Турыстычны маршрут па слядах самага высокага чалавека ў свеце знаходзіцца ў Віцебскім раёне і праходзіць праз знакавыя аб'екты, звязаныя з Фёдарам Махновым. Карэспандэнт газеты выправілася ў вандроўку па слядах велікана разам з юнымі краязнаўцамі.
Фёдар Махноў, які нарадзіўся ў вёсцы Касцюкі, даўно стаў брэндам Віцебскага раёна. Пацвярджэннем гэтага факта з'яўляецца абласны фэст вулічнага мастацтва «Волаты Прыдзвіння», які адбыўся ў чэрвені ў аграгарадку Кіраўская і сабраў звыш 400 удзельнікаў. Сёлета па ініцыятыве Віцебскага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і раённага гісторыка-краязнаўчага музея быў створаны экатурыстычны маршрут «Сцежка Велікана». Гэта аўтамабільны, веласіпедны і пешы маршруты, якія праходзяць праз мясціны, звязаныя з жыццёвым шляхам беларускага Гулівера. Стваралі сцяжыну талакой: рупліва працавалі мясцовыя сельвыканкамы, установы і арганізацыі раёна.
«Гэты экскурсійны маршрут распрацаваны з мэтай папулярызацыі ўязнога турызму і патрыятычнага выхавання насельніцтва. Сіламі кіраўніцтва раёна і мясцовых энтузіястаў створаны мост праз раку Заронаўка, пляцоўка для адпачынку з альтанкай. Адметнасцю праекта з'яўляецца экалагічны напрамак: для гэтага спецыялісты лясгаса на ўсім маршруце размясцілі птушыныя домікі, каб назіраць за ляснымі жыхарамі, і аглядавую вышку ў выглядзе крэсла Махнова. У перспектыве — стварэнне аўтэнтычнага вадзянога млына і сядзібы-музея беларускага волата», — расказаў старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін.
Выправіцца ў вандроўку па новым маршруце мяне запрасілі юныя краязнаўцы комплекснага музея «Гісторыя Заронаўскага краю», для якіх вывучэнне гісторыі малой радзімы — прыярытэтны напрамак выхавання. Вёска Заронава знаходзіцца побач з Касцюкамі — радзімай Махнова, у музеі створана асобная экспазіцыя, прысвечаная волату-земляку. У ёй не толькі гістарычныя звесткі, але і рэпрадукцыі адзення Фёдара Андрэевіча: рукавіца на далонь памерам 32 сантыметры і хатні тапачак даўжынёй 51. Па некаторых звестках, у абутку велікана магло схавацца дзіця, а яго вясельны пярсцёнак налазіў на тры пальцы звычайнага мужчыны. Існуе і такі факт, што падчас шматлікіх цыркавых гастроляў каронным нумарам Махнова было падняцце драўлянай платформы з аркестрам з трох чалавек. Нягледзячы на незвычайную сілу і ўменне закручваць у вузел жалезныя пруты, велікан характар меў добры і вясёлы, любіў граць на гармоніку. Разам з захавальнікамі музейных каштоўнасцяў Людмілай і Станіславам Нікіцінымі мы на аўтамабілях выправіліся ў краязнаўчае падарожжа.
Першым прыпынкам на маршруце стала мястэчка Пабядзіншчына, дзе захаваліся рэшткі млына, на якім працаваў волат. Валодаючы надзвычайнай сілай і вялікім ростам — 285 сантыметраў, — Фёдар Андрэевіч працаваў тут: расчышчаў рэчку ад валуноў. Недалёка ад млына знаходзіцца «Жураўліная вышыня» — брацкае пахаванне. Тут знайшоў свой апошні прытулак Герой Савецкага Саюза Уладзімір Паўлавіч Краеў, імя якога носіць Старасельская школа Віцебскага раёна. Назва гэтага месца ў полі абрана невыпадкова: калі пошукавікі вялі пад'ём астанкаў байцоў, над імі праляцеў клін белых жураўлёў.
