Уборачная кампанія ў разгары. Свае карэктывы ў яе ход уносяць дажджы, але як толькі каласы падсыхаюць, камбайнеры працягваюць жніво.
Нават маючы сучаснае абсталяванне, аграрыі і сёння шмат у чым залежаць ад капрызаў «нябеснай канцылярыі». Каб укласціся ў тэрміны, даводзіцца выкарыстоўваць добрае надвор'е па максімуме: працаваць па 16-18 гадзін у суткі, часцяком — і дзень, і ноч.
...Машына стаіць на полі, гатовая да работы. Памочнік камбайнера «наводзіць глянец» на матор камбайна.
— Сёлета складаныя ўмовы надвор'я — палегліца, волкасць. Непрасохлае зерне не заўсёды атрымліваецца вымалаціць якасна, могуць быць страты, а гэта недапушчальна. Таму чакаем, пакуль поле трохі прасохне, — тлумачыць камбайнер Сяргей Максімец.
— А калі зноў пойдзе дождж?
Сяргей коратка паглядае на хмурнае неба.
— Ну, тады давядзецца яшчэ пастаяць. А потым наганяць. Папрацуем ноччу, і ўсё паспеем у тэрмін.
Ён кажа, што нават любіць працаваць па начах:
— У камбайна выдатная ілюмінацыя: іголкі можна збіраць! Ноччу і матор ідзе лягчэй, і людзям не так горача, а то днём, бывае, не ратуе нават кандыцыянер. А калі вельмі стомішся — можна гадзінку падрамаць у машыне. Для гэтага і патрэбны памочнік: сядзе за штурвал камбайна, пакуль камбайнер адпачне.
Легкавая машына прыпаркаваная на краі поля, у ёй і адпачывае па чарзе экіпаж камбайна, калі работа зацягваецца далёка за поўнач.
У ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» Сяргей Максімец працуе на камбайне ўжо дваццаты сезон. Па яго словах, вопытны камбайнер бачыць поле і адразу вызначае, якія патрэбныя настройкі для ўборкі. Як бы ні развіваліся тэхналогіі, падчас жніва вырашальную ролю адыгрывае чалавечы фактар, тлумачыць ён: вопыт, талент і добрасумленнасць чалавека за штурвалам камбайна. Таму добрыя камбайнеры ў любой гаспадарцы — найкаштоўнейшы рэсурс.
— Прафесіяналізм камбайнера выяўляецца ў першую чаргу ў настройках камбайна. Розныя культуры, надвор'е, рэльеф поля, ураджайнасць патрабуюць розных настроек. Іх досыць шмат. Ёсць механічныя, ёсць дыстанцыйныя, што змяняюцца з кабіны.
У сучасных машынах цэлы шэраг працэсаў аўтаматызаваны і рэгулюецца камп'ютарам. Але вельмі многае па-ранейшаму робіцца, так бы мовіць, інтуітыўна, зыходзячы з вопыту і таленту чалавека.
— Нарасціць або зменшыць сіты ў залежнасці ад велічыні зерня, адрэгуляваць падбарабанне, наладзіць абароты матавіла пад хуткасць камбайна, — пералічвае суразмоўнік. — Дапусцім, на краі поля пшаніца радзейшая, а ў цэнтры каласы больш густыя... Хуткасць руху камбайна таксама змяняецца. А значыць, многія настройкі трэба карэкціраваць непасрэдна ў працэсе работы.
Калі ўсе опцыі выстаўлены правільна, гэта забяспечыць мінімальныя страты збожжа пры ўборцы.
— А ёсць паняцце «дапушчальныя страты»?
— Шчыра кажучы, няма. Пажадана, каб страт не было наогул, — кажа Сяргей. — Бо тое зерне, якое высыпецца ў полі, сабраць ужо немагчыма. Яно дастанецца птушкам.
