Аграрыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі плануюць атрымаць валавы збор збожжа ў бункернай вазе звыш мільёна тон. Ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці сёння ідзе ўборка збожжавых культур. У гаспадарках імкнуцца аператыўна і якасна ўбраць хлеб з палёў. Каб правесці жніво тэрмінова і пазбегнуць страт, аграрыі Гомельшчыны папоўнілі свой арсенал сотняй новых камбайнаў. Для абслугоўвання тэхнікі арганізавана звыш 20 выязных рамонтных брыгад. Карэспандэнт «Звязды» паназірала за ходам жніва ў Добрушскім раёне.
Ачыстка, прадзімванне, запраўка, наладка ... Рытм напоўненай справамі раніцы ў гаспадарцы ААТ «Уцеўскае» ўпэўнены, дакладны. Работнікі засяроджаныя і ўважлівыя. Камбайнеры і іх памочнікі рыхтуюць свае машыны да выхаду на лінію: правяраюць рабочыя вузлы і сістэму ахаладжэння. Пасля перад рэйсам абавязкова пераапрануцца ў спецвопратку і абутак — у кабіну, за штурвал, вядома, як у рабочы кабінет. У ім, вельмі спадзяюцца байцы жніва, правядзеш і 12 гадзін, з перапынкам толькі на абед. Зразумела, вельмі хочацца як след пастарацца: як мае быць, папрацаваць і зарабіць.
Пасля праліўных дажджоў, якія моцна марудзілі ўборачную ў гаспадарках Гомельшчыны на самым старце, вымушалі няспынна вырываць у прыроды «вокны надвор'я», работнікі «Уцеўскага», як і ўсе, імкнуцца ўзяць рэванш. У апошнія дні з-за багатай расы камбайны выязджаюць на свае «квадраты» каля дзесяці раніцы. Працаваць даводзіцца і да адзінаццаці вечара.
— Добра, вядома, калі можна без перапынку адпрацаваць вялікі участак. Кароткі перапынак на абед — і зноў за работу. Увечары, калі сцямнее, з уключанымі ліхтарамі працуеш, як днём, — тлумачыць камбайнер Уладзімір Асадчы.
За штурвалам камбайна ён амаль тры дзясяткі гадоў. У поле сёлета выходзіць на самай новай пакуль у гаспадарцы машыне, якой тры гады. Хутка камусьці з байцоў жніва пашчасціць перасесці за руль новенькага КЗС1218 — чакаюць «губернатарскі» падарунак у гаспадарцы з нецярпеннем. Пакуль нагрузка на камбайны дастаткова высокая.
На жорсткім кантролі тэхпадтрымка: закуплены ўсе неабходныя запчасткі і вузлы на выпадак паломак. Максімальная ўвага і да пажарнай бяспекі падчас работы тэхнікі на палях.
— Трактар з прычэпам-цыстэрнай з вадой суправаджае камбайн на працягу ўсёй змены. Дадатковая ёмістасць з вадой ёсць і на самім кузаве камбайна, — адзначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Уцеўскае» Уладзімір Халяўкін. — Вялікая ўвага і ўмовам працы работнікаў. Трохразовым харчаваннем забяспечваем не толькі механізатараў і кіроўцаў, але і ўсіх работнікаў, якія задзейнічаны на таку. Абавязкова штодня забяспечваем і пітвом — астуджаныя бутэлькі з мінеральнай вадой выдаём перад зменай.
Цяпер падчас жніва адчуваецца, як «уцеўцы» імкнуцца вытрымліваць і важнае жыццёвае правіла: у гарачую пару — ніякіх залішне эмацыянальных выхадак, не трывожыць адзін аднаго, трымацца дружна, зладжана, бы рабочая сям'я з больш як 150 чалавек. І сапраўды, у гаспадарцы многія працуюць сем'ямі, з пакалення ў пакаленне застаюцца працаваць у роднай гаспадарцы. Гонар калектыву — сямейная дынастыя Марфушкіных. Суперадказнасць, выдатная працаздольнасць і ўнікальнае адчуванне любой сельгастэхнікі — усё гэта пра трактарыстаў-машыністаў — бацьку вялікага сямейства Аляксандра Марфушкіна, яго чатырох сыноў і роднага брата Юрыя Марфушкіна.
— З 12 гадоў дапамагаў бацьку на машынах, таму з дзяцінства ўсё ў мяне звязана з тэхнікай. У гаспадарку працаваць прыйшоў адразу пасля школы, — коратка расказвае пра сябе малодшы з дынастыі аграрыяў Пётр Марфушкін: ёсць пара хвілін, каб пераапрануцца, і зноў выходзіць на лінію.
