Кітай настойліва заклікаў ЗША і Японію не палітызаваць і не ператвараць у зброю гандлёва-эканамічныя і навукова-тэхнічныя пытанні, не выкарыстоўваць іх для празмерна шырокай трактоўкі паняцця бяспекі, а таксама не накіроўваць сваю дзейнасць супраць трэціх бакоў і не падрываць іх інтарэсы, тым больш не правакаваць раскол і канфрантацыю пад выглядам супрацоўніцтва і дыялогу. Афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Чжаа Ліцзянь зрабіў такую заяву сёння падчас чарговага брыфінгу для журналістаў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» [3].
Як вядома, 29 ліпеня дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, міністр гандлю Джына Райманда і іх калегі з Японіі — міністр замежных спраў Есімаса Хаясі і міністр эканомікі, гандлю і прамысловасці Каіці Хагіуда — правялі першую міністэрскую сустрэчу амерыкана-японскай кансультатыўнай камісіі па пытаннях эканамічнай палітыкі ў фармаце «2+2». Блінкен сказаў, што бакі абмяркоўвалі Кітай і яго «палітыку эканамічнага прымусу», якая, на іх думку, супярэчыць адкрытай, інклюзіўнай, заснаванай на правілах міжнароднай эканамічнай сістэме.
Чжаа Ліцзянь у адказ заявіў, што Кітай заўсёды прытрымліваецца прынцыпаў адкрытасці, інклюзіўнасці, узаемнай выгады і агульнага выйгрышу, садзейнічае пабудове сусветнай эканомікі адкрытага тыпу і дзеліцца магчымасцямі развіцця з іншымі краінамі. «Кітай ніколі не ўмешваецца ў чужыя справы, не развязвае гандлёвых войнаў, не прымушае і не прыгнятае замежныя кампаніі», — адзначыў дыпламат.«Аднак ёсць мноства прыкладаў эканамічнага прымусу з боку ЗША. Эканамічныя санкцыі, тэхналагічная блакада, прыгнёт замежных прадпрыемстваў і гэтак далей — Злучаныя Штаты не грэбуюць ніякімі з пералічаных сродкаў. Іх мэта — захаваць уласную эканамічную гегемонію. Гэта не толькі супярэчыць асноўным законам рынку , але і парушае правілы міжнароднага гандлю», — падкрэсліў Чжаа Ліцзянь.
Па іроніі лёсу, сама Японія з’яўляецца ахвярай эканамічнага прымусу з боку ЗША, зазначыў ён. З 1980-х гадоў ЗША неаднаразова ўводзілі эканамічныя санкцыі супраць Японіі, рознымі спосабамі душылі канкурэнтаздольныя галіны японскай прамысловасці і нават спрабавалі правесці «хірургічную аперацыю» на эканамічнай структуры Японіі, што з’яўляецца хрэстаматыйнымі прыкладамі эканамічнага прымусу, заўважыў Чжаа Ліцзянь. «Чаму японскі бок пакутуе на выбарчую амнезію і слепа падпарадкоўваецца ЗША? Гэта выклікае здзіўленне», — дадаў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya