«Кніжны клуб пісьменнікаў » зноў адчыніў свае дзверы для творчай сустрэчы. 29 ліпеня маленькія чытачы мелі магчымасць паслухаць вершы Уладзіміра Мазго, паспрабаваць адгадаць загадкі з яго кніг, а таксама атрымаць прэзенты ад Выдавецкага дома «Звязда».
Верагодна, самае чароўнае ў пісьменніцтве — гэта тое, што ты можаш ажыцявіць самыя запаветныя мары ў сваіх творах. Уладзімір Мазго — адзін з тых, хто выкарыстащ гэту магчымасць.
— Раскрыю вам сакрэт, — пачаў сваё апавяданне пісьменнік, — калі я быў школьнікам, то хацеў стаць мараходам. Я — рамантык у душы. Але на жаль або на шчасце пасля заканчэння школы падаў дакументы не ў марыходнае вучылішча, а ў БДУ (перамагла любоў да літаратуры). Атрымліваецца, што мараком я не стаў, але зрабіў ім ката Васю — героя «Казак ката-марахода».
Пісьменнік піша выключна на беларускай мове, але яго творы дайшлі і да расійскага чытача, дзякуючы перакладам Генадзя Аўласенкі. Кніга «Слоны с луны» была спачатку выдадзена ў Выдавецкім доме «Звязда». Але потым яе яшчэ раз перавыдалі ў Маскве. «Слоны с луны» змяшчае ў сабе вершы, казкі, скарагаворкі і каламбуры. Трэба адзначыць, што некаторыя з іх ужо пакладзены на музыку, як, напрыклад, верш «Смехапад».
На мерапрыемстве прысутнічалі вучні 1-2 класа 120 школы г. Мінска. Пісьменнік прыцягваў іх увагу загадкамі і вершамі. Пасля заканчэння мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі набыць кнігі Уладзіміра Мазго, а таксама атрымаць аўтограф ад аўтара.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/tags/fotarepartazh