Неабходна максімальна эфектыўна забяспечыць уборку цукровых буракоў і іх перапрацоўку. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час наведвання Гарадзейскага цукровага камбіната, перадае [2] БелТА.
«Менш чым праз месяц настае галоўны этап для буракаводаў і перапрацоўшчыкаў — сезон масавай уборкі цукровых буракоў. Цяпер узровень экспартных цэн на цукар склаўся на сапраўды салодкім узроўні. Ад рэалізацыі на ўсіх заводах атрыманы прыбытак. У такіх умовах важна не запаволіцца і максімальна эфектыўна забяспечыць уборку цукровых буракоў і яе перапрацоўку», — сказаў Раман Галоўчанка.
Сёння разглядаецца пытанне аб гатоўнасці цукровых камбінатаў, разліках на ўраджай, чаканых эканамічных параметрах цукровай галіны і прадпрыемстваў перапрацоўкі. «Цукар — і сацыяльна значны прадукт, і экспартна арыентаваны, да таго ж ён важны для айчынных вытворцаў кандытарскіх вырабаў. Ва ўсіх рэгіёнах, дзе ёсць цукровыя завода, яны з’яўляюцца і горадаўтваральнымі прадпрыемствамі. Таму адпаведная ўвага падтрымцы галіны ўдзяляецца з боку дзяржавы», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
За апошнія гады праводзілася маштабная рэканструкцыя цукровых заводаў, якая значна палепшыла вытворча-тэхнічныя паказчыкі работы. «Разам з тым праблем таксама яшчэ нямала, становішча няпростае ў сувязі з высокай закрэдытаванасцю камбінатаў. Але сама па сабе крэдытная нагрузка не страшна, пры ўмове, калі грашовыя патокі дазваляюць гэту нагрузку абслугоўваць. Ёсць таксама праблема адносна абароту сродкаў», — адзначыў Раман Галоўчанка.
Урад прыняў адпаведныя меры. «Прадастаўлены гарантыі ў пагашэнні крэдытаў, выдадзеных для новага ўраджаю. Зменены спосаб рэгулявання цаны на цукар. Замацаваны сыравінныя зоны для цукраперапрацоўчых арганізацый», — звярнуў увагу кіраўнік урада.
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://www.belta.by/economics/view/golovchenko-neobhodimo-maksimalno-effektivno-obespechit-uborku-saharnoj-svekly-i-ee-pererabotku-516893-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/cukar
[5] https://zviazda.by/be/tags/garadzeya