Па выніках мінулага года Беларусь знаходзіцца ў топавай тройцы краін Усходняй Еўропы па экспарце камп’ютарных паслуг краін — членаў ААН. Пры гэтым экспарт камп’ютарных паслуг на душу насельніцтва ў краіне летась павялічыўся на 20 % і склаў 320 долараў, паведамляецца на сайце Парка высокіх тэхналогій (ПВТ). Сумарны экспарт паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) у 2021-м дасягнуў 3,2 млрд долараў.
Статыстычныя даныя былі агучаны падчас канферэнцыі ААН па гандлю і развіццю (ЮНКТАД — ад англ. United Nations Conference on Trade and Development). У межах асобнай краіны параметр экспарту камп’ютарных паслуг характарызуе ўзровень развіцця IT-сектара і яго значнасці для нацыянальнай эканомікі. Па выніках 2021-га гэты паказчык на душу насельніцтва ў Венгрыі склаў 276 долараў, Польшчы — 266, ЗША — 135, Паўднёвай Карэі — 156, Японіі — 75, Расіі — 44, Грузіі — 35 долараў.
ЮНКТАД змяшчае дакладныя статыстычныя даныя, неабходныя для аналізу міжнароднага гандлю, эканамічных тэндэнцый, знешніх фінансавых рэсурсаў, гаворыцца на сайце ПВТ. Канферэнцыя — орган Генеральнай Асамблеі ААН, асноўныя задачы якой — садзейнічанне развіццю міжнароднага гандлю, выпрацоўка рэкамендацый і механізмаў функцыянавання сучасных міжнародных эканамічных стасункаў, удзел у каардынацыі дзеянняў ў галіне эканамічнага развіцця гаспадарчых сувязяў і падтрымкі міжнароднага гандлю.
Нагадаем, што найбуйнейшым пастаўшчыком камп’ютарных паслуг у Беларусі з’яўляецца Парк высокіх тэхналогій, са стварэннем якога краіна атрымала развітую індустрыю распрацоўкі камп’ютарных праграм, якую даўно ведаюць не толькі ў рэспубліцы, але і за межамі. На долю Парка прыходзіцца каля траціны ўсяго экспарту паслуг краіны, і цягам апошніх гадоў у аб’ёме экспарту паслуг павялічваецца доля камп’ютарных. Галоўнай задачай ПВТ застаецца стварэнне аптымальнага асяроддзя для развіцця кампаній, дзейнасць якіх звязаная з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/pvt
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekspart
[5] https://zviazda.by/be/tags/ikt