Едзем далей — наперадзе над залацістым пшанічным полем узвышаецца драўлянае крэсла. Гэта аглядная вышка, створаная Віцебскім лясгасам для назірання за наваколллем, служыць для турыстаў цікавай лакацыяй для памятных фота. А паназіраць і праўда ёсць за чым: поле, акружанае з абодвух бакоў лесам, з'яўляецца ўлюбёным месцам казуль. Тым больш што з вышыні чатырох метраў адкрываецца дзівосны від на прыдзвінскія прасторы.
Спыняемся на наступным прыпынку. Рэшткі асабістага млына Фёдара Андрэевіча тонкай стужкай абвівае рачулка. Спускаючыся да яе, заўважылі лася, які прымаў водныя працэдуры, але, запрыкмеціўшы нас, уцёк. Такая тут цішыня... Яе парушаюць толькі надакучлівыя камары. Пасля заканчэння цыркавой дзейнасці волат вярнуўся ў Касцюкі, стаў займацца сельскай гаспадаркай. Ажаніўся з настаўніцай Ефрасінняй Лебедзевай, у сям'і нарадзілася пяцёра дзяцей. Непадалёку ад гэтага недабудаванага млына знаходзілася яго вялікая сядзіба, Махноў стварыў для сябе нават іпадром.
Праходзім па новым мосце праз рэчку. Раней перайсці яе можна было толькі ўброд — неглыбока, але не вельмі зручна, — зараз кожны ахвотны можа без абмежаванняў прайсці да грамадзянскіх могілак. Чаму туды? Там сярод шматлікіх пахаванняў вылучаецца магіла Фёдара Махнова: вялікі пагорак, абкладзены валунамі, з надмагільнай плітой, на якой пазначана, што тут пахаваны самы высокі чалавек у свеце. Па афіцыйных звестках, велікан памёр у 34 гады ад таго, што застудзіў ногі, працаваўшы на рацэ. Калі вучоныя праводзілі эксгумацыю, не знайшлі дзвюх костак. Магчыма, яны засталіся ў зямлі, а можа, з-за спецыфічнага ўзросту яны трансфармаваліся яшчэ пры жыцці Махнова. Падчас Вялікай Айчыннай вайны астанкі бясследна зніклі, але некаторыя крыніцы сведчаць, што зараз яны знаходзяцца ў прыватнай калекцыі ў Германіі.
Скончылася наша вандроўка на пляцоўцы для адпачынку, дзе арганізатары праекта збудавалі драўляную альтанку, вялікі стол і адлілі з бетону сляды волата ў натуральны памер. Падчас абеду на свежым паветры дзяліліся сваімі яркімі ўражаннямі і будавалі планы на наступныя падарожжы, бо ў летні перыяд гэта добрая традыцыя ў мясцовых краязнаўцаў. Нават спякота, бездарожжа і згублены нумар аўтамабіля не пагоршылі бадзёры турыстычны настрой. Па ініцыятыве раённага музея каля кожнага аб'екта ўсталявана дошка з апісаннем і QR-код, перайшоўшы па якім можна азнаёміцца з гістарычнымі звесткамі ў віртуальным фармаце.
Тым, хто таксама захоча праехаць па «Сцежцы Велікана», варта зазірнуць у музей Старасельскай школы. Там сабраны багаты архіў аб жыцці віцебскага Гулівера і захоўваюцца рэшткі яго ложка. Майстар-каваль, у якога бацька Фёдара заказваў ложак для сына, зрабіў яго на 24 сантыметры меншым, чым было трэба. Усе жыццё да самай смерці асілак спаў менавіта на ім, падстаўляючы пад ногі табурэт. Дырэктар музея Маргарыта Юшкевіч больш за 40 гадоў збірае звесткі пра знакамітага земляка, яна выдала сваю кнігу «Легенда аб велікане з вёскі Касцюкі» і можа расказаць турыстам шмат цікавага.
Абласны фестываль «Волаты Прыдзвіння», прысвечаны самаму высокаму чалавеку ў свеце, штогод збірае цыркавых артыстаў розных жанраў, працягваючы на Віцебшчыне справу велікана. У свяце ахвотна прымае ўдзел унучаты пляменнік волата Якаў Мартынаў. «Сцежка Велікана» — вялікі крок да папулярызацыі турызму і даніна памяці славутаму земляку, які зрабіў прыдзвінскі куток вядомым ва ўсім свеце.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-gvozdzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[6] https://zviazda.by/be/tags/vandrouka