Чакаюць, калі свае ўчасткі адпрацуюць камбайнеры, у гэты час не толькі кіроўцы, што задзейнічаныя на адвозцы збожжа, але і механізатары, якія працуюць на прэсе. Прыбраць сухую салому пасля жніва своечасова — не менш важна. Не даюць перапынку на жніво і нарыхтоўка сена ў плёнку, падрыхтоўка глебы для сяўбы рапсу.
— Наогул цяпер адна з вострых задач — убраць крыху больш за паўтары тысячы гектараў збожжавых. Без уліку кукурузы плануем намалаціць 4 з паловай тысячы тон, каб выйсці на ўзровень не ніжэйшы за леташні. Ужо цалкам прыбралі азімы рапс — 77 гектараў у нас пад яго было адведзена. Выканалі па дадзенай культуры план дзяржзаказу, — па дарозе на поле ўводзіць у курс справы намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ «Уцеўскае» Галіна Дзямкова.
Кажа, парадаваў ураджай нядаўна ўбранага азімага рапсу — амаль 22 цэнтнеры з гектара.
— Гэта значна вышэй, чым у сярэднім па раёне. Цяпер актыўна прыбіраем жыта, таму што мы яго звычайна сеем самым першым, яно першым і спее. Потым пачнём уборку пшаніцы. Пад гэтую культуру ў нас адведзена 450 гектараў. Моцная наша гаспадарка традыцыйна кукурузай. Засеяна каля 2300 гектараў. Крыху менш за 200 гектараў — прыбяром на збожжа. Ураджайнасць яе летась была на ўзроўні 70 % на круг, а намалот збожжа кукурузы склаў каля паўтары тысячы тон, — дакладна і без папер выдае па памяці Галіна Васілеўна, а сама — за рулём, на заднім сядзенні «Нівы» шмат дзіцячых цацак.
— Шэсць гадоў таму прыехала ў гаспадарку, змяніла работу ў горадзе ў сельгасупраўленні, — дзеліцца яна. — А цацкі сынавы. Яму пяць. З дзіцячага садка забіраю, і мы з ім да ночы з поля на зерняток. Мае дома ўжо назвы ўсіх урочышчаў, дзе сеемся-ўбіраемся, ведаюць. І дачку старэйшую часта бяру з сабой на работу.
Можа, так ў сям'і Галіны Дзямковай і нараджаецца чарговая працоўная дынастыя аграрыяў, што праславіць ААТ «Уцеўскае» і свой раён.
Працаўнікі ў аддаленым куточку Добрушскага краю ў гэтыя самыя дні чарговы раз адчулі: пра іх нялёгкую барацьбу за ўраджай, за харчовую бяспеку гавораць на самым высокім узроўні, падтрымліваюць, перажываюць за найважнейшую агунанацыянальную задачу.
Яны павінны быць галоўнымі героямі на старонках друку, у тэлеэфіры і інтэрнэце, акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі. Сваёй суразмоўніцы — намесніку дырэктара па раслінаводстве ААТ «Уцеўскае» Добрушскага раёна Галіне Дзямковай адрасую пытанне: што важнага працаўнікі вёскі адкрылі для сябе ў словах Прэзідэнта?
— Адчуваецца моцная падтрымка нас, простых людзей на зямлі. Пасля выступлення Прэзідэнта, мы ў сваім калектыве абмеркавалі, які задачы стаяць перад намі, — падзялілася Галіна Дзямкова. — Мяне як прадстаўніка аграноміі вельмі зацікавіла агучанае пытанне па рэгуляванні структуры сельскагаспадарчых земляў, вызначэнні прыярытэтных культур для культывавання на той ці іншай тэрыторыі. Зацікавілі і прапановы ад кіраўніцтва нашага рэгіёна аб пашырэнні азімага палетка, магчымым змяненні структуры пасяўных плошчаў.
На Гомельшчыне сёлета павялічаць плошчы азімых ячменю і рапсу. На ключавыя задачы пасяўной кампаніі бягучага года акцэнтаваў увагу старшыня аблвыканкама Іван Крупко на пасяджэнні з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Юрыя Назарава. Як адзначыў губернатар, пытанне аб севазвароце ў рэгіёне сёння прапрацавана, у тым ліку з вучонымі. Прапрацаваны нюансы пастаўкі элітнага насення азімага ячменю і рапсу, плошчы якіх у паўднёва-ўсходнім рэгіёне маюць намер сур'ёзна павялічыць. Вызначаны крыніцы фінансавання па ўгнаеннях.
— Стаіць задача эфектыўна арганізаваць і правесці работу. Усё неабходнае для нас ёсць. Калі мы выдзеленыя грошы проста закапаем у зямлю — грош нам цана. Важна ў кожнай гаспадарцы вызначыцца, з чаго мець выручку, — падкрэсліў Іван Крупко
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo-2022
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomelshchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/zbozhzha