Настроек у сучаснага камбайна мноства. Вядома, яны вывучаюцца ў каледжах, дзе рыхтуюць механізатараў для сельскай гаспадаркі. І ўсё ж галоўнае ў гэтай справе — вопыт і практычныя веды. Таму новыя, найскладанейшыя машыны давяраюць у першую чаргу класным камбайнерам. Сяргей працуе на «Палессі 2124» вытворчасці ААТ «Гомсельмаш». Кажа, чатыры дні, як сеў у яго кабіну.
— Да гэтага працаваў на старэнькім камбайне. Новая машына, вядома, мне падабаецца больш.
Сяргей кажа: адзіны мінус сучаснай, высокатэхналагічнай тэхнікі — тое, што сам, без сэрвіснай службы, «у яго не ўлезеш».
— На папярэднім камбайне я ўзяў малаток і зубіла — і сам нешта зрабіў. Такія простыя (праўда, таксама не зусім простыя) камбайны яшчэ ёсць у нашай гаспадарцы, хоць сёння іх амаль цалкам замянілі новыя.
А ў цэлым, адзначае ён, адчуванні — як быццам перасеў у новенькае аўто з машыны з вялікім прабегам.
— Але і мой стары камбайн быў вельмі нядрэнным, — дадае ён. — Наогул, дрэнных машын не бывае. Проста ў кабіне павінны быць добры пілот і штурман. Калі камбайн дагледжаны, правільна і якасна настроены, ён будзе нармальна працаваць.
«Пілот» — гэта камбайнер, «штурман» — яго памочнік. А разам яны — «экіпаж». Адкуль лётныя аналогіі?
— Не ведаю, так называлі і раней. Такая традыцыя.
Яшчэ адна традыцыя, якой ужо гадоў 80, — камбайнеры-»тысячнікі». У 1930—1940-я за кожную тысячу сабранага збожжа на камбайны клеілі зорачкі. У нашы дні «героям поля» даюць грашовыя прэміі і рознага кшталту заахвочванні.
Сёння паняцце «тысячнік» відавочна састарэлае, кажа Сяргей.
— Сезонная норма на сучасным камбайне — 2 тысячы тон. Так што, кажучы аб перадавіках, трэба казаць аб «пяцітысячніках», — распавядае ён. — Проста засталася назва. А наогул, каб зжаць вось гэтае поле, — суразмоўнік шырока абводзіць рукой прастор, дзе далёка-далёка чарнее палоска лесу, — сучаснаму камбайну патрабуецца ўсяго дні два.
Збожжа розных культур мае розную вагу — адно цяжэйшае, другое лягчэйшае. Адпаведна, на адной культуры атрымаецца хутчэй намалаціць тую ж «тысячу», чым на другой. Але поле або культуру камбайнер выбіраць не можа — куды адправіў аграном, там і працуеш. Сяргей ставіцца да гэтага па-філасофску.
— Камусьці ж трэба і «лёгкае» зерне ўбіраць.
Тым больш, тлумачыць ён, асаблівасці ўбраных культур улічваюцца пры налічэнні зарплаты, і крыўдзіцца няма на што. Існуюць расцэнкі па кожнай культуры. Даражэйшы за ўсё, напэўна, рапс: ён дробны, і жаць яго — карпатлівая праца.
Заробак камбайнера залежыць ад колькасці намалочаных тон і, зразумела, ад якасці, расказвае спецыяліст. А яшчэ — ад адсутнасці страт пры жніве і ад ураджайнасці.
— Ад танажу лічаць. Не вырасцілі — не атрымае і камбайнер. На саломе не заробіш. То-бок усе завязаныя адзін на аднаго ў сельскай гаспадарцы. Немагчыма такое, каб хтосьці працаваў адасоблена. У сельскагаспадарчай сферы заўсёды працуе каманда.
Калі каманда спрацавала добра, за сезон камбайнер зарабляе ў эквіваленце паўтары-дзве тысячы долараў. Але і працаваць даводзіцца літаральна да зносу.
