Музеі — неад'емная частка гісторыі. Кожны раз, калі мы прыходзім сюды, адразу ж паглыбляемся ў падзеі мінулага, адчуваючы хуткі, бесперапынны ход часу. Без іх людзі даўно б ужо забыліся аб прыгажосці мінулага, узлётах і падзеннях нашых продкаў, іх памылках.
У сучасным свеце налічваецца каля ста тысяч музеяў, ды гэта лічба прыкладная. Аднак аднымі з самых цікавых, на мой погляд, з'яўляюцца школьныя.
У школе № 164 Ленінскага раёна сталіцы, дзе я вучуся, таксама ёсць свой музей, які мае назву «Ленінскі раён — учора, сёння, заўтра». Яго асноўны напрамак, якому прысвечаны ўсе экспанаты, — гэта, як няцяжка здагадацца, гісторыя нашага раёна. Кіраўнікі музея лічаць, што ведаць гісторыю свайго роднага дома гэтак жа важна, як і паважаць яго. Менавіта таму яны з радасцю расказваюць падрастаючаму пакаленню аб назвах вуліц, іх паходжанні, аб знакамітых людзях раёна і іх дасягненнях.
— Адкрыццё музея адбылося 1 сакавіка 2019 года, аднак ідэя яго з'яўлення з'явілася яшчэ ў 2012 годзе. Тады пачаўся збор першых экспанатаў. Настаўнікі і вучні прыносілі ў школу самыя разнастайныя рэчы. З іх былі сфарміраваны сем тэматычных калекцый: прамысловасць, адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне раёна, макет, ваенныя гады, культура, адукацыя і спорт. На дадзены момант у нашым музеі налічваецца агулам 238 экспанатаў. Калі раней інфармацыя падавалася ў экспазіцыі ў большай ступені праз розныя дакументы, дык цяпер з'явіліся элементы інтэрактыву. Напрыклад, асаблівую ўвагу ўдзялялі раздзелу аб культуры. Тут прадстаўлены макет сцэны, цацкі з лялечнага тэатра, афішы, рэкламныя плакаты і шмат чаго іншага, — расказвае кіраўнік музея настаўніца гісторыі Наталля Уладзіміраўна Дрозд. — «Жамчужынамі» калекцыі можна лічыць падарункі знакамітых асоб і не толькі. Напрыклад, падзячны ліст за подпісам маршала Ракасоўскага па праве лічыцца адным з найважнейшых экспанатаў, як і карціна «Смак гарачай бульбы», якая дасталася ў падарунак ад Уладзіміра Фёдаравіча Чарнышова. Не менш значнымі для музея з'яўляюцца карціна Хруцкага «Хлопчык у капелюшы», ордэнская кніжка Бычкова, фатаграфія панарамы Кёнігсберга перад пачаткам наступлення, падручнік «Курс фізікі» 1940 года, руска-нямецкі слоўнік 1939 года і металічная ступка з таўкачыкам 1943 года. Узнагароды ў нашага музея ёсць пакуль толькі за даследчыя работы, аднак мы ўпэўненыя, што ў будучыні з'явяцца і іншыя!
Экскурсіі ў музеі праходзяць часта, асабліва на канікулах. Яго наведваюць не толькі вучні, але і ветэраны, мастакі Беларусі, прадстаўнікі адміністрацыі раёна, розных арганізацый, напрыклад «Белай Русі» і іншыя.
Акрамя экскурсій, у музеі арганізуюць сустрэчы з цікавымі людзьмі. Раней пастаяннымі гасцямі былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Браніслаў Віктаравіч Карпенка, Уладзімір Аляксандравіч Караленка, Іван Аляксеевіч Рэдэм і мастак-сцэнарыст Уладзімір Фёдаравіч Чарнышоў.
Актыўны ўдзел у жыцці школьнага музея прымаюць самі навучэнцы школы. Вучні не толькі з радасцю наведваюць яго, з цікавасцю слухаючы экскурсаводаў, але і самі праводзяць экскурсіі, прымаюць удзел у розных мерапрыемствах і конкурсах, звязаных з вывучэннем роднага краю і яго людзей. З-за вялікай цікавасці да гэтай справы і колькасці ахвотных кіраўніцтва школы на базе музея адкрыла аб'яднанне па інтарэсах «Юныя патрыёты».
Я таксама ўваходжу ў яго, захоўваю гісторыю і традыцыі Ленінскага раёна Мінска і нашай краіны ў цэлым. У музей я трапіла пасля таго, як заняла трэцяе месца ў раённым конкурсе патрыятычнай накіраванасці. У мае абавязкі ўваходзіць расказваць наведвальнікам пра тэму, за якую я адказваю, — гэта карціна Уладзіміра Фёдаравіча Чарнышова «Смак гарачай бульбы». Мне гэта вельмі падабаецца, як і тое, што пашанцавала стаць часткай школьнага музея. Я лічу, што трэба ведаць гісторыю нашага раёна, таму што гэта наш дом, і, вывучаючы месца, дзе мы жывём, мы, у першую чаргу, вывучаем саміх сябе і пачынаем шанаваць тое, што нас атачае.
Пра аўтара
Нашаму чарговаму юнаму карэспандэнту, як і большасці іншых удзельнікаў творчага конкурсу, 13 гадоў. Пра сябе Дар'я сціпла расказвае, што займаецца журналістыкай і ўдзельнічае ў гэтым конкурсе для таго, каб праверыць свае навыкі. Што датычыцца іншых хобі, дык дзяўчына, па яе прызнанні, захапляецца ігрой на гітары, вакалам і вывучэннем англійскай мовы, а таксама любіць чытаць розную літаратуру. Зрэшты, усё астатняе пра сябе яна выклала ў сваім матэрыяле.
У Год гістарычнай памяці маладзёжны дадатак «Чырвонка. Чырвоная змена» да найстарэйшага беларускамоўнага выдання «Звязда» сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі аб’явілі ўвесну творчы конкурс для школьнікаў і студэнтаў, маладых спецыялістаў пад назвай «Адзіная краіна — адзіны народ». Публікуем найлепшыя работы з тых, што паступілі (працяг будзе).
Дар'я ЧУПРЫНСКАЯ, выпускніца 7 класа СШ № 164 г. Мінска
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/taxonomy/term/80614
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/project/adzinaya-kraina-adziny-narod
[5] https://zviazda.by/be/tags/adzinaya-kraina-adziny-narod
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[7] https://zviazda.by/be/tags/god-gistarychnay-pamyaci