Запаветныя рубяжы ў тысячу тон намалочанага і перавезенага збожжа ў канцы мінулага тыдня пакарыліся экіпажу гаспадаркі «Савецкая Беларусія» — філіялу ААТ «Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў». «Тысячнікі» жніва — камбайнер Уладзімір Дарафей і вадзіцель Ігар Цыцараў — літаральна ў полі прымалі віншаванні і падарункі ад старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко.
Імправізаваная сцэна для ўшанавання лідараў жніва разгарнулася на хлебнай ніве каля аграгарадка Заспа, што ў Рэчыцкім раёне. Камбайнер Уладзімір Дарафей першую ў рэгіёне тысячу тон збожжа новага ўраджаю намалаціў на новенькім газаматорным камбайне GS-4118K з гомельскай прапіскай. Адкрыў адлік ужо на другую тысячу тон перавезенага збожжа новага ўраджаю — вадзіцель МАЗ-5551 Ігар Цыцараў.
Падтрымаць аграрыяў, што цяпер на перадавой жніва, у поле прыехалі генеральны дырэктар ААТ «Гомсельмаш» Аляксандр Новікаў, старшыня Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксей Нявераў і лідар абкама Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Наўныка.
— Мая работа — гэта маё жыццё. Ні дня не было такога, каб я засумняваўся, каб хацелася пайсці ў іншае месца. На работу заўсёды іду з пазітывам, — коратка расказаў камбайнер гаспадаркі «Савецкая Беларусія» Уладзімір Дарафей.
Некалькі соцень метраў на камбайне побач з першым «тысячнікам» Гомельшчыны праехаў і кіраўнік рэгіёна Іван Крупко.
— У вашых мазольных руках — харчовая бяспека краіны, — звяртаецца да байцоў жніва старшыня аблвыканкама. — З улікам ста новых камбайнаў, якія цяпер атрымаем, іх будзе задзейнічана тысяча, больш за тысячу машын — на адвозцы хлеба. Калі ў тандэме ўсё дакладна працуе — уборка, адвозка, дапрацоўка збожжа, што кладзецца ў засекі, у дзяржзаказ, для забеспячэння жывёлагадоўлі, — зробім своечасова, — матывуе аграрыяў Гомельшчыны губернатар.
Высокія тэмпы ўборачнай паказваюць гаспадаркі Добрушскага, Брагінскага раёнаў. Сярод традыцыйных перадавікоў жніва — ААТ «Калінінскі» Добрушскага раёна, дзе ўшанавалі тры экіпажы камбайнераў-тысячнікаў і столькі ж «тысячнікаў»-вадзіцеляў. Гаспадарка — лідар свайго раёна не толькі па колькасці хлебаробаў, якія перасягнулі тысячны рубеж па ўборцы і адвозцы збожжа ад камбайнаў, але і намалоце хлеба новага ўраджаю. Дарэчы, менавіта камбайнеры акцыянернага таварыства «Калінінскі» летась на абласных «Дажынках» заваявалі ўсе дыпломы ў адной з намінацый за дасягненні на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Лідары гаспадаркі — Сяргей Белавусаў, Пётр Самойленка і Мікалай Варганаў — тады паказалі ўражальны агульны вынік: больш чым шэсць тысяч тон намалочанага хлеба.
— Працуем, працуем і працуем. З раніцы выязджаем усе разам. Дух спаборніцтва ёсць, але працуем без зайздрасці, сумленна, — падзяліўся камбайнер-»тысячнік» Мікалай Варганаў.
Пра больш як дваццацігадовую працу за штурвалам камбайна расказаў і старшы камбайнер ААТ «Калінінскі» Пётр Самойленка: «Асабісты рэкорд разам з кукурузай — больш як 3 тысячы тон. Ніколі менш за 2 тысячы тон не намалочваў».
Гэтымі днямі адлік «тысячнікаў» на адвозцы зерня адкрылі хлебаробы ААТ «Чамярыскі» Брагінскага раёна. Гэтая гаспадарка лідзіруе ў раёне па тэмпах жніва. Запаветны рубеж у тысячу тон перавезенага збожжа трэці год запар на рахунку Канстанціна Алішэўскага. Малады вадзіцель — сярод лідараў адразу ў двух заліках — агульным і сярод моладзі.
Між тым зараз на Гомельшчыне завяршаецца ўборка азімага рапсу. Восем раёнаў поўнасцю разлічыліся па здачы ў лік дзяржзаказу насення гэтай культуры. Гаспадаркамі рэгіёна убрана трэць плошчаў збожжавых каласавых: сярэдняя ўраджайнасць на 2 цэнтнеры з гектара вышэйшая за леташні паказчык.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/ivan-krupko
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo-2022