— У нас кожны дзень — панядзелак, аж да зімы. Зімой нейкія выхадныя выпадаюць. Хоць калі, як мы жартуем, «гной у небяспецы»( з прыходам халадоў камбайнеры перасажваюцца на трактары і важная частка іх работы звязаная з нарыхтоўкай і ўнясеннем арганічных угнаенняў), даводзіцца і ў выхадныя выходзіць на работу.
Працоўны адпачынак у механізатараў зімой — гэта без варыянтаў. Сяргей кажа, на курорты не ездзіць: аддае перавагу паляванню.
— Узімку люблю на зайца хадзіць, — тлумачыць ён. — Наогул, звяр'я ў нас шмат: казулі, напрыклад, пастаянна выскокваюць перад жнаяркай, даводзіцца прытарможваць... А вось рыбалка — гэта не маё.
Па полі камбайн Сяргея рухаецца з хуткасцю 4,5 кіламетра ў гадзіну. Там, дзе пасевы радзейшыя, работа ідзе хутчэй, палегліца запавольвае ўборку, бо каласы спачатку трэба падняць. А наогул, гэта досыць высокая хуткасць — старэнькія камбайны «ходзяць» павольней, у сярэднім 3 км/г. З высокай кабіны (у яе трэба падымацца па доўгай, амаль вертыкальнай лесвіцы) машына чымсьці нагадвае карабель, а хлебная ніва, якую хвалюе вецер, падобная на мора.
Гэтым летам час ад часу даводзіцца спыняць работу і чакаць, пакуль поле падсохне. Але каб яно цалкам высахла — гэта вельмі доўга, расказвае Сяргей. Таму менавіта ў гэтую ўборачную кампанію ўсё залежыць у першую чаргу ад прафесіяналізму камбайнераў, ад іх умення правільна адрэгуляваць абсталяванне. У кабіне іграе радыё, але калі работа ў разгары, музыку камбайнеры выключаюць: трэба слухаць матор — па яго гуку дасведчаны механізатар вызначае, ці добра працуе машына. Уборка патрабуе пастаяннай увагі: камбайнер у асноўным глядзіць у жнаярку, каб каласы зразаліся акуратна, а сфера адказнасці памочніка — сачыць, каб за камбайнам не заставалася нязжатых палос або астраўкоў больш высока зрэзаных каласоў.
—»Чубоў» заставацца не павінна, — кажа Сяргей. — Усё павінна быць роўненька.
Добра прыбранае поле сапраўды роўнае — зверху, з кабіны, зрэзаныя на аднолькавай вышыні каласы падобныя на шэрстку рудога жарабяці і здаюцца мяккімі (на самай справе яны жорсткія, можна пакалоць ногі).
Высакакласных камбайнераў у вёсцы нездарма параўноўваюць з кваліфікаванымі спецыялістамі ІT-сферы ў горадзе — гэта таксама своеасаблівая эліта (у вялікім калектыве ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» іх усяго 17 чалавек). Гэтак жа — у асноўным прафесія маладых, таксама часта патрабуе работы суткамі напралёт і таксама высока аплачваецца. Да таго ж яна вымушае пастаянна вучыцца і ўдасканальваць свае веды. Сяргей распавядае, што для абыходжання з новай тэхнікай камбайнеры са стажам праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі (а маладых спецыялістаў гэтаму вучаць у прафесійных навучальных установах). І ўсё роўна «пакуль рукамі ўсё не паспрабуеш», пакуль не напрацуеш вопыт на пшаніцы, жыце, кукурузе, любыя веды не будуць практычнымі, падкрэслівае ён.
— Я не згодны, што камбайнер — прафесія маладых. Гэта прафесія тых, у каго да такой работы ляжыць душа. Мне падабаецца не толькі заробак камбайнера. Шчыра кажучы, мне проста вельмі падабаецца працаваць на камбайне. Ты робіш сапраўды патрэбную справу. Хоць падчас уборкі аб гэтым не думаеш. Проста імкнешся працаваць якасна і добрасумленна.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo-2022
[4] https://zviazda.by/be/tags/kambayner-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/uborachnaya