюць праблемы, не расказваюць пра свае пачуцці (пазітыўныя і негатыўная), страхі, бо гэта забаронена ці небяспечна.
4. Дрэнны ўнутраны стан. Калі ў адносінах мы не адчуваем пазітыўных эмоцый (любові, пяшчоты, павагі), а замест іх — занепакоенасць, страх, дэпрэсіўны настрой.
5. Ізаляцыя і страх выйсці з адносін. Мы не развіваемся і страчваем сувязі з роднымі, сябрамі, а пасля губляем здольнасць шукаць падтрымку па-за межамі нашых адносін з партнёрам. І нават адчуваючы, што яны не робяць нас шчаслівымі, мы ўсё роўна не знаходзім сіл спыніць іх, бо здаецца, быццам не маем іншага выбару.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/suzalezhnyya-adnosiny
[4] https://zviazda.by/be/tags/psihalogiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kahanne